Дзіцячая бібліятэка дае магчымасць не толькі пазнаёміцца з літаратурнымі творамі, але і рэальна пабачыцца з аўтарамі цікавых кніжак. Напрыклад, у красавіку з маленькімі чытачамі сустрэўся пісьменнік з Мінска Валерый Квілорыя.
В.Квілорыя амаль 20 гадоў супрацоўнічае з газетай «Зорька» і іншымі перыядычнымі выданнямі. Да таго ж займаецца выдавецкай справай. Піша казкі, апавяданні і аповесці для дзяцей. Безумоўна, вядомы многім юным чытачам яго аповесці, героямі якіх з’яўляюцца нястомныя фантазёры і сябры Шурка і Лерка.
Дзецям прадставілася магчымасць з першых вуснаў пачуць аб тым, як хлапчукі гулялі ў «Футбол на могілках», па якой прычыне быў «Бунт у талерцы», ці смачны «Снежны боршч» і як выглядае «Трынаццаты карась».
Пісьменнік пазнаёміў аўдыторыю са сваімі кнігамі, адказаў на пытанні чытачоў. Юныя чытачы змаглі набыць яго кнігі і сфатаграфавацца на памяць. Бібліятэцы аўтар падарыў некалькі сваіх кніжак, якія даступныя ўсім жадаючым.
Дарэчы, па выніках 2013 года, якія падводзіла Нацыянальная бібліятэка, Валерый Квілорыя быў прызнаны самым чытаемым дзіцячым аўтарам нашай краіны. Пісьменнік з’яўляецца лаўрэатам некалькіх літаратурных конкурсаў.
Вольга Дзімітруковіч.
Фота Сяргея Талашкевіча.