Мэта — анямечванне
Гэтую жудасную вайну немцы назвалі “татальнай”, гэта значыць — усеагульнай. Іншымі словамі кажучы, яны вялі вайну не толькі супраць арміі, але і супраць мірнага насельніцтва, супраць жанчын і дзяцей.
Яшчэ ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны наш знакаміты пісьменнік Кузьма Чорны пісаў у газеце “Савецкая Беларусь”: “Нямецкі фашызм пагражае нашым дзецям не толькі знішчэннем. Нямецкая гадзіна мае яшчэ намер залезці ў душу нашых дзяцей, апустошыць яе, пасеяць у ёй атруту абыякавасці да роднай зямлі. Гітлераўскія полчышчы будуць спрабаваць анямечыць нашых дзяцей, знішчаць і аддаваць на пагібель і забыццё роднае, беларускае”.
Гітлераўская “школьная палітыка” ў адносінах да славянскіх народаў знайшла адлюстраванне ў афіцыйных інструкцыях. “Калі мы будзем вучыць чытаць і пісаць, — казаў фюрэр, — то ў рэшце рэшт гэта абернецца супраць нас. Адукацыя дае больш развітым з іх магчымасць вывучаць гісторыю, авалодаць гістарычным вопытам, а адсюль развіваць палітычныя ідэі, якія не могуць не быць адчувальнымі для нашых інтарэсаў. Нельга, каб яны ведалі больш, чым веданне дарожных знакаў. Навучанне ў вобласці геаграфіі можа быць абмежавана адной адзінай фразай: “Сталіца рэйха – Берлін”. Матэматыка і ўсё іншае зусім не патрэбны”.
З мэтай анямечвання беларускіх дзяцей фашысты імкнуліся выкарыстаць мясцовых настаўнікаў. Таму ўжо ў кастрычніку 1941 года ствараецца інспектарат беларускіх школ, які быў пададзены як “асветна-школьны беларускі цэнтр”. Сталі стварацца “органы народнай адукацыі” і на месцах. Кіраваць інспектаратам беларускіх школ быў прызначаны прыбалтыйскі немец Е.Сівітц. Гітлераўцы хацелі прыцягнуць да навучальна-выхаваўчай работы тых асоб, у надзейнасці якіх яны былі поўнасцю ўпэўнены. Але такіх было не шмат.
З рызыкай для жыцця
Многія настаўнікі не сталі прыслужнікамі фашыстаў. Да іх ліку з упэўненасцю можна аднесці Сцяпана Лявонцьевіча Махнюка – даваеннага інспектара Ружанскага раённага аддзела адукацыі. За сваю непакорнасць ён быў расстраляны ворагамі ў 1941 годзе. Помнікам мірнаму настаўніку стала хіба што вось толькі гэтая пажаўцелая ад часу невялічкая фотакартка, якая захавалася ў блізкіх людзей.
Па волі гітлераўцаў пайшлі з жыцця настаўнікі яўрэйскай нацыянальнасці з Лыскава і Ружан – Моталь Шаламніцкі, Соф’я Бейзер, Іда Шварц, Роза Іосіфаўна, Эстэра Ісаакаўна…
Сапраўдныя педагогі-патрыёты па закліку сэрца нярэдка імкнуліся патаемна ад новай улады працягваць вучыць дзяцей. Пра аднаго з такіх настаўнікаў хачу расказаць падрабязней.
Сцяпан Васільевіч Валчок у 1937 годзе закончыў сямігодку ў Магілёўцах, а пасля заканчэння ў Пружанах настаўніцкіх курсаў у 1939 годзе ўзначаліў Ліберпольскую школу. Калі пачалася вайна, заняткі ў школе прыпыніліся, і настаўнік, перагаварыўшы з некаторымі бацькамі ў Магілёўцах, пачаў тайна вучыць дзяцей па хатах. Навучаў сямёра падлеткаў. Натуральна, што заняткі праходзілі не сістэматычна: трэба было кожны раз мяняць месца і захоўваць пэўную канспірацыю. У гэтым была вялікая рызыка.
Калі ў 1943 годзе гітлераўцы прыступілі да масавага вывазу насельніцтва на працу ў Германію, настаўнік трапіў на чужбіну. У 1945 годзе быў вызвалены з фашысцкага рабства, стаў радавым салдатам, а калі вярнуўся ў родныя Магілёўцы, зноў пачаў вучыць дзяцей у школе.
