З надыходам восені заўсёды расце колькасць пацыентаў са скаргамі на апатыю, нуду, нежаданне займацца звыклымі справамі, страту цікавасці да жыцця. Быццам бы хочацца заснуць разам з прыродай, пайсці ўслед за яе завяданнем, даць сабе законны адпачынак.
І атрымліваецца, што разам з заканамерным прыродным цыклам, завяршальным перыядам гадавой актыўнасці, мы атрымліваем яшчэ цэлы «букет» перажыванняў у выглядзе бездапаможнасці, страху, трывогі, сораму і віны — жорсткае выпрабаванне для любой псіхікі!
Самае цікавае, што многія, хто знаходзіцца ў падобным стане, маюць аб’ектыўныя прычыны гэтай прыгнечанасці. Хтосьці нядаўна расстаўся з каханым чалавекам. Хтосьці перанёс цяжкую хваробу. Хтосьці доўга і ўпарта працаваў, не дазваляючы сабе адпачыць. А ў некага ўсё гэта супадае з законным узроставым крызісам.
Але ў псіхікі свае законы актыўнасці і аднаўлення. Любы негатыўны вопыт асабістай гісторыі мае права быць перажытым.
Кветкі не могуць квітнець круглы год. Пасля перыяду росту ідзе пара збору ўраджаю. Чалавечая псіхіка вельмі нагадвае цыклічнасць прыроды. За перыядам напружання, максімальнай канцэнтрацыі намаганняў, уздымам энергіі заўсёды настае час нігрэда (тэрмін псіхолага К.Г. Юнга). Псіхічны стан чалавека на гэтым этапе поўны апатыі, бессэнсоўнасці, негатыўнага ўспрымання сябе і навакольнага свету.
Восень хоць і сумная хуткім паміраннем ранейшага жыцця, але рыхтуе нас да пераходу да наступнага этапу. Сама прырода паказвае нам прыклад пастаяннай трансфармацыі: памірання і адраджэння. Калі б мы з дзяцінства, услед за вераваннямі нашых старажытных продкаў, злучаліся з радасцю ажывання вясной і памірання восенню, то наш страх страты сябе ў заканамернасцях цыклаў жыцця не быў бы такім моцным.
Быць у крызісе, перажываць, засмучацца, гараваць чамусьці стала сорамна. Многія хаваюць нават ад саміх сябе патрэбу пабыць у спакоі і цішыні.
Псіхічная «восень» — гэта час законнай перадышкі. Мы не можам заўсёды быць у максімальна актыўнай пазіцыі, як бы нам гэтага ні хацелася. Псіхіка мае патрэбу ў адпачынку і перазагрузцы. І гэта факт, на які мы не можам паўплываць.
Але восень і зіма не вечныя. Пасля холаду і цемры заўсёды выглядае сонца. Зародак новага абавязкова праклюнецца і закала-сіцца. І гэта таксама факт. Прырода не трывожыцца пра тое, што вясна не наступіць. Можна ў яе гэтаму павучыцца.
Паклапаціцца аб усходах у гэты перыяд — гэта значыць, даць сабе спакой і забяспечыць падтрымку. Гэта значыць, што калі цяжка і горка, то можна і трэба гаварыць пра гэта. Можна і трэба быць з тымі, хто падтрымае. Не важна, блізкі гэта сябар, выпадковы спадарожнік або псіхатэрапеўт.
У сітуацыях крызісу важна ўмець дазволіць сабе слабасць і бяссілле. Можна так і сказаць сабе: «Я дазваляю сабе сёння быць слабым і бездапаможным». Не трэба перажываць, што гэта вам спадабаецца, і вы расслабіцеся навечна. Рэгрэс не бывае пастаянным.
У крызісныя перыяды нельга гвалтаваць сябе штучным «узбадзёрваннем». Менавіта для гэтага перыяду многія займаюць пазіцыю «Я павінен сабрацца і перастаць быць анучай». Гэта прамы шлях да пагаршэння карціны. Замест неабходнасці пагрузіцца ў пачуцці, паддацца ім, узнікае барацьба з самім сабой. Гэта можа часова прыглушыць тугу па абнаўленні, але неўзабаве яна прачнецца і знясе ўжо многае на сваім шляху. У зімовую глебу бескарысна кідаць насенне — зацішша само па сабе зробіць сваю справу. Псіхіка абнаўляецца ў цішыні і спакоі. А павольная ўдумлівая псіхатэрапія дапаможа звяртацца да ўсведамлення, падвядзення вынікаў, пераасэнсавання, выяўлення новых жаданняў.
І апошняе: варта сапраўды насцярожыцца ў выпадках неаднаразовага з’яўлення думак пра самагубства або калі перыяд вострага прыгнечанага стану і апатыі доўжыцца больш за тры месяцы. Гэта адназначныя паказанні для звароту да спецыяліста.
***
У цэнтральнай раённай бальніцы функцыянуе кабінет псіхолага-псіхатэрапеўтычнай дапамогі, дзе вас выслухаюць урач-псіхатэрапеўт ці псіхолаг.
Тэлефон для запісу 9-04-65. Паслугі прадастаўляюцца бясплатна.
Таццяна Курачынская, псіхолаг УАЗ «Пружанская ЦРБ».