Воскресенье, 20 апреля 2025

Пишите письма разборчивым почерком. Сортировать корреспонденцию начинают машины

1 536

У параўнанні з развіццём іншых магчымасцей па дастаўцы інфармацыі, у тым ліку з дапамогай інтэрнэту, традыцыйнае пісьмо, напісанае рукой і ўкладзенае ў канверт, па-ранейшаму не спісваецца з рахунку. Аднак і ў гэтай сферы паступова ўкараняюцца новыя тэхналогіі. Аб гэтым гутарка нашага карэспандэнта з начальнікам раённага вузла паштовай сувязі Г.Л.Бондар.

— Галіна Леанідаўна, каб пераканацца ў перспектывах паштовай сувязі, раскажыце, калі ласка, ці карыстаюцца людзі яе паслугамі.

— Штомесяц праз нашу сістэму пружанцы пасылаюць звыш 110 тысяч пісьмовых адпраўленняў, гэта прыкладна па тры тысячы пасланняў у дзень. І гэта толькі, падкрэслю, пісьмовая карэспандэнцыя, таму што праз сістэму яшчэ праходзяць пасылкі, бандэролі.

Можна ўявіць, які аб‘ём работы даводзіцца выконваць у Мінску, куды сцякаюцца ўсе адпраўленні. Каб аблегчыць працэс сартавання карэспандэнцыі, а таксама паскорыць працэс адпраўлення пісьмаў, было вырашана мадэрнізаваць яго пры дапамозе спецыялізаванай аўтаматызаванай сартавальнай машыны.

— Якім чынам цяпер будзе ажыццяўляцца сартаванне?

— Гэта машына замяняе працу дзесяці работнікаў: з такой хуткасцю яна працуе. Атрымліваецца, што работа будзе паскорана ў тры, а то і болей разоў. Спецыяльнае ўстройства счытвае адрас і накіроўвае адпраўленне ў асобны адсек, адкуль потым карэспандэнцыя вымаецца.

— Магчыма, цяпер хуткасць дастаўкі пісьмаў паскорыцца?

— У гэтым працэсе задзей-нічаны многія іншыя службы, асобная роля належыць дастаўцы,  дзе задзейнічаны паштальёны. У гэтай справе пакуль ніхто не прыдумаў выключыць чалавечы фактар. У пэўнай ступені працэс паскорыцца, але галоўнае, што павялічыцца  дакладнасць дастаўкі.

— Як пацвердзіла правя-дзенне першага цэнтралізаванага тэсціравання ведаў, тэхніка пакуль можа чытаць толькі разборлівы почырк. Гэта тычыцца і паштовай сартавальнай машыны?

— Алгарытм работы сартавальнай машыны закладзены такім чынам, што спачатку счытваецца паштовы код, або індэкс, які потым параўноўваецца з адрасам. Калі выяўляюцца недакладнасці, то карэспандэнцыя накіроўваецца на ручное сартаванне. Відавочна, што правільнасць запаўнення радкоў канверта ўплывае на хуткасць апрацоўкі. Уверсе ўносяцца дадзеныя адпраўніка, а ўнізе адрас, куды і каму пісьмо павінна быць дастаўлена. Асабліва дакладна трэба запаўняць менавіта палі, куды ўносяцца звесткі: прозвішча, імя, імя па бацьку або назва юрыдычнай асобы, назва вуліцы, нумары дома, корпуса, кватэры, назва населенага пункта, паштовы індэкс. Прычым гэта павінна быць напісана менавіта ў такім парадку. Важнай складаемай лічыцца менавіта індэкс, таму, калі ён невядомы, то яго можна удакладніць у бліжэйшым аддзяленні сувязі або ў глабальнай сетцы http://www.belpost.by/info/zipcode/. Для запаўнення трэба выкарыстоўваць сіняе або чорнае чарніла і ніколі не скарачаць назвы.

— Галіна Леанідаўна, напэўна, ад нас ідзе шмат адпраўленняў і ў іншыя краіны?

— Так, і на працягласць іх дастаўкі адрасату паўплываюць многія фактары. Здараецца, адпраўшчыкі скардзяцца на тое, што пісьмо ідзе вельмі доўга. Справа ў тым, што беларуская пошта ажыццяўляе дастаўку толькі ў межах сваёй дзяржавы, далей уступаюць у працэс службы іншых краін. І трэба, каб надпісы на канвертах былі дакладнымі, асабліва калі карэспандэнцыя або дзелавая перапіска вядзецца з абанентамі тых краін, дзе роднай лічыцца іншая мова.

На міжнародных паштовых адпраўленнях трэба ўсе звесткі атрымальніка ўносіць на той мове, якой карыстаюцца ў да-дзенай краіне, або на адной з міжнародных моў — французскай або англійскай.

На міжнародных паштовых адпраўленнях трэба ўсе звесткі атрымальніка ўносіць на той мове, якой карыстаюцца ў да-дзенай краіне, або на адной з міжнародных моў — французскай або англійскай.

Вялікімі літарамі трэба пісаць назву краіны і населенага пункта, а потым абавязкова прадубліраваць і на рускай ці беларускай мовах: напрыклад, FRANCE (ФРАНЦЫЯ). Тое ж патрабаванне дзейнічае і для адраса адпраўшчыка: БЕЛАРУСЬ (BELARUS) і гэтак далей. Любая памылка або неакуратна напісаная літара ці лічба можа прывесці да таго, што пісьмо будзе накіравана на дадатковую апрацоўку або ўвогуле адпраўлена назад.

Гутарыў Алег Сідарэнка.

На здымку: на сартавальным участку РВПС таксама  ўстаноўлена спецыяльнае абсталяванне. Яго работу дэманструе начальнік участка Надзея Яўгенаўна Ласюк.

Фота Аляксандра МЕЛЕША.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *