Па тых ці іншых прычынах у жыцці людзей здараюцца сітуацыі, калі без дапамогі, у тым ліку і матэрыяльнай, ім не абысціся. У некаторых выпадках можна разлічваць на падтрымку з боку дзяржавы. Але, як паказвае жыццё, не кожны ведае, што сабой уяўляе такая матэрыяльная падтрымка, хто можа на яе прэтэндаваць, які яе памер. Адказы на гэтыя і іншыя пытанні дае начальнік аддзела матэрыяльна-бытавога абслугоўвання ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама В.У.Іваніцкая.
— Вера Уладзіміраўна, дык што такое адрасная сацыяльная дапамога?
— Сістэма адраснай сацыяльнай падтрымкі ўяўляе чатыры віды дапамог — штомесячная і аднаразовая сацыяльная дапамога, дапамогі на аплату тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі, для пакрыцця выдаткаў на набыццё падгузнікаў, забеспячэнне бясплатнымі прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця.
— Давайце пачнем па парадку: у чым заключаецца штомесячная дапамога і хто на яе можа разлічваць?
— Адрасатамі гэтай ільготы могуць стаць сем’і і грамадзяне, чый сярэднедушавы даход за апошнія два кварталы па аб’ектыўных прычынах меншы за крытэрый патрэбы, якім з’яўляецца бюджэт пражытковага мінімуму — з першага лістапада ён складае 1 567 810 рублёў. Назначаецца такая дапамога толькі пасля паступлення заявы на перыяд не больш шасці месяцаў у год — усё залежыць ад прымаемых заяўніком мер па паляпшэнні свайго матэрыяльнага становішча. Выключэнне можа быць зроблена толькі для адзінокіх інвалідаў І і ІІ груп, адзінокіх непрацаздольных грама-дзян, дасягнуўшых 70-гадовага ўзросту, а таксама бацькоў, якія выхоўваюць у няпоўнай сям’і дзіця-інва-ліда да 18 гадоў.
— А ці ёсць падставы, напрыклад, у беспрацоўных звярнуцца па такую дапамогу?
— Калі выконваюцца ўсе вышэй згаданыя ўмовы і чалавек зарэгістраваны ў службе занятасці больш трох месяцаў, не парушае патрабаванні заканадаўства аб занятасці насельніцтва, гэта таксама наш кліент. А вось сем’і, якія на тэрыторыі краіны маюць больш аднаго жылога памяшкання, а таксама сем’і, якія здаюць памяшканне па дагаворы найму ці паднайму, пазбаўляюцца права на атрыманне штомесячнай дапамогі, нягледзячы на сярэднедушавы даход сям’і. Улічваючы дакументальна пацверджаны нізкі ўзровень даходаў сям’і, у адраснай дапамозе будзе адмоўлена і тым, у каго хтосьці з членаў сям’і атрымлівае адукацыю за кошт асабістых сродкаў на платнай аснове, у выпадку набыцця транспартнага сродка на працягу 12 месяцаў перад датай звароту па дапамогу, а таксама ў выпадку выезду за межы краіны на адпачынак.
— А ў чым асаблівасці аднаразовай дапамогі?
— Яна прадастаўляецца тым, хто аказаўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, якая парушае нармальную жыццядзейнасць. Тут таксама ўлічваецца сярэднедушавы даход, які не павінен перавышаць 1,5 велічыні бюджэту пражытковага мінімуму. Такая дапамога назначаецца не часцей аднаго разу ў год. Паўторна прадастаўляецца толькі пацярпелым ад стыхійных бедстваў, катастроф, пажараў і іншых надзвычайных сітуацый. У залежнасці ад сітуацыі, якая прымусіла чалавека ці сям’ю скарыстацца гэтай ільготай, вызначаецца памер дапамогі — максімум 10 памераў бюджэту пражытковага мінімуму.
— На якіх умовах можна прэтэндаваць на атрыманне прадуктаў харчавання для дзяцей да двухгадовага ўзросту?
— Тут таксама галоўную ролю мае крытэрый патрэбы: сярэднедушавы даход у сям’і не павінен перавышаць бюджэт пражытковага мінімуму. Ён не бярэцца ва ўлік толькі для сем’яў, у якіх нарадзілася двойня ці больш дзяцей. За кошт дзяржаўных сродкаў дзеці забяспечваюцца прадуктамі харчавання айчыннай вытворчасці да дасягнення імі двухгадовага ўзросту. Як і для іншых відаў адраснай сацыяльнай дапамогі, тут дзейнічае заяўнічы прынцып: дапамога прадастаўляецца толькі з моманту падачы заявы.
— Вера Уладзіміраўна, калі я правільна зразумела, сацдапамога разлічана на падтрымку маламаёмных людзей і сем’яў…
— Чаму ж?! Для атрымання іншых двух відаў ільгот памер сярэднедушавога даходу сям’і не мае значэння. Напрыклад, рэалізаваць права на пакрыццё выдаткаў на набыццё падгузнікаў маюць дзеці-інваліды да 18 гадоў з чацвёртай ступенню страты здароўя і інваліды І групы, якія па медыцынскіх паказчыках маюць патрэбу ў падгузніках. Сацыяльная дапамога на аплату тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі прадастаўляецца дзецям да 18 гадоў, якія не маюць інваліднасці, але маюць патрэбу ў такіх сродках, і інвалідам ІІІ групы. Што тычыцца дакументаў, якія неабходна прад’явіць для атрымання той ці іншай дапамогі, то лепш даведацца пра гэта непасрэдна ў нашых спецыялістаў ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне (вул.Чырвонаармейская, 78, каб.206) ці па тэлефоне 2-14-08.
— Красамоўней за ўсё гавораць лічбы: колькі чалавек сёлета рэалізавалі сваё права на адрасную сацыяльную дапамогу?
— Па стану на першае лістапада па назначэнне штомесячнай дапамогі сёлета ўжо звярнуліся 64 заяўнікі, але ў трох выпадках было адмоўлена. У выніку агульная колькасць атрымальнікаў складае 201 чалавек: агульная сума падтрымкі — звыш 420 мільёнаў рублёў. На аднаразовую дапамогу падалі заявы толькі тры чалавекі, якіх падтрымалі на суму больш 42 мільёнаў рублёў. Амаль 600 мільёнаў рублёў выдаткавана на кампенсацыю затрат на падгузнікі для трох соцень інвалідаў. Яшчэ каля 100 мільёнаў рублёў склала дапамога на аплату тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі. У любым выпадку мы стараемся нікога не абыходзіць увагай: сёння сацабарона адрозніваецца дыферэнцыяцыяй, улічваюцца патрэбы кожнага маламаёмнага чалавека і сям’і.
Гутарыла Марына Вакульская.