Воскресенье, 20 апреля 2025

Подводник Виктор Лихтарович проплывал через Бермудский треугольник

1 643

У савецкі час тэрміновая служба ў арміі не была абмежавана такімі цеснымі, як цяпер, тэрытарыяльнымі межамі. Многія беларускія хлопцы служылі на сопках Далёкага Усходу, у казахстанскіх стэпах, на мангольскай граніцы. І цяпер з задавальненнем расказваюць пра гэта сваім дзецям і ўнукам.

Жыхар Пружан Віктар Ліхтаровіч выконваў свой воінскі абавязак на Паўночным флоце, у якасці падводніка. Хто мог падумаць, што юнак з Жагалоў, дзе адзінай воднай прасторай з’яўлялася невялікая сажалка на ўскрайку вёскі, будзе баразніць акіян?

У вучэбным цэнтры горада маракоў Кранштадце Віктар атрымаў спецыяльнасць дазіметрыста. Гэта адбылося ў 1967 годзе. Што такое «атамныя рэактары» і «вымераць дозу» юнак упершыню пачуў менавіта тут, у вучэбцы. Такія звышсакрэтныя ваенныя аб’екты, як атамныя падводныя лодкі, тады яшчэ толькі пачалі з’яўляцца на ўзбраенні савецкага Ваенна-марскога флоту.

Віктар Іванавіч і цяпер памятае ўражанні ад першай сустрэчы з падлодкай. Адбылося гэта ў доку Кольскага заліва. Пяціпавярховая будыніна даўжынёй у 150 метраў уразіла сваёй велічнасцю. Як потым аказалася, не менш уражвала і яе баявая магутнасць: падлодка з атамнымі рэактарамі была аснашчана балістычнымі ракетамі.

Калі набіралі экіпаж, Віктар у ліку 150 падводнікаў сам вызваўся служыць у яго складзе. Першы паход у Атлантычны акіян адбыўся ў 1970-ым годзе. Юнак упершыню развітаўся з зямлёй на цэлыя тры месяцы.

Служба аказалася нялёгкай,— расказвае Віктар Іванавіч.— Замкнутая прастора. Пастаянна адна і тая ж работа. Адны і тыя ж людзі побач. Кропак, маючых сувязь з нашай падлодкай, было шмат па розных гарадах. Але зно-сіны з роднымі здараліся вельмі рэдка…

Тым не менш, пасля двух гадоў тэрміновай службы Віктар застаўся на звыштэрміновую. За 12 з паловай гадоў ён удзельнічаў у пяці такіх паходах. Акрамя таго, безумоўна, было і шмат кароткатэрміновых выхадаў у мора — на двое-трое сутак.

За гэты час Віктар Іванавіч шмат чаго пабачыў на свеце. Не з кніг і кінастужак ведае, што такое Баранцава (вядомая падлодка «Курск» выходзіла ў плаванне менавіта з іх базы), Карыбскае, Саргасава моры, плаваў да Афрыкі, на экватар, праз Бермудскі трохвугольнік, да Амерыкі, Кубы… З яго ўдзелам савецкія падводнікі пракладвалі сабе шлях да Амерыкі праз Паўночны полюс. На полюсе падлодцы было дазволена рэдкае ў такіх выпадках свята — усплыць. Увесь экіпаж выйшаў на палубу.

Якія ўражанні? Надзвычай свежае паветра! Гэта немагчыма перадаць словамі,— успамінае Віктар Іванавіч.

Пра сваю службу ён можа расказваць суткамі. Як падлодка трапіла пад абстрэл, як ліквідоўвалі працяканне ў рэактары і пажар, запускалі з-пад вады ракеты…

Аднойчы выйшлі са строю абодва  кампрэсары Sullair (аўтаномнае жыццязабеспячэнне экіпажа), якія выпрацоўваюць з марской вады кісларод. Паветра з кожнай мінутай станавілася ўсё больш цяжкім, а падводнікі — падобнымі на сонных мух. Стварылася су-р’ёзная небяспека і для экіпажа, і для самой падлодкі. Камандзір выклікаў мічмана: «Давай, Іванавіч, паспрабуй!..»
Віктар Іванавіч не любіць пра гэта расказваць. Ён увогуле чалавек сціплы, нешматслоўны. Ну, паадкручваў-пазакручваў што трэба. І ўсё-такі запусціў тыя кампрэсары. Так, няпроста было: мучыла слабасць ад недахопу кіслароду, цесната, перашкаджала барада («Трэба ж было яе якраз адгадаваць!»)…

Але ён быў малады, выдатна тэхнічна падрыхтаваны, і падлодка засталася жыць. За гэты подзвіг у мірны час Віктар Ліхтаровіч быў адзначаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

Яго вочы быццам набраліся колеру тых мораў і акіянаў, дзе мерала мілі пад вадой родная «К-219». Відаць, нездарма так чакала любая Сонечка свайго падводніка! Перад тым, як Віктару падпісалі кантракт на звыштэрміновую службу, яны пажаніліся. Дзіма нарадзіўся, калі маладыя прыехалі ў Жагалы ў водпуск. Радзіма Юлі — пасёлак Гаджыева Мурманскай вобласці. Жэнькі — Севераморск.

На заслужаны адпачынак Віктар Ліхтаровіч пайшоў у 34 гады. Тады яму можна было выбіраць для пражывання любы горад, акрамя Масквы і Ленінграда. Але на сямейным савеце выбралі Пружаны, дзе жылі бацькі…

Пасля службы Віктар Іванавіч яшчэ доўгі час працаваў (ну, які пенсіянер з 34-гадовага мужчыны?):  загадчыкам гаспадаркі у санэпідстанцыі, слесарам па рамонту аўтамашын на станцыі тэхабслугоўваня, вадзіцелем у ПМК-21…

А начамі яму і цяпер, здараецца, сніцца, што час збірацца ў паход. І быццам бы ён ведае, што там будзе вельмі цяжка без зямлі і родных, але тым не менш сэрца ахінае невыказная асалода ад сустрэчы з магутным акіянам…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *