Понедельник, 2 декабря 2024

Одна проблема на всех — старость. Кто поможет 11 старикам из д.Замошье Пружанского района?

3 105

«Добры дзень, паважаныя работнікі раённай газеты! Я — жыхарка маленькай вёсачкі Замошша. Нас тут засталося ўсяго 11 чалавек… Нам вельмі нялёгка. А часам так хочацца ласкі і ўвагі, ці хаця б каму-небудзь расказаць аб сваім жыцці…
Паўліна Іванаўна Лаптановіч».

Гэта толькі ўрывачак з хвалюючага допісу на лістах з вучнёўскага сшытка ў клетачку. Не адгукнуцца на яго мы не маглі. Бельчыцы, Залессе, Баравікі… Усе вёсачкі — адна ў адну. Назвы ім у свой час даваў лес. Ён спрадвеку іх і карміў, і саграваў у холад… Замошша — апошняя вёска ААТ «Агра-Калядзічы». Адразу за ёю раскінуліся палеткі «Жураўлінага». Урэшце, якая розніца? На межах дзвюУх лепшых у раёне гаспадарак ніхто не расстаўляў заслоны дабраце, чалавечнасці, увазе і павазе да старасці…

ПАЎЛІНА Іванаўна Лаптановіч жыве ў доме №13.
— Усё маё жыццё, як тая нешчаслівая лічба,— расказвае бабуля, адставіўшы ў бок калаўрот, на якім прала воўну.

Маладою ёй было не да гуляў: даглядала нямоглых бацькоў, працавала ў калгасе. Ніхто ў Замошшы не мог так спрытна скласці сцірту — ніякай вышыні Паўліна не баялася. І араць умела, і касіць.

— Бывала, напяку ляпёшак з вікі: дзве — маме, дзве — тату, дзве — сабе. А бацька вяртае палову свайго абеда: «Еш, Паўля, табе заўтра ісці салетру раскідваць!» Тэхнікі было мала. Салетру тую па полі вёдрамі разносілі — сілы на цэлы працоўны дзень патрабавалася нямала.

Не паспела Паўліна азірнуцца, а дзявоцтва закончылася. Спалохалася: хто мяне возьме — бядноту ды яшчэ са старымі бацькамі? Вырашыла нарадзіць дзіця — уцеху і падтрымку сабе на старасць. Атрымалася — наадварот. Цяпер толькі і ведае баба Паўля, што адзіны яе сын жыве недзе на Сахаліне. Нават на маскоўскую перадачу «Жди меня» пісала, каб адшукаць яго ды напомніць пра маці. Баіцца, што жыцця можа не хапіць, каб дачакацца адказу.

Бабуля вельмі задаволена прыезду цікаўных слухачоў. Бядуе толькі, што расказваць ёй даводзіцца больш пра непрыемнае: пра адзіноцтва, якое з кожным днём адчуваецца ўсё вастрэй, хваробы, якія даймаюць усё часцей, а яшчэ больш — пра дабрыню і абыякавасць, якія, аказваецца, заўсёды ходзяць побач.
Спрацаваныя рукі спрытна перабіраюць воўну. Вось спрадзе бабуля ніткі і зноў звяжа каму-небудзь на памяць цёплыя шкарпэткі…

Людзям вельмі важна ведаць, што побач жывуць тыя, хто здольны ўзяць на сябе хаця б частку іх клопатаў, гатовы прыйсці на дапамогу. Але да Мокраўскага сельскага Савета  11 кіламетраў. Стараста жыве ў Рудніках,— бабулі нават не маглі ўспомніць яе прозвішча. Цяпер самым блізкім для іх чалавекам з’яўляецца паштальён. Наталля Васільеўна Мішкевіч бывае ў вёсцы штодзень. Прыветную, добразычлівую жанчыну тут вельмі чакаюць, таму што разам з любімымі газетамі і часопісамі яна прывозіць людзям патрэбныя лекі.

ВЕРА Васільеўна і Сямён Антонавіч Шамрукі — адзіная ў Замошшы пара. Вяскоўцы ім па-добраму зайздросцяць: вядома ж, удвух і лягчэй, і весялей.
У час нашага прыезду дзед Сямён, нягледзячы на мароз, адкрываў скапец. Бульба летась не зарадзіла, мусова пачынаць карміць свінчо бурачкамі. Соткі пад бульбу Шамрукі бяруць «у калгасе». Праблем з уборкай няма: Вера Васільеўна і Сямён Антонавіч выгадавалі пяцёра дзяцей, дачакаліся сямі ўнукаў і праўнучка. Дзеці ўсе ў Брэсце, але наведваюць бацькоў часта і, калі якая мітрэнга, усёй талакой лёгка з ёю спраўляюцца. Ды і самі дзед з бабай, хаця абодвум сёлета спаўняецца па 80 гадоў, дзякуй Богу яшчэ маюць сілы ўпраўляцца і на полі, і па гаспадарцы. Да работы яны звыклыя: Вера Васільеўна 20 гадоў адпрацавала даяркай у калгасе, Сямён Антонавіч 28 — трактарыстам.

Два разы ў тыдзень у Замошша прыязджае аўталаўка: у панядзелак — позна вечарам, у чацвер — да абеду. Старыя стараюцца запасціся хлебам у чацвер. Для большасці іх выхад з кіёчкамі на вуліцу ў прыцемках проста немагчымы. Прадаўца аўталаўкі ў вёсцы любоўна называюць Людачкай. Старыя ніколі не чулі ад Людмілы Аляксееўны Нікалайчук благога слова і вераць ёй, як дачцэ. Людміле Аляксееўне можна зрабіць заказ на будучы прыезд. Выканаць яго жанчына ніколі не забывае.

УСЕ ЖЫХАРЫ вёскі маюць прыкладна аднолькавы ўзрост. «Адна кампанія!»— з горкім гумарам зазначыла пра гэта Паўліна Іванаўна. Рыгор Рыгоравіч Клюкач у гэтай «кампаніі» — самы пажылы. Сёлета яму спаўняецца 86 гадоў. Ён — адзіны ў вёсцы ветэран Вялікай Айчыннай вайны.

Ваяваў на Першым Украінскім фронце, вызваляў ад фашысцкай нечысці Варшаву, браў Берлін. У Берліне, дзе ішлі жорсткія баі літаральна за кожны дом, загінуў яго напарнік і зямляк Іван Самусевіч з суседніх Навадворцаў. З ім разам Рыгор Рыгоравіч прызываўся на фронт, у адным кулямётным разліку ваявалі…

Пра Вялікую Перамогу салдат даведаўся пад Прагай.  Але вярнуцца са службы давялося толькі ў 48-ым. Замест бацькоўскага дома яго чакаў адзін падмурак…
Цяпер Рыгор Рыгоравіч жыве разам з сынам Мікалаем. Яны трымаюць хатнюю жыўнасць і ў сваім жа хляве даглядаюць «калгаснага» каня, які для ўсёй вёскі з’яўляецца вялікай падтрымкай. Мікалая ніколі не трэба ўпрошваць, каб дапамог бульбу абгараць, па дровы з’ездзіў ці зерне завёз на млынарню ў Руднікі. І сам працуе, і, калі трэба, давярае каня гарадскім дзецям, прыехаўшым бацькам на дапамогу. Гэта ён на тоўстым сухім ствале дрэва побач з бацькоўскім домам прымацаваў памост пад буслаўку. Напэўна, у спадзяванні на стварэнне сям’і і далейшае жыццё роднай вёскі.

Галоўная праблема жыхароў Замошша — старасць. Дык яна ці ў вёсцы, ці ў горадзе — усюды аднолькавая,— разважаюць вяскоўцы. Ад яе, як ад хвароб і немачы, якія яна з сабой прыводзіць, нікуды не збегчы. Фельчар Рудніцкага ФАПа Алена Сяргееўна Валько прыязджае ў вёску па першым выкліку. Не шкадуючы асабістай аўтамашыны. Але часцей бабулям прыходзіцца лячыцца… па тэлефоне. Алена Сяргееўна цярпліва выслухоўвае іх скаргі і  назначае лекі. Прывозіць іх хворым паштальёнка.
— А што будзе, калі фельчар пойдзе на заслужаны адпачынак, а новы, малады не захоча іх слухаць і прыязджаць у вёску?— непакояцца старыя.

АДМЕТНАСЦЬ вёскі: амаль усе жанчыны тут носяць чорныя хустачкі. Ганна Сцяпанаўна Радзінская — таксама. Сем месяцаў, як памёр яе муж.
— Прыгожа ў нас. Лес прама пад вокнамі, грыбы, маліна, чарніцы. Толькі іх ужо няма каму збіраць…

У Замошшы і дрэвы ўздоўж вуліцы такія ж старыя, як людзі. Іх голыя, абламаныя гадамі галіны падобны на пакручаныя нялёгкай працай рукі. І каля кожнай хаткі адкрытыя веснічкі: ці то снег вароты трымае, ці то людзі знарок іх не зачыняюць, быццам чакаюць, каб хто-небудзь зайшоў-заехаў…

САМЫ ПРЫГОЖЫ дом стаіць на ўездзе ў вёску. Пафарбаваная ў зялёны колер шалёўка, светлыя ваканіцы, прасторны двор і таксама адкрытыя варотцы: заходзьце, людзі добрыя!
Гаспадыня дома Любоў Барысаўна Басак больш чым 20 гадоў адпрацавала швачкай у Рудніцкім атэлье.
У любое надвор’е, дзень у дзень ездзіла туды на веласіпедзе. А цяпер думаю: як гэта далёка, ажно пяць кіламетраў!

Любоў Барысаўна і цяпер не развітваецца з любімай справай. У цёплых і зручных валёнках-бурачках, пашытых ёю, ходзяць не толькі аднавяскоўцы, але і жыхары суседніх вёсак. З задавальненнем перашывае баба Люба і выйшаўшыя з моды сукенкі, якія звозяць гарадскія дочкі сваім маці.
У самой яе двое сыноў, пяць унукаў, праўнучак і праўнучка. Адзін унук — кандыдат хімічных навук — жыве і працуе ажно ў Францыі. Чорная хустачка на галаве бабулі — траур па цётцы, якую дагледзела і нядаўна пахавала. А 14 гадоў таму памёр муж, сем гадоў — сын…
Я і з кіёчкам ужо не дайду да канца сваёй вёскі…

Святлана Мікалаеўна Ханавец з’яўляецца старшынёй Мокраўскага сельскага Савета дэпутатаў усяго чатыры месяцы. У яе планах ужо з вясны пачаць рэгулярна арганізоўваць у аддаленых вёсках сацыяльныя дні — з абавязковым выездам сацыяльных работнікаў, медыкаў. Як гэта даўно практыкуецца ў Шаняўскім сельсавеце. Абяцае сама паклапаціцца наконт транспарту, каб фельчар змагла часцей выязджаць да хворых…

НА ЖАЛЬ, у той дзень мы не змаглі наведаць усіх вяскоўцаў. Не пабывалі ў Еўдакіі Іванаўны Клюкач, не паслухалі аповед аб апаленым вайной дзяцінстве малалетняга вязня Соф’і Міхайлаўны Клімашэвіч і Ганны Захараўны Мышкевіч, якая будучы ўжо на пенсіі абірала за восень не адну тону калгасных цукровых буракоў. Не наведалі Аляксандру Ціханаўну Саўчук, якую даглядаюць пераехаўшыя з Брэста пасля выхаду на пенсію дачка з зяцем… На вялікім цярпенні, стойкасці такіх, як яны, людзей, на іх працавітасці, патрабуючай узамен так мала, заўсёды трымалася і цяпер трымаецца вёска.

Калі ад’язджалі дахаты, дымок з вясковых комінаў віўся зусім нізка. Значыць, будзе пацяпленне! І, магчыма, не толькі ў прыродзе, але і ў чалавечых душах…
Ганна Хадаровіч, фота Аляксандра Мелеша.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *