Узнагароды бываюць розныя: за мужнасць, гераізм, працу… Узнагарода за мацярынства, акрамя самаадданасці і працавітасці жанчыны, увасабляе ў сабе і радасць. Радасць, якую дорыць маці новым нараджэннем дзіцятка, будучага грамадзяніна краіны.
Радасць пружанкі Ірыны Лявонцьеўны Зарэмбы можна смела памножыць на пяць. Менавіта столькі дзяцей нарадзіла і выхоўвае гэтая жанчына, за што нядаўна была ўдастоена высокай дзяржаўнай узнагароды – ордэна Маці. Хаця, як прызнаецца сама, да гэтага не імкнулася і пра пяцёрых дзяцей спярша нават і не марыла. Так атрымалася…
А калі Бог дае, значыць, так трэба.
Старэйшай дачцы Таццяне хутка дваццаць. Яна ўжо самастойная, працуе. Дванаццацігадовая Валерыя, малодшы за яе на год Ілья і васьмігадовы Максім – школьнікі. З імі, як прызнаецца шматдзетная мама, таксама няма праблем. Яны заўсёды разам і з аднолькавай адказнасцю клапоцяцца адзін пра другога. Ну а самай нечаканай радасці, Кірылу, хутка споўніцца два гады. І хоць любімы занятак малодшанькага бегаць па кватэры і размалёўваць шпалеры, мама зноў-такі ў гэтым знаходзіць станоўчыя моманты:
— Як кажа наш тата, — з усмешкай заўважае яна, — пакуль закончым рамонт у кватэры, новы давядзецца рабіць. Але ён жа будзе новы!
Вялікая сям’я Зарэмбаў вылучаецца сяброўствам. Старэйшыя дзеці дапамагаюць малодшым і нават удзельнічаюць у развіцці іх здольнасцей і талентаў. Лера спявае, Ілья захапляецца нямецкай мовай і выразным чытаннем, Максім пакуль толькі гуляе ў камп’ютары, але браты і сёстры спадзяюцца, што гэта толькі пачатак сур’ёзнага вывучэння камп’ютарных праграм. Ну, а старэйшая Таццяна – швачка па прафесіі, і мадэльер, і закройшчыца для малых. Як гаворыць пра дачку мама, Таццяна — асноўная яе памочніца, з усімі хатнімі справамі спраўляецца нароўні з ёю.
Кажучы пра сваю маму, дзеці не шкадуюць цёплых слоў, адзначаючы, якая яна добрая і ласкавая. А акрамя традыцыйных пажаданняў здароўя і дабрабыту, паэтычны Ілья раптам заўважае:
— Усе мы, як кветкі жыцця. Таму так хочацца, каб у нашым сямейным букеце з’явілася новая кветачка. І гэта можа ажыццявіць толькі наша любая мама.
На здымку: Ірына Зарэмба і яе «кветкі».
Галіна Каляда, фота аўтара.