Пераднавагоднюю акцыю праводзіць філіял райспажыўтаварыства «Гандлёвы цэнтр».
— Мы вырашылі паспрабаваць разам з нашымі пакупнікамі ажыццявіць хаця б некаторыя мары дзяцей, якія зараз знаходзяцца на выхаванні ў сацыяльным прытулку,— расказвае дырэктар універмага В.А.Яскунова (на здымку).
Зайдзіце ў магазін «Дзіцячы свет» і вы адразу ўбачыце навагоднія ёлачкі, упрыгожаныя «дзіцячымі марамі». Побач стаіць куфар, у які і трэба складваць падарункі.
Напрыклад, трохгадовая Насця Бельская папрасіла ў Дзеда Мароза ляльку Барбі, а Насця Лісіцкая, якой пяць гадоў, марыць аб бліскучай сумачцы. І такіх жаданняў каля двух дзясяткаў: альбомы, рознакаляровыя алоўкі і фламастары, машынкі, лялькі… За навагодняй мітуснёй такія жаданні могуць здацца дробяззю. Але ажыццяўляць дзіцячыя чаканні — самае галоўнае задавальненне нашага жыцця. За адзін дзень у куфры з’явіліся шэсць падарункаў.
— Мы таксама запрашаем удзельнікаў напісаць маленькім выхаванцам прытулку некалькі святочных пажаданняў,— гаворыць Вольга Аляксандраўна.— Калі збяром неабходную колькасць падарункаў, то завязем усё да Новага года або да Каляд.
Ці змогуць пружанцы ажыццявіць дзіцячыя мары? Хочацца верыць, што нашы сэрцы яшчэ адкрытыя дабру і спагадзе.
Алег Сідарэнка, Аляксандр Мелеш (фота).