Воскресенье, 13 июля 2025

Питерским юным хоккеистам нравится тренироваться в Пружанах

2 701

Кожную раніцу ў 7.30 раніцы ля Лядовага палаца пачынаецца трэніроўка юных санкт-пецярбургскіх хакеістаў з каманды “Лакаматыў”. Хлапчукі 2000 года нараджэння разам з трэнерам Андрэем Снятковым трэці год запар прыязджаюць у Пружаны, каб трэніравацца.Піцерскім хакеістам вельмі падабаюцца ўмовы, якія яны атрымліваюць у Пружанах. Трэнер сцвярджае, што Пружанскаму палацу маглі бы пазайздросціць многія расійскія клубы, мала  хто можа  пахваліцца такой сучаснай пляцоўкай. У Санкт-Пецярбургу большасць каткоў пабудавана яшчэ ў савецкія часы.

— У родным горадзе летам магчымасці трэніравацца амаль няма, ды і проста хочацца вывезці дзяцей за межы мегаполіса, — дзеліцца Андрэй Іванавіч. – У Пружанах акрамя выдатнага Палаца і спартыўнай пляцоўкі, нам вельмі падабаецца цішыня і спакой, нічога лішняга, нішто не адцягвае ад трэніровачнага працэсу. А гэта вельмі важна, бо мы праводзім тры трэніроўкі ў дзень.

— Магчыма і кошт арэнды лёду ды пражывання іграе не апошнюю ролю ў выбары месца трэніровак?

— На самай справе мы прыязджаем да вас выключна таму, што нам падабаюцца ўмовы. Так, арэнда тут таней, але ўсю розніцу ў грашах “з’ядае” дарагая дарога. Проста выдатна, што побач з Лядовым знаходзіцца шыкоўны Палац, мы можам толькі марыць аб такіх умовах для заняткаў спортам.Пражываем мы ў інтэрнатах каледжа, харчуемся ў кафэ “Алеся”.  У пакоях няма нічога лішняга, чым я як трэнер вельмі задаволены, нічога не адцягвае ўвагу хлапчукоў ад трэніровачнага працэсу.

— А хто займаецца фінансаваннем паездкі?

— Фінансуюць паездкі бацькі. Мала які клуб можа ўзяць фінансаванне поўнасцю на сябе. Таму за кошт бацькоў праходзяць нашы летнія трэніроўкі, пакупка амуніцыі, выезды на турніры. Дарэчы, вельмі часта мы прыязджаем на спаборніцтвы ў Беларусь, пабывалі ва ўсіх буйных хакейных гарадах. Гулялі мы і ў Фінляндыі, і ў Латвіі. Толькі з пружанцамі пакуль не спаборнічалі.

— Андрэй Іванавіч,  вашы выхаванцы вучацца ў звычайных школах ці спецыялізаваных?

— Хлопцы вучацца ў звычайных школах і дадаткова займаюцца ў не спецыялізаванай ДЮСШ. Трэніроўкі ў нас ідуць кожны вечар, раз на тыдзень збіраю хлопцаў і раніцай, перад школай.

— А не замінае хакей вучобе?

— Той хто хоча паспяваць, той паспявае. І наогул, той хто добрасумленна ставіцца да трэніровак, сабраны і дысцыплінаваны, той і добра вучыцца ў школе. Вось такая сувязь. Ды і прывычныя яны да шчыльнага раскладу дня, бо займаюцца хакеем  з 5-6 гадоў.

— Ці паспяваеце вы за трэніроўкамі  знаёміцца з Беларуссю?

— Кожны раз мы ездзім на экскурсіі. Вельмі ўразіла хлопцаў Брэсцкая крэпасць, весела правялі час у Белавежскай пушчы, наведалі вашага Дзеда Мароза. У нядзелю (інтэрв’ю адбылося напярэдадні) паедзем на гульню з брэсцкімі хакеістамі, а пасля пойдзем на экскурсію па горадзе. Прабудзем у Пружанах да 17 жніўня, думаю, паспеем наведаць “Палацык”.

Гутарыла Кацярына Пашкевіч.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *