Традыцыйна 15 сакавіка ў нашай краіне адзначаецца Дзень спажыўца. Працяглы час у нас паспяхова дзейнічае таварыства абароны правоў пакупнікоў. І, як зазначае спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама І.У.Шука, якая курыруе гэтыя пытанні, штогод да яе звяртаюцца шмат пакрыўджаных несправядлівымі адносінамі. Напрыклад, па словах Інэсы Уладзіміраўны, летась пацярпелымі сталі тыя, хто набыў рэчы праз дагаворы крэдытавання непасрэдна ў магазінах.
— У асноўным даводзілася вырашаць праблемы тых, хто набыў рэч у прыватных прадаўцоў,— расказвае спецыяліст. — З-за непаразуменняў з курсам валют некаторыя ўладальнікі гандлёвых аб’ектаў званілі кліентам і патрабавалі перагляду дагавораў з павышэннем цэн.
Як вызначаецца Законам «Аб абароне правоў спажыўцоў», такія патрабаванні не з’яўляюцца правамернымі. Таму што пісьмовы дагавор на пакупку-продаж тавараў заключаецца ў беларускіх рублях. Акрамя таго, як гаворыць І.У.Шука, нават па маральных нормах такія патрабаванні былі несправядлівымі. У свой час прадавец набыў тавар за тую суму, за якую ён з гандлёвай надбаўкай яго і рэалізаваў.
— Між тым, практычна ва ўсіх выпадках давялося юрыдычна дапамагаць пакупнікам абараняцца ад такіх нядобрасумленных прадпрымальнікаў. Рабілася гэта шляхам афармлення праз банкаўскія ўстановы плацёжных дакументаў, якія ў выпадку звароту прадаўца ў суд могуць пацвердзіць факт аплаты пакупкі згодна з крэдытнай дамовай. Практычна ўсе такія выпадкі былі ўрэгуляваны на карысць спажыўцоў.
У некаторых гандлёвых кропках зараз пачалі афармляць банкаўскія крэдыты. Здаецца, тут правы спажыўцоў больш абаронены. Аднак, мяркуючы па зваротах грамадзян, зноў жа не абыходзіц-ца без нанясення шкоды. Справа ў тым, што кліенты блытаюць дагавор на выдзяленне крэдыту з дагаворам на пакупку. Такім чынам, прыватны банк выдзяляе прадпрымальніку грошы на набыццё якой-небудзь рэчы для яго кліента.
Адносіны прадаўца і пакупніка часта афармляюцца вусна: маўляў, праз месяц прывязем заказ. Але ні праз месяц, ні праз два тавару няма, а прыходзіць час пагашаць пазыку і працэнты па ёй.
— Такія справы больш заблытаны і ніякіх пераваг спажывец тут не мае,— тлумачыць І.У.Шука.— Усё вырашаецца толькі пры разуменні сітуацыі з боку прадаўца. Толькі ў адным з выпадкаў была дасягнута дамоўленасць аб вяртанні грошай. У астатніх выпадках прадпрымальнікі карысталіся чужымі грашыма на свае мэты, а заказ не спяшаліся выконваць.
У якасці абароны Інэса Уладзіміраўна раіць спажыўцам больш уважліва чытаць усе пункты дагавора, на ўсе віды адносінаў з магазінам складаць асобныя пісьменныя дамоўленасці.
Пасля пакупкі абавязкова захоўвайце квіткі, у некаторых выпадках нават лепш зрабіць некалькі ксеракопій іх.
Падрыхтаваў Алег Сідарэнка.