Настаўнікі-пенсіянеры Галіна Цімафееўна і Аляксандр Міхайлавіч Мяшэчкі летась набылі пад дачу пустуючы дом у вёсцы Смаляны. Зямельны ўчастак дазваляе займацца вырошчваннем разнастайных культур. Агарод трымалі і ў горадзе, але тут, на ўлонні прыроды побач з лесам, задавальнення атрымліваюць значна больш. Вырошчваюць Мяшэчкі звычайныя культуры: цыбулю, бульбу, моркву, буракі. Ёсць і менш распаўсюджаныя, напрыклад, сельдарэй і капуста-браколі. На працягу многіх гадоў культывуюць духмяныя расліны базілік і маяран. А апошнім часам захапіліся вырошчваннем кавуноў і дыняў.
— Для ўнукаў, — кажа Галіна Цімафееўна.
Мяшэчкі ўжо маюць пэўныя напрацоўкі ў «зносінах» з гэтымі паўднёвымі культурамі.
— Як і пры вырошчванні любых культурных раслін, — тлумачыць жанчына, — неабходна захоўваць севазварот. — Перад паўторнай пасадкай кавуноў павінна прайсці не менш 7-8 гадоў.
Насенне кавуноў і дыняў Мяшэчкі высяваюць звычайна ў красавіку — спачатку ў стаканчыкі з-пад смятаны і ёгурту. Вырошчваюць звычайна некалькі сартоў. Таму на градцы цяпер ляжаць як «паласацікі», так і кавуны з суцэльнай зялёнай афарбоўкай.
Тое ж самае датычыцца і дыні. Адзін сорт яе прывёз сын, калі адпачываў на поўдні, а наогул насенне купляюць на нашых рынках.
У маі расада кавуноў і дыняў высаджваецца на пастаяннае месца, але пакуль існуе пагроза начных замаразкаў і ночы стаяць халаднаватыя, знаходзіцца пад плёнкай. Плёнку знімаюць звычайна ў чэрвені.
Як расказала Галіна Цімафееўна, падкормкі падчас вегетацыі яны не прымяняюць. Усе ўгнаенні ўносяцца пры падрыхтоўцы глебы. Што датычыцца паліву, то паколькі і кавуны і дыні — культуры засухаўстойлівыя, то ім хапае той вільгаці, якая паступае з ападкамі.
Сёлетні год быў неблагім для аматараў-агароднікаў, якія вырошчваюць бахчавыя культуры. Гэта пацвярджаюць і Мяшэчкі.
На здымку: Галіна Цімафееўна Мяшэчка з унучкамі Любай і Вольгай на сваёй бахчы.
Мікола Архуцік, Фота Аляксандра
Мелеша.