Лес і абочыны ўздоўж дарогі на ўездзе ў вёску Ляхі скрозь вытаптаны жывёлай. Асабліва выразна бачны глыбокія сляды цяпер, на снежным покрыве. Але не бярыцеся высвятляць, што за капытныя — ласі ці алені — гуляюць тут. У вёсцы вам кожны скажа: навакольныя ўгоддзі даўно асвоілі быкі і каровы мясцовага фермера Васіля Салтруковіча.
Васіль Леанідавіч стаў фермерам яшчэ ў пачатку 90-ых. Тады ў спадчыну ад маці яму дасталіся дзве каровы. Але правільна кажуць, што апетыт прыходзіць у час яды. З кожным годам пагалоўе станавілася ўсё большым (па дадзеных сельскага Савета адзін час у Салтруковіча налічвалася 36 жывёлін). І гэта адразу адчулі жыхары Ляхоў.
Справа ў тым, што даглядае іх фермер (толькі ці падыходзіць у гэтым выпадку слова «догляд»?) па асабістаму метаду, галоўны сэнс якога — у адкрытым, вольным утрыманні. СКАЖАЦЕ, што гэта ўжо неаднаразова апрабоўвалі многія жывёлагадоўчыя прадпрыемствы? Але ў адрозненне ад Салтруковіча, кароў, якія і дзень, і ноч знаходзяцца пад адкрытым небам, там, як мінімум, тры разы ў дзень кармілі і вадзілі на вадапой. Жывёла ж ляхоўскага фермера гуляе пад адкрытым небам, дзе ўздумаецца, а не толькі на фермер-скім палетку, корміцца таксама тым, што Бог дае: у лесе — сасновымі галінкамі, на палетках ААТ «Пружанскае» — азімымі і рапсам… Быкі і каровы, як паўночныя алені, прызвычаіліся даставаць сабе корм з-пад снегу. Ваду таксама дае прырода. Праўда, сёлета з нагоды моцных маразоў Васілю Леанідавічу, каб напаіць свой статак, усё-такі прыйшлося высячы ў кар’еры за вёскай некалькі палонак. У выніку тры цялушкі… ўтапіліся.
— Яны там і засталіся ў вадзе?— дапытваемся мы падрабязнасці гэтага няшчасця. Салтруковіч незадаволены: ён не любіць мець зносіны з рознымі правяраючымі, тым больш карэспандэнтамі. Калі бачыць, што дастаем блакнот ці фотакамеру, абрывае размову на паўслове. Але гэтак жа лёгка «заводзіцца» зноў:
— Чаму засталіся? Выцягнуў! Мяса ўсё-такі.
КОЛЬКІ ТАГО «мяса» ходзіць па лесе (ад хлява Салтруковіча ў той бок вядзе роўная, добра ўтаптаная жывёлай сцежка), фермер не гаворыць. Але прызнаецца, што сёлетняй — марознай і снежнай зімой прырода нямала паздзеквалася над яго жыўнасцю. Хворыя і гэтыя чатыры быкі, што знаходзяцца цяпер пад павеццю. Вось двое ўжо не паднімаюцца і не жуюць салому, жменьку якой кінуў пад самыя пысы «клапатлівы» фермер. Ён жа ўкрыў аднаго кілаграмаў на 500 быка ватняй коўдрай — ад холаду.
— Трэба было б выклікаць ветэрынара, — раім мы.
Васіль Леанідавіч усміхаецца. Яго статкам ужо даўно распараджаецца прырода: яна забірае слабейшых і дае новае папаўненне.
Дарэчы, пра папаўненне. Паколькі і каровы, і быкі Салтруковіча заўсёды разам, увесь статак складаюць прамыя наследнікі тых двух першых кароў. І няпраўду кажуць, перакананы «селекцыянер», што скрыжаванне «родзічаў» прыводзіць да выраджэння.
— Бачыце,— паказвае фермер на чуб маладога бычка, які побач з хворай жывёлай жуе салому,— гэта сведчыць пра тое, што з пародай у маім статку ўсё ў норме.
Па двары, шукаючы хоць які-небудзь корм сярод рознага ламачча ў снезе, ходзіць цельная карова. Дзе яна выбярэ сабе куточак для цялення — у лесе, ці ў якім-небудзь закутку напаўразваленых хлявоў? І гэтым распарадзіцца таксама прырода.
— А дзе астатні статак?— дапытваемся мы ў фермера. Гэтак жа смеючыся, ён паказвае рукой у бок лесу.
СМЕХ смехам, а вось жыхары Ляхоў нездарма наведваюць блізляжачыя лясы з вялікай апаскай. Сустрэць тут за сасной ці елачкай быка з налітымі крывёю ад голада і холада вачыма, не з’яўляецца нейкім выключэннем. У вёсцы ходзяць легенды пра быка Іллюшу ўзростам у 8-9 гадоў і вагой не менш як у паўтоны. Калі яму карцела пачасаць бакі аб вугал якой-небудзь аддаленай хацінкі, гаспадары станавіліся на калені перад абразамі. Іллюша некалькі гадоў трымаў у страху ўсю вёску і практычна адзін… пакрываў увесь статак, не саступаючы кароў іншым быкам. Калі ён побач, расказвалі вяскоўцы, да кароў Салтруковіча ніхто не мог падыйсці. Летась «моладзь» не вытрымала такога дыктату і, калі Іллюша стаў на шляху да каровы, забарола яго да смерці…
Васіль Леанідавіч на поўным сур’ёзе сцвярджае, што праз сваіх быкоў і кароў ён трымае сувязь з космасам.
— Чаму, калі вядуць на забой, у каровы з вачэй цякуць слёзы?— задае ён пытанне. Але прычым тут космас, якім чынам жывёла перадае свае думкі фермеру, тлумачыць не захацеў.
— Схавай «лейку»!— рашуча запатрабаваў ён ад фотакарэспандэнта і зачыніў перад намі двери sofia.
ПРАКТЫЧНА такія ж адносіны ў Васіля Леанідавіча да ўсіх, хто да яго прыязджае. Рашэнні раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, ветэрынарнай лабараторыі, сельвыканкама і нават суда, якіх адносна гэтага фермера назапасілася ўжо нямала, ён проста ігнаруе.
Салтруковіча не аднойчы штрафавалі. Аднак многія штрафы так і застаюцца не аплочанымі. Не адну камісію, якая прыяpджала разабрацца на месца, разганяў у поўным сэнсе слова бык Іллюша. Хаця прычын прызваць фермера да адказнасці існуе нямала: за пасьбу ў неўстаноўленых месцах, за шкоду, якая наносіцца лесу, урэшце, за жорсткія адносіны да жывёлы…
Жыве Васіль Леанідавіч адзін, у старым, неўладкаваным доме. На некаторых вокнах замест шкла — фанера.
— Калі прадасьце сваю жыўнасць і тым самым вызваліце яе ад пакут, а сябе ад работы,— даказвалі мы яму,— вам хопіць грошай і дом адрамантаваць, і падлячыцца ў санаторыі…
У адказ фермер зноў махае рукамі. Значыць, усё так і застанецца.
Ганна Хадаровіч, фота Аляксандра Мелеша.