Четверг, 17 апреля 2025

ООО «Эколеспродукт»: грибы — это бизнес

3 234

Хадзіць па грыбы і па ягады – любімы занятак многіх. Але гэта магчымасць не толькі зрабіць запасы на зіму для сябе, але і папоўніць сямейны бюджэт. А прадпрымальныя людзі на дарах прыроды арганізоўваюць уласную справу. Бізнес даходны, ды не такі просты, як здаецца на першы погляд.

Адразу трэба адзначыць, што колькасць суб’ектаў гаспадарання, якія займаюцца нарыхтоўкай ягад і грыбоў, расце з кожным годам. Сёлета на Пружаншчыне зарэгістраваны ажно 55 юрыдычных асоб. Лідар сярод іх – прыватнае прадпрыемства “Экалеспрадукт”, кіраўнік якога Валерый Баярын.

— Нарыхтоўка і перапрацоўка ягад і грыбоў не такая лёгкая справа,— расказвае Валерый Вячаслававіч.— Праца носіць сезонны характар і ад надвор’я залежыць. Напрыклад, могуць здарыцца замаразкі падчас цвіцення ягад або засуха ў перыяд росту грыбоў.

Пік дзейнасці ТАА “Экалеспрадукт”, якое было створана ў нашым раёне ў 2010 годзе, прыпадае на лета і восень. У гэты час на прадпрыемстве працуюць 75 нарыхтоўшчыкаў, якія дзейнічаюць ва ўсіх раёнах Брэсцкай вобласці і ў трох раёнах Гродзенскай. Яны дастаўляюць дары лесу ў вёску Куплін, дзе знаходзяцца складскія і халадзільныя памяшканні таварыства. Сезонныя работнікі займаюцца пераборкай грыбоў і ягад. Да ўсіх працуючых шмат патрабаванняў:стараннасць, акуратнасць і  цярплівасць, і, зразумела, абавязковае праходжанне медагляду.

Каб атрымаўся высакаякасны замарожаны прадукт, свежасабраныя ягады і грыбы праходзяць строгі кантроль адпаведнасці санітарным нормам.  Вельмі важна правільна падысці і да працэсу перапрацоўкі. Для гэтага “Экалеспрадукт” у мінулым годзе набыла тры спецыяльныя халадзільныя камеры і камеру шокавай замарозкі (раней прадпрыемства арандавала халадзільнікі). Пры шокавай замарозцы  астуджаная ягада трапляе ў тэмпературу  мінус 35 градусаў, што дазваляе захаваць яе першапачатковую якасць.  Пасля расфасоўкі прадукцыя таварыства адпраўляецца ў Еўропу.  Дарэчы, “Экалеспрадукт” сёлета плануе адправіць на экспарт дзікарослай прадукцыі на суму ў мільён еўра.

– Еўрапейскія краіны заўсёды вялікую ўвагу надавалі якасці тавараў, якія яны набываюць,— гаворыць дырэктар.— Місія нашага прадпрыемства заключаецца ў вытворчасці экалагічна чыстай і бяспечнай прадукцыі. Таму выпуск замарожаных ягад і грыбоў заўсёды спалучаны з пільным кантролем якасці на кожнай стадыі вытворчасці.

Дзейнасць прыватнага прадпрыемства “Экалеспрадукт” прыносіць і немалыя паступленні ў раённы бюджэт. Толькі за 2011 год яны склалі паўмільярда рублёў.  У будучым фірма прагназуе толькі развіццё і далейшы рост. А гэта — павелічэнне выплат у бюджэт і новыя працоўныя месцы ў раёне.

Яніна Шука.  Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *