Аддаючы прыярытэт развіццю буйнатаварных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, наша дзяржава ўдзяляе ўвагу і фермерскім гаспадаркам, якія адыгрываюць няхай і невялікую, аднак, тым не менш, вельмі важную ролю ў забеспячэнні харчовай бяспекі краіны. Але, нягледзячы на падтрымку, колькасць фермераў пастаянна вагаецца, што, безумоўна, сведчыць пра тое, што праца на зямлі вельмі складаная і не кожны можа з ёй справіцца. Як лічыць уладальнік фермерскай гаспадаркі «Трусавіца» Аляксандр Янушкевіч, неабходна знайсці сваю справу, нішу ў гэтай дзейнасці. Напрыклад, летась Аляксандр вырашыў заняцца вырошчваннем буякоў.
— Гэта ягада на сённяшні дзень мае высокую рэнтабельнасць,— тлумачыць такі выбар фермер.— Напрыклад, кожная трэцяя гаспадарка ў нашых суседзяў палякаў займаецца менавіта яе вырошчваннем. І сотні тон адпраўляюць у Расію.
Тлумачыцца такая папулярнасць буякоў вельмі проста. У параўнанні з іншымі гэта ягада мае карысныя спажыўныя рэчывы, прычым увогуле неалергенная, з-за чаго яе дазваляецца есці нават немаўлятам. Падыходзіць яна і для захоўвання на працяглы тэрмін. Лепш за ўсё даследчыкі раяць трымаць у замарожаным выглядзе, бо такім чынам лепш захоўваюцца карысныя рэчывы. Для ўжывання падыходзяць практычна ўсе стравы з буякоў. Афіцыйна пацверджаны выпадкі вылечвання ў людзей алергіі. А нядаўна ў гэтай ягадзе былі знойдзены антыаксідантныя рэчывы, якія дазваляюць праводзіць прафілактыку і паспяхова змагацца з анкалагічнымі хваробамі.
Улічваючы такі попыт, зараз да вырошчвання буякоў пачалі прыступаць некаторыя прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу, у тым ліку і ў нашым раёне. Аднак гэта буйнатаварная вытворчасць, якая разлічана на аптовых пакупнікоў. Калі ж параўноўваць з попытам нашых суседзяў, то, мяркуецца, што хутчэй за ўсё пераважная большасць ураджаю пойдзе на экспарт.
Гэтая ягадная культура пакуль новая для нашай краіны і не так шырока распаўсюджана, як іншая сельскагаспадарчая прадукцыя. Працяглы час фермер Янушкевіч вывучаў вопыт работы некалькіх беларускіх калег. Давялося «пералапаціць» вялікую колькасць літаратуры, каб ведаць усе нюансы апрацоўкі ягаднікаў.
— Для нашага клімату падыходзяць 6-8 сартоў буякоў, якія могуць даць неблагі ўраджай з чэрвеня па верасень. Мы спрабуем пакуль вырошчваць пяць з іх.
Пачаў Аляксандр з паўтары тысячы саджанцаў, якія сёлета далі магчымасць сабраць каля 200 кілаграмаў ягады. Безумоўна, гэта яшчэ не фермерскія паказчыкі, а хутчэй за ўсё толькі дапаможнай гаспадаркі. У планах у Янушкевіча павялічыць плошчу «Трусавіцы» яшчэ на пяць гектараў няўдобіц, з якіх два — выдатна падыходзяць для вырошчвання буякоў. Сапраўды, буякі — вельмі патрабавальная ягада. Яе капрызы неабмежаваныя: пачынаючы ад асаблівага хімічнага і мінеральнага складу глебы і заканчваючы спосабамі падкормкі кустоў.
— Спачатку здаецца, што ягаду вырошчваць вельмі складана. Так, у параўнанні з вельмі папулярнымі клубніцамі буякі патрабуюць больш догляду. Але потым ягада аддзячыць свайго гаспадара,— лічыць Аляксандр. І мяркуе ў будучым прадаваць не толькі ягаду, але і саджанцы, каб жадаючыя жыхары раёна маглі б самастойна вырошчваць буякі.
Алег СІДАРЭНКА.
НА ЗДЫМКАХ: з аднаго дарослага куста можна зняць некалькі кілаграмаў вельмі карысных
і смачных ягад.
Фота аўтара.