У раёне больш за 800 гектараў займаюць сады інтэнсіўнага тыпу. Высаджаны яны ў ААТ «Айчына», «Жураўлінае», «Ружаны-Агра», РУП «Брэсцкая абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі». Узорамі садаводства могуць служыць і асобныя фермерскія гаспадаркі. Піянерам у развіцці садаводства інтэнсіўнага тыпу выступіла ААТ «Айчына». На працягу 2005-2007 гадоў тут быў закладзены прамысловы яблыневы сад з сістэмай кропельнага арашэня на плошчы 171 гектар. Яблыневы сад гаспадаркі толькі праз пяць-сем гадоў пасля пасадкі ўваходзіць у сваю сапраўдную сілу. І гэта назіраюць тутэйшыя садаводы. Першыя гады збіралі па 300-400 тон пладоў. А цяпер, калі сад пасталеў, ён пачаў даваць каля паўтары тысячы тон вітаміннай прадукцыі. У садзе каля вёскі Смаляны растуць пад два дзясяткі сартоў яблыкаў. Сярод сартоў замежнай селекцыі неабходна адзначыць такія, як «айдарэд», «шампіён», «імрус», «імант». Апошнім часам шмат увагі надаецца і беларускім сартам: «беларускае салодкае», «вербнае», «дарунак», «алеся», «надзейны»…
— Сёлета ўраджай яблыкаў нас не надта радуе і чакаецца на ўзроўні 700 тон, гаворыць начальнік цэха садаводства М.У.Гардзійчук.
Прычыну такога становішча спецыяліст бачыць у слабой прадуктыўнасці замежных сартоў. Свае, як правіла, лепш пераносяць зімы, менш хварэюць. Да таго ж сапраўдным бічом садаводаў сталі лічынкі хрушча, якія псуюць карані, ад чаго дрэўцы гінуць.
Акрамя яблыкаў, у садзе на плошчы 1,9 гектара растуць буякі, 1,6 гектара адвялі пад суніцы садовыя, 1,8 гектара — пад чорныя парэчкі, 30 сотак займае маліна рэмантантная. Закладзены на тэрыторыі саду матачнік і плодагадавальнік. На наступны год плануецца атрымаць каля 15 тысяч штук уласных саджанцаў, якія пойдуць на замену загінуўшых дрэўцаў.
У бягучым годзе было сабрана 15 тон суніц садовых, 1,9 тоны чорных парэчак, 800 кілаграмаў маліны і 251 кілаграм буякоў. Прычым ураджай буякоў быў атрыманы ўпершыню.
Практычна ўсе суніцы былі адпраўлены на экспарт у Расійскую Федэрацыю. Попытам у расійскага спажыўца таксама карысталіся буякі і чорныя парэчкі.
Што датычыцца яблыкаў, то пакуль яны адразу з саду накіроўваюцца ў сховішча, дзе могуць праляжаць да вясны. Дзесяць тон вітаміннай прадукцыі закладзены ў стабілізацыйны фонд. Праўда, як патлумачыла Марына Ула-дзіміраўна, ужо ёсць прапановы з расійскіх рэгіёнаў на закуп яблыкаў. Пакуль яшчэ вывучаецца попыт і цэнавыя прапановы, але ўжо хутка пачнецца іх адпраўка замежным пакупнікам.
Як адзначаюць садаводы, цяперашняя цана рэалізацыі яблыкаў ( 5500 рублёў) за кілаграм іх задавальняе. Хутчэй за ўсё, нават з гандлёвай надбаўкай задаволіць яна і нашых пакупнікоў, якія спадзяюцца, што айчынныя яблыкі зімою не будуць каштаваць даражэй, чым бананы, і хопіць іх на ўсіх.
На здымках: на ўборцы яблыкаў працуюць работнікі саду Г.М. Шчэрба, В.В.Ганчук і В.А.Цярэшка; начальнік цэха садаводства М.У. Гардзійчук; на ўборцы яблыкаў у садзе ААТ «Айчына» не першы год працуе Н.У.Расахатая.
Мікола Архуцік, Сяргей Талашкевіч (фота).