Среда, 6 ноября 2024

Отец и сын единственные жители хутора Бор-Липы: «Нам здесь нравится»

2 481

Сёння ў Беларусі не існуе і юрыдычнага паняцця «хутар». Але на Ружаншчыне населены пункт Бор-Ліпы людзі па-ранейшаму паміж сабой называюць хутарам. З пастаянных жыхароў у Бор-Ліпах толькі адна сям’я Хекалаў. Малады хлопец Аляксандр жыве разам з бацькам. Кажа, што жыццё хутарское звычайнае, таксама ідзе сваёй чаргой і нічым не адрозніваецца ад вясковага. Абодва працуюць у ААТ «Ружаны-Агра»: бацька, Аляксандр Уладзіміравіч, — на свінаферме, сын — механізатарам. Хату гэтую купілі іх продкі яшчэ пры паляках.

— Лічы, гарадское жыццё вядзем: у гаспадарцы толькі сабак трымаем, — усміхаецца Аляксандр. — А калі сур’ёзна, то паўсядзённая работа і не дае абзавесціся кароўкай ды парсючкамі (гэтага, дарэчы, па зразумелых прычынах і не маюць права рабіць работнікі фермы), а на агарод часу не хапае. Сёння ўсё ў горадзе купіць можна — аўтамабіль ёсць і пры неабходнасці ў Ружаны ездзім. А вось пажылому чалавеку, згодны, хутарское жыццё ў цяжар. Бабуля, пакуль мы з бацькам на рабоце, вымушана была ўвесь час праводзіць у адзіноце, таму вырашыла з’ехаць да сястры ў Ласасін.  Каб у вольны час было чым заняцца, Хекалы трымаюць пчальнік. Аляксандр запэўнівае, што жыццё на хутары яму падабаецца.

— Няўжо не хочацца маладому хлопцу з’ехаць у горад ці хаця б у вёску: там і выгод пабольш, цывілізацыя?! — спрабую справакаваць субяседніка.

На што, не раздумваючы, атрымліваю ад яго здзіўленае:

— А навошта?! Пачытаць навіны ці так «пагуляць» па прасторы сусветнага павуціння я тут маю магчымасць, што рэгулярна і раблю. У нашай невялічкай і на першы погляд звычайнай сельскай хатцы ёсць і ванная. Зімой хіба што, у снежнае надвор’е бываюць праблемы, але мы неяк прызвычаіліся дабірацца да цывілізацыі…

— Ну, а калі дзяўчыну знойдзеш, наўрад ці яна пагодзіцца жыць на хутары.

— Ужо згадзілася, — усміхаецца Аляксандр. — Яна з такой жа простай сям’і, як і я. І жыццё на хутары яе не палохае.

З гасцей у Бор-Ліпах бывае дачнік з Пружан: час ад часу прыязджае Анатоль Прахарэнкаў (на здымку). Ураджэнцу Бранска, які ажаніўся з беларускай, хатка дасталася ў спадчыну ад бацькоў жонкі. На незайздросную спадчыну на ўзлеску ніхто не паквапіўся. Анатоль Іларыёнавіч жа, наадварот, прызнаецца, што адпачывае тут і душой, і целам — навокал прырода, ёсць магчымасць займацца пчалярствам.

— На мяне глядзяць як на дзівака: маўляў, няўжо нельга знайсці дачную хатку каля Пружан і адпачываць там ад гарадской мітусні? Магчыма, я і дзівак, але за ўсё жыццё лепшага месца не бачыў. Раніцай а палове пятага птушкі ўжо спаць не даюць, салаўі заліваюцца.

…Пару гадоў таму на вышэйшым узроўні пачало распрацоўвацца пытанне аб стварэнні ў сельскай мясцовасці хутароў. Безумоўна, сучасны хутар, як мяркуецца, будзе адрознівацца ад колішняга: як бы далёка ад іншай вёскі не знаходзілася сядзіба хутараніна, да яе абавязкова пракладуць дарогу, падвядуць лініі электраперадач, у любое надвор’е заверне аўталаўка, будуць даступны такія выгоды, як інтарнэт… Маўляў, хутаране як новая сацыяльная катэгорыя цалкам могуць папоўніць рады сельскай інтэлігенцыі, таму што ўвогуле такая новая справа пад сілу пераважна людзям адукаваным і смелым, якія ўмеюць рызыкаваць. Пакуль усе намеры на гэты конт так і засталіся на словах. І паўстае іншае пытанне: а ці магчыма адрадзіць хутарскія пасяленні, калі з карты паступова знікаюць цэлыя вёскі?

Марына Вакульская, Аляксандр Мелеш (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *