Пятница, 1 ноября 2024

Новые Засимовичи ждут бизнесменов

1 940

Увогуле, у гэты дзень планаваўся толькі прыём насельніцтва намеснікам старшыні райвыканкама В.М.Зубко. Але разам з ім у Новыя Засімавічы прыехалі амаль усе супрацоўнікі аддзела эканомікі на чале з яго начальнікам Л.С.Імховік, а таксама начальнік аддзела будаўніцтва і архітэктуры А.В.Бушук, урач-гігіеніст цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Л.Л.Бяліцкая. І Вячаслаў Мікалаевіч не даў ім расседжвацца ў цёплым кабінеце.  Дзве групы атрымалі канкрэтныя заданні: зрабіць маніторынг работы гандлёвых кропак Новых Засімавічаў і аб’ектаў, якія перададзены ці яшчэ будуць перадавацца прадпрымальнікам на бязвыплатнай аснове пад стварэнне рабочых месц.

Да прыёму насельніцтва заставалася яшчэ амаль гадзіна. І В.М.Зубко скарыстаў яе на размову з новазасімавіцкімі прадпрымальнікамі. У кабінет старшыні сельвыканкама сабралася з дзясятак чалавек. Яны з цікавасцю паслухалі інфармацыю аб наяўнасці ў раёне пустуючых аб’ектаў, якія пры жаданні могуць стаць іх уласнасцю.

— Аддаем бясплатна,— зазначыў намеснік старшыні райвыканкама.— З адной умовай: каб было створана хаця б пяць-шэсць новых працоўных месцаў.

І сам унёс прапанову:

— У раёне прадпрыемствы грамадскага харчавання не маюць «твару». Вельмі да месца было б адкрыць, напрыклад, піцэрыю ці маладзёжнае кафэ.

Вячаслаў Мікалаевіч назваў і канкрэтныя адрасы: у цэнтры Ружан, у Лінове (невялікае памяшканне былога магазіна побач з чыгуначнай станцыяй аддаецца ў арэнду з наступным выкупам), у Шчарчове, дзе ёсць памяшканні і для кафэ, і для гасцініцы, а побач — былы ваенны палігон з цудоўнай магчымасцю арганізацыі адпачынку: збору грыбоў і ягад, палявання, лыжных спаборніцтваў і г.д.

Асабліва актыўна абмяркоўвалі магчымасці стварэння ў былой вайсковай лазні ў Новых Засімавічах аздараўляльнага цэнтра і праблему пустуючага цяпер будынка былога афіцэрскага кафэ. У кафэ некаторы час размяшчаўся прыватны бар «Шыкана» Наталлі Сачанок. Памяшканне вялікае, з усімі неабходнымі для арганізацыі грамадскага харчавання падсобкамі. Але ацяпленне гэтага бара аднімала шмат грошай. Гэта і з’явілася галоўнай прычынай яго закрыцця ў жніўні 2008 года, хаця дэфіцыту наведвальнікаў тут ніколі не адчувалася.

Узнікла тэрміновая неабходнасць перадачы будынка ў камунальную ўласнасць. У гэтым выпадку можна будзе аддаць яго ў арэнду ці нават бясплатна перадаць прадпрымальніку. З тым намерам, каб чалавек арганізаваў тут вытворчасць: калі не кафэ, то, напрыклад, швейную майстэрню.

Аднак сярод новазасімавіцкіх прадпрымальнікаў жадаючых узяць афіцэрскае кафэ пад сваё крыло пакуль што не знайшлося. Надта вялікія сродкі патрэбна ўкласці, каб даць будынку другое жыццё: тут абвалілася аздабленне столі, патрабуюць замены вокны і г.д.

Але ж прыклад гаспадарскіх адносін зусім побач: у свой час было бязвыплатна перададзена Міністэрствам абароны ў раённую камунальную ўласнасць памяшканне цяперашняга магазіна «Прадтавары». Цяпер гэта — лепшы магазін у Новых Засімавічах. Тут зроблены капітальны рамонт, арганізавана самаабслугоўванне. Не кожны гарадскі магазін паспаборнічае з ім у арганізацыі гандлю і ўтульнасці інтэр’еру.

Праўда, тут жа знайшоўся і адваротны прыклад. Будынак былой вайсковай гасцініцы таксама перададзены камунальнікам. Яшчэ нядаўна на яго першым паверсе размяшчаліся комплексны прыёмны пункт камбіната бытавога абслугоўвання і прыватная цырульня. Цяпер яны закрыты па прычыне высокага кошту ацяплення. Трымаецца пакуль што адна майстэрня па рамонту абутку. Малады майстар-абутнік Сяргей Карэтка прама заявіў: калі нічога не зменіцца, то яму таксама давядзецца закрывацца. Толькі за палову месяца на ацяпленне арандаванага куточка плошчай менш 18 квадратных метраў ён заплаціў 230 тысяч рублёў. В.М.Зубко паабяцаў абавязкова разабрацца з гэтай праблемай: такія неабходныя людзям аб’екты, як абутковая майстэрня і цырульня, павінны ў Новых Засімавічах працаваць…

Паглядзелі, як выкарыстоўваюцца памяшканні, перададзеныя для стварэння працоўных месцаў прадпрымальнікам Кацярыне і Аляксандру Дэйкам (СТА «Аніта-Мікс») і Аляксандру Магільнаму (ТАА «Рэкламная майстэрня «КіТ»). Вывады не аспрэчваліся: станцыя тэхнічнага абслугоўвання была адназначна прызнана адной з лепшых у раёне. А вось майстэрня «КіТ» практычна бяздзейнічае…

Але найбольш размоў вялося вакол пакуль што адзінага ў Новых Засімавічах аб’екта грамадскага харчавання, які да Новага года мяркуе адкрыць Наталля Неўдах, — кафэ «Домік у вёсцы». Невялікае збудаванне з натуральнага кругляку пад густоўны вясковы домік упрыгожыла пасёлак авіятараў. А яшчэ нядаўна, між іншым, тут стаяў проста прыстасаваны вагончык. Новы «Домік у вёсцы» стане цудоўным месцам адпачынку не толькі для дарослых, але і дзяцей. Тым больш, што побач Наталля Васільеўна разбіла дзіцячую пляцоўку з малымі архітэктурнымі формамі. За ўтульнымі столікамі на 25 пасадачных месцаў прыемна будзе правесці час з сябрамі і роднымі — абстаноўка толькі спрыяе гэтаму: у бары будзе працаваць тэлевізар, плануецца ўстанавіць більярдны стол. Па-свойму ўпрыгожаць яго плеценае з лазы начынне, якім некалі карысталіся вяскоўцы. Дарэчы, з алкагольных напояў тут будзе прадавацца толькі піва.

Вялікія планы ў гаспадыні наконт арганізацыі летняга адпачынку: столікі будуць выстаўляцца прама ў двары пад галінастым дрэвам, побач з барам ужо разбіты прыпынак для аўтамашын. Пенсіянеры Новых Засімавічаў, напэўна, памятаюць акцыю, праведзеную Наталляй Неўдах яшчэ ў старым памяшканні бара ў мінулым годзе да Дня пажылых людзей. Гаспадыня абяцае зрабіць такія святы традыцыйнымі і ўжо нават складае сцэнарый для 1 чэрвеня — Дня абароны дзяцей.

Тым больш не зразумела пазіцыя, якую занялі некалькі чалавек з дамоў, размешчаных па суседстве з барам. Іх турбуе, што цяпер начны спакой Новых Засімавічаў будуць парушаць п’яныя кампаніі. Наталля Васільеўна пераканана (і жанчыну падтрымліваюць усе, хто ўжо хоць раз быў у яе бары), што прыгажосць — вялікая сіла, бо яна ўмее выхоўваць лепш, чым іншыя забароны.

— А мы будзем мець зносіны толькі з прыгожымі людзьмі,— запэўніла яна.

Дарэчы, у размове прымаў удзел і ўчастковы інспектар міліцыі, які абяцаў пастаянную дапамогу і падтрымку ў арганізацыі парадку.

Не сказаць, што ў гэты дзень былі вырашаны ўсе праблемы Новых Засімавічаў. Але той факт, што яны зрушыліся з месца, напэўна, хутка адзначаць многія іх жыхары.

Ганна Хадаровіч.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *