Гэты дом — знакавая падзея для нашага горада, гаварылі на ўрачыстасці, якая ладзілася ў мінулагоднім кастрычніку з нагоды здачы кааператыўнага дома па вуліцы Інтэрнацыянальнай.
За прайшоўшы час большасць сем’яў ваеннаслужачых Пружанскага гарнізона, супрацоўнікаў раённага аддзела ўнутраных спраў і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, для якіх і ўзводзілася новабудоўля, ужо абжыліся ў шматпавярхоўцы, і ў вокнах кватэр навасёлаў гарыць радаснае святло.
Нагадаем, восенню на ўручэнні ключоў ад кватэр дырэктар ПМК-21 В.С.Лук’янчук паабяцаў, што той сям’і, у якой з’явіцца першы нованароджаны ў новым доме, будзе ўручана дзіцячая каляска. Падарунак чакаў сваіх уладальнікаў больш як паўгода. Яго атрымала сям’я Аляксандра Дубіны.
Аляксандр — міліцыянер ізалятара для часовага ўтрымання. З жонкай Наталляй яны ўжо выхоўваюць старэйшага сына. Прыемных клопатаў у бацькоў дабавілася са з’яўленнем дачушкі, якую яны вырашылі назваць Дар’яй.
Дарэчы, на сярэдзіну лета ў будаўнікоў запланавана здача другога жылога дома жыллёва-будаўнічага кааператыва «Вежа-181».
НА ЗДЫМКУ: павіншаваць сям’ю са знамянальнай падзеяй, акрамя родных, прыйшлі прадстаўнікі прафсаюза ПМК-21 і старшыня кааператыва Сяргей Мілісевіч.
Марына АХРАМОВІЧ, Аляксандр МЕЛЕШ (фота)