Прайшло першае ў гэтым годзе пасяджэнне камісіі садзеяння кантролю за выкананнем заканадаўства аб свабодзе сумлення, веравызнання і рэлігійных арганізацыях. З дакладам аб канфесіянальнай абстаноўцы, якая склалася ў раёне за мінулы год, выступіла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама С.А.ІВАНЕНКА. З гэтай нагоды і адбылася наша гутарка са Святланай Аляксандраўнай.
— Аддзелам ідэалагічнай работы райвыканкама ў мінулым годзе было праведзена сацыялагічнае апытанне па вывучэнні этнаканфесіянальнай сітуацыі ў раёне. Якія яго вынікі?
— Было апытана 300 жыхароў Пружаншчыны, і мы атрымалі наступныя вынікі: да праваслаўных сябе адносяць 88 % ад колькасці апытаных, да католікаў – 6 %, да пратэстантаў – 3 % і столькі ж — да атэістаў. Ад колькасці апытаных, якія адносяць сябе да праваслаўных, веруючымі сябе лічаць 75 %, выконваюць патрабаванні рэлігіі – 22 %. Веруючымі ад колькасці апытаных католікаў лічаць сябе 60 %, а выконваюць патрабаванні рэлігіі – 50 %. Усе апытаныя пратэстанты назвалі сябе веруючымі і бездакорна выконваючымі патрабаванні рэлігіі. Важным для нас быў і такі паказчык: пераважная большасць рэспандэнтаў да прадстаўнікоў іншых канфесій адносіцца станоўча.
— Святлана Аляксандраўна, колькі ў нашым раёне дзейнічае рэлігійных абшчын і якіх канфесій?
— Па стану на пачатак гэтага года зарэгістраваны і дзейнічаюць 38 рэлігійных абшчын чатырох канфесій. З іх: 24 — праваслаўныя, 6 – рымска-каталіцкія, 3 – евангельскіх хрысціян-баптыстаў, 5 – хрысціян веры евангельскай. Рэлігійнай адукацыяй у раёне займаюцца 16 нядзельных школ розных канфесій.
— У якім стане знахо-дзяцца культавыя пабудовы? Як вядома, многія з іх маюць гісторыка-культурную каштоўнасць…
— Усе культавыя пабудовы ў раёне знаходзяцца ў добрым ці здавальняючым стане, акрамя Траецкага касцёла ў в.Лыскава і Свята-Уладзімірскай царквы ў Варанілавічах. А тыя культавыя пабудовы, што маюць гісторыка-культурную каштоўнасць, амаль усе выкарыстоўваюцца па назначэнні рэлігійнымі абшчынамі. Выключэнне – жылы корпус былога манастыра місіянераў 1763-1765 гадоў пабудовы ў в.Лыскава. Будынак належыць Пружанскай ЦРБ і знаходзіцца ў здавальняючым стане.
У мінулым годзе рашэннем раённага Савета дэпутатаў бязвыплатна ва ўласнасць Свята-Петрапаўлаўскай царквы г.п.Ружаны перададзены будынак былога манастыра базылян. Цяпер вырашаецца пытанне аб вяртанні былой пабудовы малітоўнага дома, дзе размяшчаецца аптэка, рэлігійнай абшчыне царквы евангельскіх хрысціян-баптыстаў в.Лыскава.
— Мясцовая ўлада дапамагае рэлігійным арганізацыям у будаўніцтве і рамонце царкоўных пабудоў?
— У мінулым годзе за кошт свабодных астаткаў райбюджэту аказана матэрыяльная дапамога ў памеры 3,5 мільёна рублёў Свята-Казанскай царкве в.Мурава і столькі ж Свята-Пакроўскай царкве в.Гарадзечна.
— Раскажыце, калі ласка, пра служыцеляў культавых устаноў раёна.
— У прыходах працуе 31 святар. Рэлігійную дзейнасць у рымска-каталіцкіх прыходах ажыццяўляюць тры замежныя свяшчэннаслужыцелі — грамадзяне Рэспублікі Польшча. Ніякіх нараканняў на іх дзейнасць няма. Прыхаджане ўсіх прыходаў адзываюцца аб ксяндзах толькі станоўча.
— Як вядома, рэлігійным арганізацыям адводзіцца пэўная роля ў пытаннях духоўнага выхавання…
— Рэлігійныя арганізацыі, і найперш Беларуская праваслаўная царква, актыўна прыцягваюцца да правядзення мерапрыемстваў у сферы адукацыі, культуры, захавання гісторыка-культурнай спадчыны. Паміж аддзелам адукацыі райвыканкама і Пружанскім благачыннем праваслаўнай царквы заключана праграма супрацоўніцтва на 2006-2010 гады. У адпаведнасці з гэтай праграмай распрацаваны мерапрыемствы па прапагандзе здаровага ладу жыцця, праводзяцца “круглыя сталы”, прысвечаныя пытанням рэлігіі і яе ролі ў жыцці людзей.
— Святлана Аляксандраўна, а ці былі ў нас выпадкі несанкцыянаваных рэлігійных мерапрыемстваў?
— На пастаянным кантролі знаходзяцца пытанні па выяўленні і спыненні дзейнасці адэптаў дэструктыўных сект і замежных місіянераў, спроб правядзення несанкцыянаваных рэлігійных мерапрыемстваў, распаўсюджання рэлігійнай літаратуры па-за культавымі пабудовамі. У мінулым годзе на тэрыторыі раёна такіх фактаў зафіксавана не было.
Камісія садзейнічання кантролю за выкананнем заканадаўства аб свабодзе сумлення, веравызнання і рэлігійных арганізацыях пастаянна аналізуе стан канфесійнай абстаноўкі ў раёне і прымае меры па забеспячэнні стабільнасці. Яе работа і ў далейшым будзе накіравана на ўмацаванне цярпімасці паміж рэлігійнымі арганізацыямі розных веравызнанняў.
Гутарыла Галіна КАЛЯДА.