У грамадскай свядомасці беларусаў Першая сусветная вайна не стала самай вызначальнай падзеяй эпохі, таму што яна злілася ў адну шматгадовую паласу гора, смерцяў і хаосу, звязаную з наступнымі не менш жахлівымі падзеямі – рэвалюцыяй, грамадзянскай і савецка-польскай войнамі. Неад’емнай з’явай вайны 1914-1918 гг. на Беларусі было бежанства.
Першыя бежанцы з’явіліся вясной 1915 г., калі расійскія войскі пакінулі частку Поль-шчы. Часопіс “Современный мир” пісаў, што гэта былі “яўрэі, якіх высялялі пагалоўна”. Новая хваля перасяленцаў захіснула Беларусь летам 1915 г. Гэта стала вынікам няўдач царскай арміі, якая пры адступленні прымяняла тактыку “спаленай зямлі”, абапіраючыся на вопыт 1812 года – пакінуць праціўніку пустэчу. Улады загадвалі: беларускія вёскі, якія маглі трапіць у акупацыю, неабходна знішчыць, а насельніцтва і маёмасць – вывезці ў Расію.
Жыхар в. Грабняк (Польшча) Д. Ваўрашук успамінаў: “Некаторыя вёскі выехалі поўнасцю, іншыя засталіся. Рускія салдаты страшылі, што немцы малых дзяцей на штыкі падымаюць, а жанчынам грудзі адразаюць”. Гісторык А. Латышонак сцвярджае: “Войскі атрымалі загад эвакуіраваць не толькі мужчын…, але і ўсё насельніцтва з маёмасцю. Каб падштурхнуць людзей да бежанства, расійскія ўлады з дапамогай праваслаўных святароў праводзілі шырокую прапагандысцкую кампанію. З аднаго боку, яны апеліравалі да патрыятычных пачуццяў насельніцтва, з другога – распаўсюджвалі плёткі пра варварства немцаў. Пад уплывам чутак беларускія сяляне грузілі скарб на вазы і пакідалі вёскі, якія пасля падпальвалі казакі”.
Тым, хто нават пад прымусам адмаўляўся ісці з арміяй, стваралі невыносныя ўмовы. На ўсіх дарогах былі выстаўлены армейска-паліцэйскія дазоры, “каб бежанцы рухаліся на ўсход, не маючы магчымасці заставацца ў паселішчах, якія мінаюцца”. У выніку вялікая лавіна людзей рушыла на ўсход у “цярністы шлях бежанцаў, які быў усеяны дзясяткамі тысяч драўляных крыжоў”, як пісала газета “Северо-Западное слово”.
Летам 1915 г. Беларусь стала вялікім лагерам бежанцаў, значная колькасць якіх знаходзілася на паўднёвым захадзе. У ліпені 1915 г. на ўчастку Кобрын – Пружаны – Баранавічы было каля 400 тыс. бежанцаў. Рух соцень тысяч людзей, нягледзячы на спробы ўладкавання, насіў неарганізаваны характар. Гро-дзенскі губернатар Шабека 15 чэрвеня 1915 г. тэлеграфаваў галоўнаўпаўнаважанаму па ўладкаванні бежанцаў Паўночна-Заходняга фронту Зубчанінаву: “Бежанцы прыбываюць у Гродзенскую губерню… З Кобрына яны накіраваны на Пінск і… Баранавічы; пэўная колькасць бежанцаў размешчана ў Кобрынскім, Пружанскім і Слонімскім паветах… На шляху бежанцаў і ў месцах іх рассялення абсталяваны пункты, на якіх Таццянінскім камітэтам, Саюзам земстваў і гарадоў сумесна з ваеннымі ўладамі аказваецца медыцынская і прадуктовая дапамога… Такія пункты ўладкаваны: …у Пружанскім павеце – у Пружанах, Сяльцы, Малечы, Картуз-Бярозе”.
4 ліпеня 1915 г. галоўны начальнік забеспячэння войскаў Паўночна-Заходняга фронту генерал Данілаў патрабаваў накіроўваць бежанцаў “не па чыгунцы”, таму што яны ствараюць перашкоды ваенным перавозкам, а “па звычайных дарогах у Кобрынскі і Пружанскі паветы”. У чэрвені спрабавалі прыпыніць высяленне, таму што яго не маглі кантраляваць. Бежанцы перашкаджалі спакою ў дзяржаве, сталі “сацыяльным порахам” – радыкальныя настроі знаходзілі водгук сярод сагнаных з месцаў людзей, якія пакутавалі ад беспрытульнасці, хвароб, голаду. Абвастрылася крымінальная сітуацыя. Але ў ліпені ўлады вярнуліся да татальнай практыкі высялення. Толькі 9 жніўня 1915 г. генерал Леш выдаў загад па 3-й арміі Паўднёва-Заходняга фронту, у якім вызначалася пяць накірункаў для праходу бежанцаў, сярод якіх: Кляшчэлі – Камянюкі – Белавежа – Пружаны – Ружаны – Слонім – Палоннае – Баранавічы і Высока-Літоўск – Камянец – Шарашова – Пружаны – Варажбіты – Картуз-Бяроза – Яглевічы – Чамялы – Мілавіды – Русіновічы.
22 чэрвеня 1915 г. праз Пружаншчыну праязджаў Мікалай ІІ: наведваў Белавежскую пушчу. Зыходзячы з дакументаў, стан бежанцаў не ўразіў імператара, нават смерць ад удару аўтамабілем яго аховы селяніна в. Свадзьбічы Пружанскага павета І.Сахарчука, які ехаў насустрач царскаму картэжу па шашы Гайнаўка – Белавежа – Пружаны (праўда, сям’і загінуўшага прызначылі пенсію). Аб гэтых фактах згадваюць афіцыйныя паперы, а ў дзённіку манарха запісана: “…сеў у матор і… накіраваўся праз Слонім, Ружаны і Пружаны ў Белавеж. …Праехаўшы ляснымі дарогамі каля 30 вёрст, выехаў на Пружанскую шашу і тым жа шляхам вярнуўся ў Стаўку”.
У той жа час пісьменнік К. Паустоўскі, які ў ліпені 1915 года быў у Пружанах, намаляваў жудасную карціну: “Дні цягнуліся ў цяжкіх баях… У шэрых і запыленых вёсках валяліся тыфозныя, ішло павальнае рабаванне… Дарогі рыпелі ад бежанскіх абозаў, ноччу палалі тысячы вогнішчаў… Больш за вярсту за мной бегла звар’яцелая баба, хапала за стрэмя і хацела пацалаваць боты. У яе памерла дзіця, загінула карова, а яе згвалтавалі салдаты…”.
С. Апельбаўм з Малеча пісаў: “Жах перад надыходзячым фронтам і акупацыяй выклікалі паніку. Пачаўся масавы псіхоз. Словы “немцы заб’юць” былі ва ўсіх на слыху. Людзі беглі. Дарогі былі забітыя абозамі бежанцаў, якія затрымлівалі і дэзарганізоўвалі адступленне арміі”.
Т. Асташэвіч з-пад Бельска апавядала: “Немец наступаў. Пачалі палохаць, каб мы ўцякалі. Наша сяло ўсё выехала. Мы зрабілі буду на возе, узялі поўную скрыню. Дарогамі і войска ехала, і бежанцы. Ехалі і ноччу, хоць вельмі хацелася спаць. Але са строю выйсці было нельга”.
Я. Зінюк сведчыў: “Калі перабраліся праз Белавежскую пушчу і пад Пружанамі даехалі да шашы, … убачылі бясконцы абоз бежанцаў. Чакалі да ночы, каб неяк уклініцца… Потым рушылі на Слонім. Каля шашы часта трапляліся магілкі…. Хтосьці пастаянна плакаў, крычаў, стагнаў. Усе хацелі як мага хутчэй вырвацца з гэтага пекла. …Не хапала ежы і корму жывёле. Прасілі, куплялі і так бралі…”.
Па дарозе на ўсход многія людзі згубілі сваіх родных. Газеты пастаянна друкавалі аб’явы падобнага кшталту: “Бабрук Іван, Гродзенскай губерні, Пружанскага павета, с. Шубічы, 45 год, праваслаўны, шукае свайго сына Андрэя 10 год. Апошні раз яго бачылі ў мястэчку Ражаны, Гродзенскай губ.” ці “Бабрук Ігнат, … с. Шубічы, 25 год, … шукае жонку Ірыну і сына Івана і дзвюх сясцёр Марыю 19 і Ганну 23 год…”.
Каштоўнай крыніцай з’яўляюцца ўспаміны Г. Урынскага, які апісаў Пружаны летам 1915 г.: “Многія жадалі ісці з рускімі, баючыся немцаў, аб якіх расказвалі жахлівыя гісторыі. У пачатку жніўня пачалася эвакуацыя. …За некалькі дзён да прыходу немцаў з’явіліся казакі. Іх камандзір заявіў, што падпаліць горад. Пасля таго, як казакі сталі палівать дамы газай, член камітэта прынёс ім 500 рублёў, і яны з’ехалі”. Але многія вёскі былі знішчаны. Урынскі сцвярджаў, што “гарызонт з усіх бакоў ад горада быў чырвоным ад палаючых вёсак”.
У Апельбаўма сустракаем: “Былі спецпадраздзяленні, якія палілі пакінутыя вёскі. Удзень дым лётаў у паветры, ноччу чырвонае полымя ўздымалася да неба”. Гэтыя факты дапаўняюць успаміны А. Куроўскай (в. Загор’е): “Адна з сем’яў, якая разам з іншымі адправілася з в. Росахі, недалёка ад’ехала – у воза зламалася кола. Сабраўшы дабро, людзі вырашылі вярнуцца. Калі ж яны дайшлі да Росахаў, убачылі, што вёску паляць казакі”. А вось аповед М. Мартынюка (в. Ліхачы): “Галодныя і хворыя бежанцы ў 1918 г. пачалі вяртацца з Расіі, …замест хат яны ўбачылі папялішча”.
Вялікія знішчэнні пацвярджаюць нямецкія дакументы: “Уся мясцовасць, па якой адступаў праціўнік, была нямым сведкам супраць падпальшчыкаў уласнага народа. Усюды, куды ні прыходзілі нашы войскі, яны знаходзілі пакінутыя людзьмі і жывёламі груды камянёў, на якіх то тут, то там тырчэлі коміны. Даволі рэдка трапляліся цэрквы, над якімі злітаваліся казакі”.
У той жа час грамадская думка Расіі апраўдвала тактыку “спаленай зямлі”. Часопіс “Современный мир” пісаў: “Разбураюць абодва бакі ўсё, што можна. Раён пераходзіць з рук у рукі. Выпальваем спачатку мы, а потым непрыяцель, а потым мы, а потым ізноў непрыяцель”.
Толькі 25 жніўня 1915 г. камандуючы Паўночна-Заходнім фронтам Аляксееў загадаў устрымлівацца ад прымусовага высялення і падпалаў. Але асноўная маса бежанцаў ужо рушыла на ўсход.
У выніку бежанства дзесяткі тысяч пружанцаў апынуліся ў розных губернях Расіі – Тамбоўскай, Самарскай, Саратаўскай, Калужскай, Уфімскай, Казанскай, Разанскай, Аранбургскай, Маскоўскай, Харкаўскай, Петраградскай, Екацярынаслаўскай, Пензенскай. На чужыне былі сем’і М. Засіма, Р. Шырмы, А. Аладавай, М. Забэйды-Суміцкага, А. Такарэўскага, І. Урбановіча і інш.
Абсалютную большасць бежанцаў складалі праваслаўныя. Католікі і яўрэі ў сваёй масе не паддаліся на заклікі аб перамяшчэнні ўглыб імперыі. Мясцовыя памешчыкі, інтэлігенцыя і ксяндзы рэкамендавалі католікам заставацца на месцы, кіруючыся польскімі дзяржаўнымі інтарэсамі, якія не вымагалі “пакідання сваёй зямлі з прычын змены акупанта”. Яўрэі таксама не хацелі высяляцца. Акрамя таго, летам 1915 г. выйшаў загад: яўрэяў заходніх губерняў пакідаць на месцы, паколькі іх знаходжанне ў карэннай Расіі “непажаданае”. Палітычная сітуацыя ў імперыі не спрыяла яўрэйскаму перасяленню: пагромы, антысеміцкія настроі, абмежавальныя законы і інш. Аб адносінах да бежанства пружанскіх яўрэяў расказаў К. Паустоўскі: “Мы ішлі праз Пружаны… Разам са Шчэпкіным пайшлі ў мястэчка, каб пагаліцца. …Яўрэй-цырульнік спытаў: “Не ведаю, што рабіць. Адныя кажуць, уцякай, таму што будзе бой і казакі падпаляць мястэчка, другія – сядзі, куды ты пойдзеш з малымі дзецьмі”. “Заставайцеся, — сказаў Шчэпкін. – Будзе бой – у склеп палезеце, а пойдзеце – усе памрэце.” …Пакой напоўніўся дзецьмі, старымі, пажылымі яўрэямі. Яны хваляваліся, крычалі… “Мы ўсе разам вырашылі не ўцякаць,” — пераклаў гэты шум цырульнік”.
Тое, што беларусаў-праваслаўных на акупаванай тэрыторыі засталося мала, пацвярджаў начальнік нямецкага Генштаба Э. фон Людэндорф: “Восенню 1915 г. я хацеў зарыентавацца ў размяшчэнні беларусаў. Спачатку іх… немагчыма было знайсці”. Паводле перапісу 1916 г., на нашых тэрыторыях пераважалі палякі і сяляне-католікі, якія гаварылі па-беларуску, але атаясамлівалі сябе з палякамі, і яўрэі.
Трэба адзначыць, што ва ўліку бежанцаў парадку не было. Наогул, бежанскае пытанне атрымала палітычную афарбоўку. Гэта тычылася этнічнага вызначэння перасяленцаў. Па дадзеных Тацця-нінскага камітэта, на 1 лютага 1917 г. колькасць бежанцаў з усіх франтоў складала 3 200 512 чал., сярод іх 1 726 068 рускіх, 513 434 палякі. Беларусаў не было за-фіксавана, таму што ўсіх праваслаўных запісалі як “бежанцаў рускай нацыянальнасці”. Але вядома, што ваенныя дзеянні на тэрыторыі этнічнай Расіі не вяліся. Крыніцы пералічваюць месцы, адкуль прыйшлі бежанцы, сярод іх Гродзенская губерня (Пружанскі павет у яе складзе) стаіць на першым месцы – 750 680 чалавек. Такім чынам, пытанне аб ліку бежанцаў да канца не высветлена. У. Ігнатоўскі пісаў, што “з Беларусі выехала каля 1 мільёна з палавінаю людзей”. М. Смальянінаў налічыў 1 млн. 300 тыс. чал. А. Латышонак сцвярджае, што ў 1916 г. у Расіі было 1,3 млн. чалавек з Беларусі, а ў маі 1918 г. – “амаль на мільён больш”. В. Скалабан спасылаецца на звесткі НКУС РСФСР 11 мая 1918 г. і называе лічбу 2 292 395.
Колькасць мігрантаў з Пружаншчыны вызначыць цяжка. Многа залежыць ад таго, якую тэрыторыю разглядаць – Пружанскі павет Гродзенскай губерні Расійскай імперыі, Палескага ваяводства Польшчы альбо раён Брэсцкай вобласці. Звычайна карыстаюцца звесткамі па Пружанскім павеце, які ўключаў частку сучаснага раёна, землі Бярозаўскага, Камянецкага, Кобрынскага раёнаў і Бельскага павета Польшчы. Калі зыходзіць з сучаснага падзелу, то, акрамя Пружанскага, трэба браць статыстыку па іншых паветах (Слонімскім і Ваўкавыскім Гродзенскай губерні, Белавежскім і Ваўкавыскім Беластоцкага ваяводства, Косаўскім Палескага ваяводства, Слонімскім Навагрудскага ваяводства).
У кнізе “Памяць” указана, што бежанцаў з Пружаншчыны было звыш 10 000 чал. Гэта лічба не можа адпавядаць праўдзе. Калі звярнуцца да звестак па Пружанскім павеце, вынікае, што ў 1897 г. у ім жыло 139 074 чалавек, а ў 1921 г. – толькі 64 393. Атрымліваецца, што за 16 год выбыла каля 54% (ва У. Ляхоўскага – 51,9%). У любым выпадку страты катастрафічныя – кожны другі жыхар павета!
Аўтары артыкула прааналізавалі дадзеныя па 248 населеных пунктах сучаснага Пружанскага раёна (з цяперашніх 252). Для гэтага былі параўнаны звесткі аб колькасці жыхароў з “Указателя населенным местностям Гродненской губернии 1905 г., 1911 г.” і “Указальніка мясцовасцей ІІ Рэчы Паспалітай за 1921 г.”. Такі падлік таксама паказаў страшныя вынікі. Так, вёскі Млынок, Шубічы і Яцы пасля Першай сусветнай вайны перасталі існаваць: у 1921 г. у іх не было жыхароў. Больш за 90% склала выбыццё ў Галоўчыцах і Араб’ях. Ад 71 да 85% скарацілася колькасць жыхароў у вёсках Вінец, Рапяхі, Вяжное, Папялёва, Касіншчына, Шакуны, Агароднікі, Лінова, Лібярполь, Ліхасельцы, Навадворцы, Труханавічы, Жабін, Бабінец, Еськаўцы, Астравок, Далкі, Замошша, Ківачына, Концыкі, Клетнае (Шаняўское), Шчытна, Сасноўка, Паддубна, Загалічы, Краснае; на 50-70% – у Абрубе, Асошніках, Бакунах Вялікасельскіх, Баярах, Бортна-вічах, Брадах, Бузунах, Буцьках, Варанілавічах, Верчыцах, Галенах, Гараднянах, Залессі, Кавалях, Казлах, Калазубах, Карасях, Козім Бродзе, Крыніцы, Кузявічах, Кутнявічах, Кушлях, Ласасіне, Лібіі, Ляўках, Магілёўцах, Манчыках, Мокрым, Мураве, Навасёлках (Сухопальскіх), Непамацынаўцы, Несцярках, Обечы, Палонным, Пацынічах, Песках, Пінянах, Прыкалесі, Семянчы, Сілічах, Скорцах, Сланімцах, Старунах, Стасюках, Стойлах, Тулоўшчыне, Харках, Чадзелі, Шаняўцах, Шэйпічах, Юндзілах.
Ва ўзгаданы перыяд у некаторых мясцовасцях назіралася павелічэнне насельніцтва. Гэта з’ява не была натуральнай, паколькі працэнт росту ў шэрагу населеных пунктаў непамерна вялікі і звязаны з бежанствам. Насельніцтва, якое засталося, перасялялася ў вёскі, якія захаваліся. Значны прырост назіраўся ў Асятніцы, Хомне, Кацёлках, Чахцы, Глыбанцы, Зяневічах, Выбрадах, Кабылаўцы, Цімахоўшчыне, Вішні, Роўбіцку, Лазоўцы, Зарэччы. Павелічэнне магло ісці за кошт каланістаў: у в. Перадзельск у 1921 г. з 277 жыхароў 266 былі католікамі (у 1905 г. жыло толькі 37 чал.).
У гарадах і мястэчках таксама адбыліся супрацьлеглыя працэсы. У Пружанах скарачэнне склала 22% (1905 г. – 8 130 чал., 1921 г. – 6 322). Гэта лічба не сведчыць аб рэальнай колькасці бежанцаў-пружанцаў. Таму што адначасова з міграцыяй у Расію ішло перасяленне ў горад выхадцаў з Варшавы і Брэста (найперш яўрэяў). Яўрэі перасяляліся і ў Шарашова, дзе колькасць жыхароў ў 1905 – 1921 гг. павялічылася на 42%. Выбыццё з Ружан склала 28%, Лыскава – 44%.
Такім чынам, дадзеныя статыстыкі 1905, 1911 і 1921 гг. ствараюць прыкладную карціну аб бежанстве з тэрыторыі сучаснага Пружанскага раёна. Па падліках у 1905 г. колькасць жыхароў складала 83 746 чалавек, а ў 1921 г. – 52 144. Атрымліваецца, што насельніцтва скара-цілася не менш чым на 38%. Дадзеныя паказваюць вялікі працэнт змяншэння, нягле-дзячы на тое, што ў 1918 —1921 гадах шэраг бежанцаў ужо вярнуўся на радзіму.
Гэтыя лічбы сведчаць аб сур’ёзных дэмаграфічных зменах на тэрыторыі Пружаншчыны ў час Першай сусветнай вайны. Яны паказваюць, што колькасць жыхароў у рэгіёне скарацілася больш чым на трэць. Страты, панесеныя нашай зямлёй у гады Першай сусветнай вайны, былі большымі, чым у гады Другой сусветнай. Вайна 1914-1918 гг. стала сапраўднай дэмагра-фічнай катастрофай для Пружаншчыны, якая адмоўна паўплывала на гаспадарчае, грамадска-палітычнае і духоўнае жыццё рэгіёну.
На здымках: 1. Пружаны часощ Першай Сусветнай вайны. 2. Бежанцы з в. Дабучын. Паўднёва-Усходняя Украіна. 1918 г. 3. Пружанцы – салдаты расійскай арміі. Галіцыя. Восень 1914 г.
Фота з фондаў музея-сядзібы “Пружанскі палацык”.
Наталля Пракаповіч, Сяргей Рабчук.