У цяперашні час на тэрыторыі рэспублікі актуальнай праблемай з’яўляецца распаўсюджванне курыльных сумесяў, якія змяшчаюць у сваім складзе сінтэтычныя канабіноіды.
Гэтыя «міксы» рэкламуюцца як легальны прадукт, які нібыта не ўтрымлівае наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. Але гэта не адпавядае рэчаіснасці. Тым не менш, курыльныя сумесі атрымліваюць папулярнасць у маладзёжным асяроддзі, продаж іх актыўна вядзецца і пры дапамозе сеткі інтэрнэт, і на тэрыторыі ўстаноў адукацыі, у інтэрнатах.
У першую чаргу ад ужывання падобных сумесяў для курэння пакутуе чалавечая псіхіка, уздзеянне на яе аказваецца такое ж, як і пры ўжыванні моцнадзеючых наркатычных рэчываў. Пры частым ужыванні «спайсаў» з’яўляюцца галюцынацыі, трывога, ваніты, пачуццё панічнага страху. Вельмі часта аматары «спайсу» трапляюць у псіхіятрычную клініку.
Пакутуе і ўвесь арганізм у цэлым: лёгкія, печань і, так ці інакш, шэраг іншых органаў. Вельмі згубна ўздзейнічае курэнне спайсу на мозг. Капіляры мозгу, спрабуючы не прапусціць яд да «асноўнага цэнтра кіравання», рэзка звужаюцца. У выніку кроў не можа забяспечваць мозг кіслародам. Як і любыя іншыя клеткі, клеткі мозгу, пазбаўленыя кіслароду, проста гінуць. Чалавек ператвараецца ў «агародніну». Менавіта гэты эфект і падабаецца падлеткам — узнікае адчуванне лёгкасці і бесклапотнасці.
Так, лёгкасць надыходзіць. Але ці варта плаціць за некалькі гадзін такога «шчасця» сваім мозгам?
У мужчын гэты наркотык зніжае патэнцыю, у жанчын становяцца нерэгулярнымі менструацыі. У шэрагу выпадкаў гэта прыводзіць да бясплоддзя. Таму кожнай дзяўчыне варта сур’ёзна задумацца, перш чым «для інтарэсу» ўпершыню паспрабаваць спайс, і вырашыць, што ж з’яўляецца для яе больш прыярытэтным — атрымаць некалькі гадзін сумніўнага задавальнення або ў будучыні мець магчымасць стварыць нармальную сям’ю.
У адрозненне ад натуральных раслінных прэпаратаў, дапусцім, канопляў, дзеянне сінтэтычных курыльных міксаў на чалавечы арганізм у 5-10 раз мацнейшае. Практычна адразу пасля іх прыняцця наступаюць моцныя галюцынацыі, якія могуць прывесці да трагічных наступстваў, напрыклад, узнікне жаданне кінуцца пад колы аўтамабіля або выскачыць з акна 10-павярховага дома. У Беларусі за мінулы год устаноўлена шэсць выпадкаў з летальным зыходам ад кароткачасовага ўжывання спайсаў.
Вячаслаў Смактуновіч, урач-нарколаг.