Прыклад, як можна вырашаць пытанні па-гаспадарску, паказала кіраўніцтва ААТ «Пружанскае ПМС». Прадпрыемству працяглы тэрмін належаў будынак былой сталоўкі, якая ўжо амаль два дзясяткі гадоў увогуле не працавала. Збудаванне настолькі кантраставала з адрамантаваным будынкам аддзялення банка і пошты побач, што былі меркаванні наогул яго знесці.
— Аднак мы вырашылі належачай нам нерухомасцю распарадзіцца інакш: аднавіць сталоўку,— расказвае дырэктар акцыянернага таварыства А.А.Шахновіч. — Дагэтуль мы рыхтавалі абеды сваім работнікам з дапамогай іншых арганізацый, а цяпер можам карміць іх самастойна. І карысна, і выгадна.
А на другім паверсе будынка было вырашана стварыць уласную міні-гасцініцу, у якой зараз могуць прымаць пастаяльцаў чатыры двухмесныя пакоі і адзін нумар «люкс».
Нельга сказаць, што ажыццявіць задуманае было лёгка. Спатрэбілася на гэта два гады і амаль паўтара мільярда рублёў. Між іншым, менавіта з-за фінансавага пытання расцягнуліся тэрміны рэстаўрацыі будынка. Але прадпрыемства вырашала ўсе пытанні ўласнымі сіламі, без пабочнага фінансавання. Мэбліроўку пакояў дапамагла выканаць Ружанская мэблевая фабрыка.
Задумка атрымалася. У гэтым запрошаныя госці, у тым ліку і старшыня райвыканкама М.М.Серкоў, пераканаліся ў мінулы аўторак падчас урачыстага адкрыцця. Самае галоўнае ў гэтай падзеі не толькі тое, што будынак адноўленай сталоўкі-гасцініцы будзе таксама ўпрыгожваць гэты мікрараён. Раней тут увогуле не было ніводнага кафэ або бара, дзе можна было б ладзіць сямейныя святы або карпаратывы. Цяпер такія пытанні будзе вырашаць лягчэй: памяшканне разлічана на 80 месцаў, працуе ўласная кухня, якая таксама мае сучаснае начынне.
Немалаважна і тое, што такім чынам арганізацыя не толькі вярнула ў зварот пустуючы будынак, які павінен прыносіць не толькі карысць, але і пэўны даход. Да таго ж прадпрыемствам створаны тры новыя працоўныя месцы.
Алег Сідарэнка, фота аўтара.