Четверг, 5 декабря 2024

Подарков много не бывает. Дети из приюта принимали новогодние поздравления от неравнодушных пружанцев

1 318

Пра тое, як крочыць па краіне навагодняя акцыя «Нашы дзеці», расказваюць шмат — і ў газетах, і па тэлебачанні. На маю думку, такая папулярнасць цалкам апраўдана: гэта, бадай, адно з нямногіх дабрачынных мерпрапрыемстваў, з дапамогай якога не проста можна заахвоціць таленавітых і старанных у вучобе дзяцей, — яно сапраўды прыносіць карысць тым, каму так неабходна ўвага і дапамога.IMG_3810

Акрамя ранішнікаў — абласных і рэспубліканскіх, на якіх звычайна мае магчымасць пабываць і пружанская дзятва, асобная ўвага надаецца выхаванцам сацыяльна-педагагічнага цэнтра ў пасёлку Сонечны. Кіраўнікі шматлікіх арганізацый і прадпрыемстваў, проста неабыякавыя людзі пастараліся стварыць ва ўстанове сапраўдную казачную атмасферу. А што такое казка для дзятвы? Канешне, цуды і падарункі. Аднымі з першых «чараўнікоў», якія нагадалі, што набліжаецца Новы год, сталі намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама М.М.Серкоў, старшыня Пружанскага райвыканкама М.М.Крэйдзіч і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама І.А.Казарэз. Выхаванцы аддзялення сацыяльнага прытулку праводзілі гасцей са шчаслівымі ўсмешкамі на тварах і з рукамі поўнымі падарункаў. IMG_4835

Увогуле, навагоднія святы тут сустрэлі пад адным дахам 19 хлопчыкаў і дзяўчынак з сем’яў, якія трапілі ў спіс тых, што па розных прычынах знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы — злоўжываюць спіртным бацькі, антысанітарыя ў доме, парушэнне правілаў пажарнай бяспекі ў жыллі і іншыя. Дарослыя як маглі стараліся палепшыць знаходжанне ў гэтыя святочныя дні па-за сямейным колам. Напрыклад, валанцёры з Пружан і Новых Засімавічаў падрыхтавалі сцэнарый для ранішніка. За карагоды вакол ёлкі, вершы і песні казачныя персанажы шчодра адорвалі малых падарункамі. З дапамогай неабыякавых людзей не першы год выконвае дзіцячыя мары калектыў ФПР «Гандлёвы цэнтр»: мары дзятвы займець мяккую цацку, робата-трансформера, тапкі з вушамі і многія іншыя ўвасаблялі ў жыццё пакупнікі. Не пакінулі без салодкіх падарункаў супрацоўнікі РАУС, раённых аддзелаў дэпартамента аховы, Следчага камітэта, 210 авіяцыйнага палігона… Знайшлося прымяненне і канцылярскім таварам, і гігіенічным прыналежнасцям, і ёлачным цацкам і іншым навагоднім аздабленням, якія прэзентавалі госці з СШ №5, Параслянскай СШ, ваенкамата, райкама БРСМ. Безумоўна, не раз добрым словам у сацыяльным прытулку будуць успамінаць і ваеннаслужачых 181 асобнага батальёна аховы і абслугоўвання аэрадрома, раённае аб’яднанне арганізацый прафсаюзаў, ААТ «Пружанскі малочны камбінат», якія абрадавалі разнастайнымі тэх-нічнымі сродкамі. Акрамя таго, выхаванцам СПЦ былі ўручаны абноўкі, якія падарылі калектывы Брэсцкага панчошнага камбіната і выпраўленчай установы адкрытага тыпу №7 в.Куплін.

Некаторыя калектывы яшчэ і дапамаглі кіраўніцтву дзіцячай установы палепшыць быт выхаванцаў: малочны камбінат, напрыклад,  аплаціў устаноўку новага акна ПВХ, СТАА «Данон Пружаны» — пакупку мэблі ў дзіцячую спальню, аддзяленне ААТ «ААБ Беларусбанк» — пакупку камп’ютараў, райкам прафсаюза работнікаў АПК — бялізны. А работнікі ДЭУ-25 дапамаглі добраўпарадкаваць тэрыторыю… Дзеці з непадробнай удзячнасцю расказваюць пра ўсіх дарослых, якія, быццам сапраўдныя чараўнікі, задарылі іх падарункамі.

І тым не менш іх галоўную мару па сілах ажыццявіць зусім іншым людзям: падарыць шчасце жыць у сям’і могуць толькі бацькі.

Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *