Пятница, 14 февраля 2025

Отдельный стенд для дипломов сделали в ОАО «Пружанский молочный комбинат»

1 617

Апошнія некалькі гадоў справы ААТ «Пружанскі малочны камбінат» прыкметна ідуць у гору. І пацвярджэннем таму могуць стаць шматлікія высокія ўзнагароды, для якіх нядаўна давялося рабіць асобны стэнд — яго размясцілі ў сыраробным цэху. Гэты цэх для дэманстрацыі поспехаў малочнага камбіната выбралі невыпадкова: асноўным відам выпускаемай прадукцыі на прадпрыемстве з’яўляецца сыр, а адпаведна і найбольш тытулаваным вырабам калектыву. Мяркуйце самі: сярод шматлікіх узнагарод толькі апошніх двух гадоў — дыплом пераможцы конкурсу на саісканне прэміі аблвыканкама ў вобласці якасці, гран-пры конкурсу «Прадукт года 2014» у катэгорыі «Інавацыя» па выбары спажыўцоў, залатыя медалі шматлікіх беларускіх і расійскіх галіновых выстаў і іншыя.IMG_6406

Пра шлях да поспеху і прызнання расказвае начальнік сыраробнага цэха А.М.Карсюк. На думку Алены Мікалаеўны, на гэтым шляху было некалькі этапаў. Безумоўна, уздыму паспрыяла мадэрнізацыя цэха, якая завяршылася ў 2009 годзе. Новае абсталяванне дазволіла вырашыць як мінімум дзве праблемы: па-першае, палепшыць якасць вырабляемай прадукцыі і нарасціць вытворчую магутнасць, па-другое, прадаставіла магчымасць для творчых пошукаў.

— Мы рызыкнулі пайсці па новым шляху, — зазначае Алена Мікалаеўна Карсюк. — Пераняўшы самыя лепшыя традыцыі, надаць ім навізну. Так, напрыклад,  на прылаўках магазінаў з‘явіўся сыр «Фермерскі» — абноўлены варыянт «Расійскага», а палепшаным аналагам «Сметанковага» стала «Кармеліта».

Пружанская прадукцыя стала славіцца і якасцю. Зразумела, першапрычына высокай адзнакі па гэтым крытэрыі — якасць сыравіны: на сённяшні дзень пастаўляемае з сельгаспрадпрыемстваў малако класаў «экстра» і вышэйшага гатунку ў сукупнасці складае прыкладна 90%. Спецыялісты лабараторыі камбіната працуюць над гэтым паказчыкам разам з калектывамі малочнатаварных комплексаў. Таму, калі з мая бягучага года ў сілу ўступіў новы тэхрэгламент Мытнага саюза, які датычыцца прадпрыемстваў малочнай галіны, ён не пацягнуў кардынальных змяненняў у рабоце прадпрыемства: высокая якасць тут — норма.IMG_6421

Зараз вытворчая магутнасць цэха дазваляе перапрацоўваць ад 200 да 230 тон малака ў суткі, а на прадпрыемстве вырабляюць каля 30 відаў сыру. Большасць з іх — новыя сарты, якія вылучаюцца эксклюзіўнасцю. Так, за апошнія некалькі гадоў у асартыменце з’явіліся сыры з падоўжаным тэр-мінам паспявання. Напрыклад, «Пармезан OLD» — беларускі элітны сыр, аналаг італьянскага, — даходзіць да «кандыцыі» паўгода. Попытам не толькі ў беларусаў, але і ў расіян карыстаюцца новыя «Армель» з пажытнікам, «Вінзар» з украпленнямі віна, «Шангвей» з грыбамі шыітаке…

— Пакуль на такім асартыменце і спынімся, каб у гонцы за колькасцю не страціць якасць. А тым часам выношваем ідэі, чым парадаваць спажыўца, які прывык да нашага эксклюзіву.

Кіраўніцтва прадпрыемства справядліва зазначае, што поспехі сыраробаў — яшчэ і ў энтузіязме, з якім выконвае сваю работу начальнік сыраробнага цэха. Сама Алена Мікалаеўна сціпла прымяншае сваю ролю і гаворыць, што высокіх паказчыкаў камбінат дасягнуў дзякуючы намаганням службаў, якія задзейнічаны на ўсіх этапах вытворчасці сыру: начальніка лабараторыі, мікрабіёлагаў, работнікаў цэха і г.д. Але кожны раз, сустракаючыся з гэтай жанчынай, усё больш пераконваешся: гэта той выпадак,  калі гавораць, што чалавек знаходзіцца на сваім месцы. Хаця, як прызнаецца сама А.М. Карсюк, прафесію яна выбрала сабе па патрабаванні бацькоў. Праўда, ніколькі не пашкадавала аб гэтым.

— Хіба гэта дрэнна — карміць людзей?  І вельмі радасна, што і беларусы пачынаюць цікавіцца сырам  як прадуктам са сваёй унікальнай культурай спажывання. Больш таго, расце колькасць сырных гурманаў у Пружанах. Галоўнае — своечасова выконваць пажаданні спажыўцоў: той, хто заняў лідзіруючую пазіцыю ў сваёй галіне і стаў лічыць сябе разумней за астатніх, рызыкуе неўзабаве аказацца ззаду ўсіх.

Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *