Гадоў шэсць назад ААТ «Мурава» некалькі змяніла спецыялізацыю: таварыства прайшло адпаведную атэстацыю і набыло статус элітгаса. Вытворчасць элітнага насення збожжавых і зернебабовых культур, а таксама шматгадовых траў стала адным з «кітоў», на якім цяпер будуецца эканоміка.
Пераходу на новы накірунак дзейнасці папярэднічала падрыхтоўчая работа. У прыватнасці, быў пабудаваны новы зернесушыльны комплекс, набыта насеннеачышчальная лінія. Пабудаваны насенны склад, закуплена неабходнае абсталяванне.
Жніво ў гаспадарцы мае таксама свае асаблівасці. Пасевы, якія прызначаны на насенне, павінны быць без ніякіх відавых прымесяў і чыстымі ад пустазелля. Трэба адзначыць, што агранамічная служба з гэтай задачай спраўляецца выдатна. Пацвердзіла гэта, дарэчы, і камісія па прыёмцы насенных пасеваў.
А ўвогуле, сёлета ў гаспадарцы неабходна ўбраць збожжавыя і зернебабовыя культуры на плошчы 1,5 тысячы гектараў. Крыху больш за палову ўсяго збожжавага палетка займаюць пшаніца і трыцікале.
Пачалася ўборачная кампанія ў ААТ «Мурава» з азімага ячменю. З кожнага гектара ў сярэднім сабраны 41 цэнтнер збожжа, што ва ўмовах сёлетняга года зусім няблага. Больш за 30 цэнтнераў на круг атрым-ліваецца алейнага насення рапсу.
Цяпер камбайны задзейнічаны на ўборцы яравога ячменю і тры-цікале.
— Усе ўдзельнікі жніва забяспечаны двухразовым гарачым харчаваннем, — гаворыць старшыня прафкама гаспадаркі А.І.Маркечка. — Каб з’эканоміць час, абеды на дзвюх машынах дастаўляюцца прама ў поле.
Бадай, самае прыемнае тое, што камбайнеры, вадзіцелі і механізатары прымаюць ежу, седзячы за сталом, пакрытым яркай цыратай.
— Нічога складанага ў гэтым няма, — кажа Аляксандр Іванавіч. — Змайстравалі некалькі лавак і ўзялі два сталы. Усё культурна і прыстойна. Абсталяванне хутка загружаецца ў машыну і перавозіцца на іншае поле.
Абеды для ўдзельнікаў жніва рыхтуюцца ў сталовай гаспадаркі. Як расказала повар Л.М.Карпук, у абед механізатары атрымліваюць тры стравы, а вечарам — дзве. Вялікім попытам карыстаюцца піражкі з павідлам, прыгатаваныя ўмелымі рукамі жанчын са сталовай. У абавязковым парадку ў меню ўдзельнікаў уборачнай уключаюцца салаты.
Па водгуках саміх механізатараў, харчаванне ў палявых умовах іх поўнасцю задавальняе, за што яны выказваюць вялікае дзякуй усім сваім поварам.
На здымках: повар сталовай Л.М.Карпук, раздатчыцы І.С.Ільяшук і Л.В.Васільева, памочнік повара Т.В.Чарняк; абед у палявых умовах.
Фота аўтара.
Мікола Архуцік.