З сярэдзіны студзеня бягучага года пачалі дзейнічаць некалькі паправак у Правілы дарожнага руху, адна з якіх датычыцца патрабаванняў да паркоўкі і стаянкі аўтамабіляў.
Напрыклад, катэгарычна забаронена пакідаць грузавыя аўтамабілі ў дварах дамоў, нават на паўгадзіны. Выключэннем з’яўляюцца сітуацыі, калі гэты аўтамабіль быў патрэбны для дастаўкі будаўнічых матэрыялаў і іншага абсталявання для выканання якіх-небудзь работ.
Як расказвае інспектар ДАІ Сяргей Мышкевіч, з пачатку дзеяння паправак да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правіла паркоўкі і стаянкі прыцягнуты 93 чалавекі, з іх дзевяць — уладальнікі грузавых транспартных сродкаў. Згодна з арт.18.22 КаАП РБ, прадугледжаны наступныя пакаранні:
— за першае парушэнне штраф 1 базавая велічыня;
— за паўторнае парушэнне на працягу года штраф тры базавыя велічыні;
— за парушэнне правілаў паркоўкі грузавіка штраф да 5 б.в.;
— за паўторнае парушэнне на працягу года штраф вадзіцелю грузавіка да 10 б.в.
Відавочна, што папярэджанне тут не прадугледжана.
Што тычыцца паркоўкі прыватных аўто ў дварах шматпавярховак («Аўтабудні» неаднаразова звярталіся да гэтай праблемы), то трэба адзначыць, што сітуацыя мяняецца ў лепшы бок. Напрыклад, жыльцы дамоў па вуліцы Будаўнічай самастойна вырашылі ўсе арганізацыйныя моманты і аплацілі стварэнне дадатковых стаяначных месцаў. Сёлета іх прыклад узялі на ўзбраенне жыльцы дамоў па вуліцы Кастрычніцкай: ля дома №54 зараз вядуцца работы па пашырэнні мясцовай стаянкі.
Шмат грошай выдаткавана на гэта і з бюджэту: летась была зроблена вялікая стаянка каля раённай бальніцы, ёсць такія ж прыклады і ў іншых дварах.
Каб пабачыць, што робіцца на дваравых стаянках, мы разам з супрацоўнікамі ДАІ адправіліся ў рэйд.
Двор побач з вышэйназванай стаянкай каля бальніцы. І літаральна ў 50 метрах ад пустуючых месцаў на ёй убачылі ранейшую карціну з парушэннямі: на газонах і на тратуарах мы налічылі каля дзясятка аўтамабіляў. Прычым былі пустыя месцы і на стаянках у гэтым двары.
— Раней мы павінны былі на месцы даведацца імя ўладальніка аўто, якое парушае правіла паркоўкі, і толькі пасля высвятлення ўсіх абставін складалі пратакол,— расказвае Сяргей Мышкевіч.— Цяпер алгарытм нашых дзеянняў змяніўся: на месцы фатаграфуем парушэнне, нумар аўтамабіля, па базе ўстанаўліваем імя парушальніка і павесткай выклікаем у інспекцыю, дзе ўручаем паведамленне аб штрафе.
Засмуціла тая ж сітуацыя ў новым мікрараёне «Паўночны», дзе стаянкі зроблены з разлікам, што ў кожнага жыхара будзе па два аўтамабілі. Аднак пры наяўнасці пустых месцаў уладальнікі некаторых аўто вырашылі прыпаркавацца ў цяньку, літаральна пад сценамі дамоў і на тратуарнай плітцы.
— Падобнае нярэдка можна сустрэць і ў Новых Засімавічах,— гавораць інспектары.— Хапае месцаў для ўсіх, але некаторыя думаюць, што яны маюць права заехаць да самага пад’езду па тратуарах. З такімі парушальнікамі размова будзе кароткай — прыцягненне да матэрыяльнай адказнасці. Папярэджванняў і тут не будзе.
На здымках: некаторыя варыянты няправільнай паркоўкі.
Алег Сідарэнка.