З пачатку гэтага года цэнтральную раённую бальніцу ўзначаліў новы галоўны
ўрач Віктар Міхайлавіч Дараневіч. Яго ведаюць многія вясковыя жыхары (Віктар Міхайлавіч шмат гадоў узначальваў Кляпацкую амбулаторыю) і менш знаёмы ён гараджанам. Каб падрабязней расказаць пра гэтага чалавека і ўрача, пра яго першыя дзеянні як кіраўніка і, вядома, пацікавіцца перспектывамі развіцця аховы здароўя раёна, і адбылося гэтае інтэрв’ю.
— У той час, калі многія жыхары толькі мараць абслугоўвацца ў сямейнага доктара, аказвацца Вы, Віктар Міхайлавіч, шмат гадоў менавіта такім доктарам з’яўляліся для многіх пацыентаў Кляпацкай амбулаторыі…
— Калі не лічыць невялікага перапынку (давялося працаваць у гарпасялковай бальніцы ў Дамачаве), Кляпацкую амбулаторыю я ўзначальваў 25 гадоў. Прыпісана да яе было звыш чатырох тысяч чалавек. Таму, каб прафесійна і своечасова аказаць дапамогу любому хвораму, мне, хірургу па спецыяльнасці, давялося вучыцца быць і лорам, і тэрапеўтам, і педыятрам, і шмат яшчэ якім спецыялістам. Асвоіў мануальную тэрапію. У свой час вельмі дапамагла вучоба ў Беларускай акадэміі паслядыпломнай медыцынскай адукацыі, у якой пры непасрэдным удзеле замежных калег нас вучылі менавіта на сямейных урачоў. А вось замацоўваў веды практыкай непасрэдна ў амбулаторыі, дзе даводзілася і абсцэсы ўскрываць, і вывіхі ўпраўляць, і іншародныя целы даставаць. Усяго і не ўспомніш… Хаця выпадак, калі давялося вяртаць да жыцця чалавека, які быў у стане клінічнай смерці, помніцца. — Праца ў Маларыцкай ЦРБ, якой Вы кіравалі апошнія чатыры гады, дала яшчэ і адміністратарскі вопыт?
— Магчыма, так. Гэта быў зусім іншы ўзровень кіравання. Асабліва, калі параўнаць штат амбулаторыі, дзе працавалі лічаныя работнікі, з калектывам медыкаў цэлага раёна. Лічу, што зроблена было нямала. Напрыклад, толькі за адзін год мы здолелі асвоіць 20 мільярдаў рублёў, якія пайшлі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы медыцынскіх устаноў.
— Атрымліваецца, што ў Пружаны Вы вярнуліся не толькі як прафесійны ўрач, але і кіраўнік… Што ў становішчы спраў аховы здароўя раёна Вас парадавала і што засмуціла?
— Абноўленая матэрыяльна-тэхнічная база не толькі парадавала, нават уразіла. Асабліва гэта датычыць амбулаторый і ФАПаў аграгарадкоў. Хацелася б, каб яшчэ належны росквіт быў у Ружанскай бальніцы. Над добраўпарадкаваннем цэнтральнай раённай бальніцы давядзецца таксама нямала папрацаваць. Патрабуюць неадкладнага рамонту інфекцыйнае аддзяленне і харчблок. У бліжэйшых планах будаўніцтва новага неўралагічнага аддзялення на 60 ложкаў з устаноўкай камп’ютарнага тамографа. На гэтыя мэты аблвыканкам ужо выдзеліў 3,5 мільярда рублёў.
Таксама будзем працаваць над якасцю аказання медыцынскай дапамогі. Калі ўлічваць, што ў гэтым плане Ружанская і Шарашоўская бальніцы будуць адыгрываць толькі дапаможную ролю, цэнтральная раённая бальніца павінна стаць цэнтрам з навейшым медыцынскім абсталяваннем і прафесійнымі кадрамі.
— Дарэчы, аб медыцынскіх кадрах. У нашай бальніцы іх дэфіцыт назіраецца дагэтуль. На Ваш погляд, Віктар Міхайлавіч, чаму склалася такая сітуацыя і якім Вам бачыцца выйсце з яе?
— Гэтая праблема існавала і раней, і датычыць яна не толькі Пружаншчыны. Быў такі перыяд, калі медыцынскія навучальныя ўстановы скарачалі наборы студэнтаў, сумныя вынікі гэтага мы зараз назіраем. Аднак, як запэўніў міністр аховы здароўя, у гэтым годзе такая праблема ў раённых бальніцах Брэстчыны будзе знята. Яны будуць поўнасцю ўкамплектаваны ўрачамі і сярэднім медыцынскім персаналам. Сёлета мы таксама чакаем тэрапеўта, псіхатэрапеўта, хірурга, оталарынголага. У Хараўскую амбулаторыю прыедзе ўрач агульнай практыкі, у Шарашова – педыятр, у Ружаны – рэнт-генолаг, неўролаг, педыятр.
Варта зазначыць, што ў раёне вялася вялікая работа па прафарыентацыі. На сённяшні дзень у медыцынскіх ВНУ краіны вучыцца звыш сотні студэнтаў з Пружан-шчыны. Ёсць усе падставы меркаваць, што многія з іх вернуцца на сваю малую радзіму. Прывабнай для іх застаецца вырашаная ў раёне жыллёвая праблема. Выканаўчая ўлада заўсёды ўважліва ставілася да рэзерву свабоднага жылля для ўрачоў. Такі рэзерв у нас створаны. Таму ёсць спадзяванне на істотнае абнаўленне калектыву.
— Віктар Міхайлавіч, што Вы можаце сказаць з нагоды кваліфікацыі працуючага медыцынскага персаналу? Ці ёсць неабходнасць у яе павышэнні?
— Атэстацыя сярэдняга медыцынскага звяна і ўрачоў заўсёды з’яўлялася прэстыжам усяго калектыву. Каб рос яго імідж, неабходна атэстоўваць работнікаў на больш высокія катэгорыі. Гэта павышае статус урача, дазваляе зрабіць яму кар’еру, прываблівае матэрыяльна. Думаю, што ў гэтым ёсць прамая зацікаўленасць і саміх работнікаў, і адміністрацыі. На да-дзены момант у бальніцы чатыры ўрачы маюць вышэйшую катэгорыю.
— Скажыце, калі ласка, над вырашэннем якіх задач калектыў бальніцы пад Вашым кіраўніцтвам будзе працаваць у першую чаргу?
— Падтрыманне жыццяздольнасці усіх медыцынскіх устаноў, паляпшэнне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы. На маю думку, патрэбна прыкласці намаганні, каб аказанне медыцынскай дапамогі насельніцтву было максімальна даступным. З гэтай нагоды робіцца пераразмеркаванне нагрузак урачоў. Лічу недапушчальным, калі чалавек не можа трапіць на прыём пасля заканчэння свайго працоўнага дня.
Зноў жа, дзеля зручнасці людзей, будзе павялічана колькасць ложкаў для дзённага знаходжання хворых. Як паказвае практыка, такі від лячэння карыстаецца папулярнасцю. Таму цяпер шукаем для гэтага прыстойнае памяшканне.
І, што не малаважна, патрэбна стварыць належны мікраклімат у калектыве.
— Дарэчы, пра даступнасць медыцынскага абслугоўвання. Даводзіцца чуць нараканні хворых з нагоды доўгага чакання прыёму ўрачоў, якія ў гэты час знаходзяцца на “планёрцы”. Магчыма, на гэта таксама звернеце ўвагу?
— Абавязкова. Хутчэй за ўсё, каб людзям не даводзілася дарэмна сядзець у чарзе, будзе перанесены час прыёму. Калі такой работай мы будзем займацца падчас непасрэдных зносін урачоў з пацыентамі, тады сапраўды даступнасць медабслугоўвання пагражае пераўтварыцца ў недаступнасць. Аднак не варта думаць, як чуў ад некаторых, што нашы “планёркі” не патрэбны. На іх вырашаюцца вельмі важныя пытанні, ад якіх, магчыма, залежыць жыццё чалавека.
— І, нарэшце, Віктар Міхайлавіч, раскажыце, калі ласка, пра сваю сям’ю і захапленні. Словам, які галоўны ўрач муж, бацька, чалавек?
— Мая жонка — вопытны педагог, працуе настаўніцай гісторыі. Сыны: адзін – урач, другі – міліцыянер. Абодва жанатыя, жывуць і працуюць у Брэсце, маюць сваіх дзяцей.
Наогул, я — актыўны чалавек. Люблю здаровы лад жыцця, паважаю фізкультуру і “мужчынскі” адпачынак – рыбалку, паляванне, збор грыбоў. Але, відаць, найбольш – пазітыўных людзей. Назапашваюся ад іх добрай энергіі і такой жа энергіяй імкнуся падзяліцца з іншымі.
Інтэрв’ю ўзяла Галіна Каляда.