Пад ляснымі шатамі
Ратуючыся ад жорсткіх новых парадкаў, мірнае насельніцтва паступова падавалася ў навакольныя лясы: хто ў партызаны, хто – пад іх ахову. Іх паселішча ў Гута-Міхалінскім лесе называлі “сямейным лагерам”, які размясціўся на сухім востраве пасярод малапраходных балот. Сем’і знаходзіліся пад аховай партызанскага атрада імя Кірава. Было шмат дзяцей. Па ініцыятыве старшыні Брэсцкага падпольнага антыфашысцкага камітэта Іосіфа Паўлавіча Урбановіча, ураджэнца в.Шэйпічы, і камандзіра партызанскага атрада Аляксандра Іванавіча Самуйліка ў кастрычніку 1943 года было вырашана адкрыць “лясную школу”. Усю арганізацыйную работу па яе стварэнні, набыцці школьных прыналежнасцей усклалі на камісара сямейнага атрада педагога Барыса Іванавіча Марчанку. Вялікую дапамогу яму аказалі настаўнікі Яўген Іосіфавіч Гардзей і Сямён Міхайлавіч Дурэйка.
Варта заўважыць, што змагаліся былыя настаўнікі супраць ворага і са зброяй у руках. Актыўны ўдзел у многіх баях прымаў, напрыклад, Іван Антонавіч Куніца.
Паводле ўспамінаў Я.І.Гардзея, аднойчы група партызан, сярод якіх быў і І.А.Куніца, напаролася на фашысцкую засаду. Схватка з пераўзыходзячымі сіламі праціўніка была няроўнай. Партызаны пачалі адыходзіць да лесу. Варожая куля трапіла Куніцы ў нагу, і ён не змог рухацца далей, адстрэльваўся да апошняга патрона. Акупанты хацелі ўзяць яго жывым. Але адважны настаўнік, выкарыстаўшы гранату, падарваў сябе і пры гэтым знішчыў некалькі немцаў.
А жыццё працягвалася. У лясную школу залічылі ўсіх дзяцей школьнага ўзросту. На пачатак заняткаў набралася 38 вучняў. Праз лясную школу прайшлі браты Іван і Косця Хмурцы, Васіль Гавейна, Іван Крук, Косця Брыш, Марыя Крук, Ніна Мініч, Валя Гардзей, Вольга Крук, Васіль Швед, Віця Саўчук, Ніна Крук, Ліза Крук, Васіль Руды, Косця Баран, сёстры Ніна і Галіна Казадоевы, Міша Гавейна, Марыя Гусак, Соф’я Гусак, Валя Ярмолік, Алёша Ярмолік, Міша Гусак і многія іншыя.
Ужо ў мірныя дні былыя “лясныя” вучні так успаміналі пра той час.
Васіль Гавейна:
“…Школа размяшчалася ў зямлянцы, пабудавана была нашымі бацькамі і старэйшымі братамі. Сцены зямлянкі былі з бярозы, падлога выкладзена з палавінчатых бярвенняў. Для асвятлення ў столю былі ўстаўлены аконныя шыбы. Сталы і лаўкі зрабілі з ацесаных жэрдак. Дошка была з фанеры, на якой пісалі вугалькамі з партызанскага кастра. Мы любілі грэцца каля кастра, глядзелі, як гарыць і патрэсквае галлё, і яркія іскры ляцяць, звіваючыся, уверх. Пасядзець каля кастра было адно задавальненне, чаго тут толькі нельга было пачуць…”
Канстанцін Хмурэц:
“У маіх успамінах заста-ліся заняткі пад вялікім дубам у летні час, а калі было холадна – у зямлянцы. Аднойчы, калі мы прыйшлі ў сваю школу, у зямлянцы стаяла вада. Мы тады вельмі засмуціліся. Помню рукі нашай настаўніцы Ганны Рыгораўны, якая часта гладзіла нас па галаве і казала: “Пачакайце, дзеці, хутка вайна пойдзе на захад”. Так і адбылося”.
У першыя дні заняткі праводзілі камісар атрада Б.І.Марчанка і настаўніца Марыя Палейка. Безумоўна, у Барыса Іванавіча хапала іншых спраў, звязаных з баявымі дзеяннямі атрада, і яго замяніла Ганна Рыгораўна Рудая.
Камандзір атрада імя Кірава А.І.Самуйлік у сваіх успамінах пісаў: “Настаўнікі ўсю цеплыню сваіх сэрцаў аддававалі дзецям. Яны ж адказвалі настаўнікам любоўю да іх. Частымі гасцямі ў школе былі байцы, якія вызначыліся ў схватках з ворагам. Дзеці нарыхтоўвалі сухое галлё, дапамагалі дарослым на атраднай кухні, адкуль цягнула апетытным пахам. Збіралі лекавыя расліны, якія выкарыстоўваліся партызанскімі медыкамі, нарыхтоўвалі венікі. Так школьнікі ўносілі свой пасільны ўклад у справу вызвалення беларускай зямлі. 1 верасня 1944 года “выпускнікі” лясной школы сталі працягваць вучобу ў нармальных умовах і вучыліся добра. Усім гэтым яны абавязаны Г.Рудай і М.Палейка”.
Дзеці вайны
На ўсе гады свайго жыцця засталіся ўспа-міны пра суровыя партызанскія часы ў настаўніцы Ганны Рыгораўны Рудай. Хіба ж можна забыць пра такія выпрабаванні?
Ужо ў мірны час настаўніца расказвала: “Кіраўцы грамілі ворагаў, наносячы ім урон, але ніколі не забывалі пра сваё малодшае пакаленне, пра дзяцей, якім, як і ў мірны час, хацелася павесяліцца. Партызаны дапамагалі школе, прыносілі старыя падручнікі, алоўкі. Алоўкі дзялілі на кавалачкі, каб усім дасталося і ўсе маглі пісаць. Былі ў школе глобус і геаграфічная карта СССР. Нярэдка да зямлянкі даносілася рэха перастрэлкі. Гэта быў суровы, трывожны час, поўны смяротнай небяспекі. Калі з’яўлялася пагроза, даводзілася прыпыняць заняткі і хавацца ў схованках-тайніках. Аднойчы прасядзелі ў такой схованцы трое сутак. Колькі было ў дзяцей страху!? Дзеці не плакалі. Напэўна, агульнае гора было большым за дзіцячыя слёзы ці слёзы вымерзлі ў марозную зіму…”
Дзеці вайны… Гэта асаблівая катэгорыя людзей з пакалечанымі лёсамі, нерэалізаванымі магчымасцямі. Толькі ў Брэсцкай вобласці, паводле архіўных дадзеных, фашысты знішчылі 44953 непаўналетніх. Наўрад ці гэта поўны жалобны падлік. Асабліва жорстка абыходзіліся з насельніцтвам яўрэйскай нацыянальнасці. У Ружанах былі знішчаны дзеці і настаўнікі яўрэйскай школы. У Лыскаве з прыходам немцаў таксама не стала яўрэйскай школы: усе дзеці разам з дарослымі загінулі ў газавых камерах Трэблінкі ці былі расстраляны.
З дакладной запіскі І.П.Урбановіча сакратару Брэсцкага абкама КПБ С.І.Сікорскаму: “…Страшную, пакутлівую смерць учынілі азвярэлыя бандыты дзецям в.Байкі. На іх было нацкавана 15 сабак. Пакалечаных дзяцей спалілі жывымі. Па вуліцы, асветленай пажарышчам, сабакі цягнулі знявечаных імі дзяцей. У доме Васіля Іванавіча Гайдука немцы схапілі за ножкі нованароджанае дзіцятка і ўдарылі аб сценку, парадзіху забілі ў пасцелі…”
***
У сучасным свеце, калі ў розных месцах планеты працягваюцца войны, мінулыя злачынствы нацыстаў сёння служаць суровым папярэджаннем аб пагрозе, а памяць заклікае да недапушчэння гэтых жахаў. А яшчэ гэтая публікацыя – даніна павагі высакароднасці настаўнікаў, якія, нягледзячы на неверагодныя выпрабаванні, здолелі захаваць у сабе дабрату і душэўнае цяпло, якое шчодра аддавалі пахрышчаных вайной дзецям – нашай будучыні.
Вера Церахава, былы малалетні вязень фашызму.
На здымках: 1. Настаўнікі і вучні яўрэйскай школы ў Ружанах 1940 год. 2.Сцяпан Лявонцьевіч Махнюк. 3. Сцяпан Васільевіч Валчок. 4. Іосіф Паўлавіч Урбановіч. 5. Аляксандр Іванавіч Самуйлік. 6.Ганна Рыгораўна Рудая.