Среда, 6 ноября 2024

Педагог-дефектолог и детский психолог ответили на вопросы наших читателей

1 441

Падчас «прамой лініі» з дырэктарам цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, педагогам-дэфектолагам вышэйшай катэгорыі Таццянай Віктараўнай ГВОЗДЗІК і псіхолагам цэнтра Вольгай Аляксандраўнай ЗІНАВЕЦ паступіла шэраг пытанняў ад нашых чытачоў.
Адказы спецыялістаў на найбольш цікавыя з іх мы сёння публікуем.

в.Калазубы:
—Маёй унучцы пяць гадоў, але яна амаль не размаўляе: выдае нейкія гукі. Хутка ісці ў школу, і бацькі мяркуюць аддаваць дзяўчынку ў спецыяльную навучальную ўстанову для дзяцей з разумовымі адхіленнямі. Ці могуць дапамагчы вашы спецыялісты?
Т.Г.:
— У маёй практыцы быў падобны выпадак. У першую чаргу мы сталі выконваць практыкаванні на развіццё голасу. Галоўнае пры гэтым, каб дзіця не стала палохацца такіх заняткаў, плакаць. Пасля перайшлі да артыкуляцыйных практыкаванняў і на развіццё дыхання. Безумоўна, у першы клас дзяўчына пайшла толькі ў восем гадоў, бо давялося назапашваць слоўнікавы запас. Але «хвароба» ўвогуле знікла і яна стала размаўляць нароўні з іншымі дзецьмі.
Таксама яе маці практыкавала наступны метад. Яна брала дзяўчынку з сабой у лес і нібыта «губляла» яе. Тая пачынала ўголас клікаць маці і такім чынам развівала галасавыя звязкі.

У Вашай гісторыі засмучае іншае: чаму бацькі не б’юць трывогу, а ўспрымаюць абставіны, як нешта нязменнае?  Бяда многіх людзей, што яны адцягваюць вырашэнне падобнай праблемы на самы апошні дзень і тым самым упускаюць час.

Некаторыя не звяртаюцца па дапамогу да спецыялістаў цэнтра, бо мяркуюць, што нібыта адразу іх дзіця будзе прызнана інвалідам. Памятайце, што ў нас можна атрымаць толькі параду, практычную дапамогу. Дастаткова прыйсці ці проста патэлефанаваць. Але ні ў якім разе ніякіх дыягназаў мы не ставім.

Пытанне з сайта:
— Ці варта ўвогуле ствараць нейкую праблему, калі высветлілася, што дзіця — ляўша? Якія павінны быць меры рэагавання? І ці не ўплываюць негатыўна на псіхіку дзіцяці ўсялякія дзеянні дарослых? Дарэчы, создание сайтов зараз досыць папулярнае.
Т.Г.:
— Як правіла, леварукія дзеці — больш актыўныя і эмацыянальныя. Вызначыцца, «ляўша» або «праўша» вырасце з немаўляці можна ва ўзросце чатырох гадоў. Можна правесці невялікі тэст: задаць дзіцяці намаляваць нешта, расчапіць ланцужок са скрэпак, нанізаць на нітку вялікія пацеркі ці іншыя практыкаванні.
Па тым, якая рука ў гэтых дзеяннях будзе галоўнай, можна і вызначыць, леварукім ці праварукім  расце дзіця.
В.З.:
— Памятайце, што леварукасць — адзін з варыянтаў развіцця чалавека, а не звычка або хвароба. Нельга перавучваць, але трэба накіроўваць. Сапраўды, займацца давядзецца з леварукім дзіцём больш, бо санітарныя нормы, падручнікі і многае іншае ў нашых школах разлічаны для праварукіх. Хаця ў дарослым жыцці гэта цяпер не з’яўляецца анамаліяй і сучасная прамысловасць выпускае шмат прадметаў ужытку для леварукіх людзей. А вось тое, што «ляўшы» больш творча адораныя — гэта факт.
Больш непрыемнасцей будзе падчас перавучвання. Самыя распаўсюджаныя наступствы такіх дзеянняў — няўрозы, неспакойны сон, лунатызм, заіканне. Часта з «перавучаных» вырастаюць асацыяльныя грамадзяне, якіх у дзяцінстве «не чулі», і за гэта яны пакрыўджаны на ўсіх.

Святлана Клімовіч, в.Вялікія Якавічы:
—Выхавальніца ў дзіцячым садку сказала, што наш сын гіперактыўны. Нам, па яе словах, неабходна звяртацца да неўрапатолага, каб ён прапісаў лекі для супакойвання.
Т.Г.:
— Дыягназ наконт гіперактыўнасці можа паставіць толькі ўрач, а не выхавальніца.
На маю думку, толькі ў выключных выпадках з рухомым і непаседлівым дзіцём да шасці гадоў трэба звяртацца да медыкаў. Бо да гэтага ўзросту галоўным відам дзейнасці з’яўляецца гульня.
Здараюцца такія выпадкі, калі больш спакойныя бацькі прымушаюць гэтак жа паводзіць і сваіх гадаванцаў.
Але калі дзіця стрымліваць, уся нерастрачаная энергія «адгукнецца» ў школьным узросце. І тады сапраўды яго давядзецца лячыць.
Калі ж Вы  маеце падазрэнне наконт гіперактыўнасці Вашага дзіцяці, паспрабуйце спачатку наступнае:
— забараніце рухомыя гульні і прагляд тэлевізара перад сном;
— рабіце малому супакойваючыя ванны з валяр’янкай;
— стварыце ў сям’і спакойную абстаноўку.

 Святлана Аляксееўна, г.Пружаны:
—Я адна гадую сына. Часта шкадую яго, калі  караю за нейкі дрэнны ўчынак. Як правільна паводзіць сябе: усё да-зволіць або быць для яго аўтарытэтам?
В.З.:
— Ёсць вельмі правільная прымаўка: да трох гадоў гадуй дзіця, як цара, а пасля — як слугу. Многія бацькі прымяняюць ў справе выхавання свае дзіцячыя ўспаміны. Магчыма, гэта правільна, але не ўніверсальна, бо ў такой практыцы сустракаюцца памылкі. Галоўнае, каб дзеці «чулі» сваіх бацькоў. На маю думку, нельга наогул выключаць фізічнае пакаранне, але прымяняць яго трэба толькі за ўчынкі, якія могуць пашкодзіць здароўю ці жыццю дзіцяці. Пры гэтым памятайце, што нельга біць рукой: матуліны рукі павінны несці толькі пяшчоту, а не атаясамлівацца з болем і горыччу.

 Д.С.Карповіч, в.Аранчыцы:
—Дачка восенню павінна ісці ў першы клас, але не можа правільна вымавіць літары «р», «ж» і «щ». Хірург сказаў, што трэба падрэзаць «вуздзечку». Магчыма, можна абысціся і без такіх мер?
Т.Г.:
— Гэта таксама можна вызначыць падчас візуальнага абследавання ў дэфектолага. Справа ў тым, што гэтая тканка — вельмі эластычная, і сёння распрацавана вялікая колькасць практыкаванняў для яе расцягвання. Так, часу спатрэбіцца больш, але працэс будзе менш балючым. У маёй практыцы рэдка сустракалася паталогія, калі спатрэбілася ўмяшальніцтва хірурга.

Падрыхтаваў Алег СІДАРЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *