У пачатку ліпеня ўступіла ў сілу пастанова №579 Савета Міністраў РБ, якая ўнесла шэраг змяненняў у Палажэнне аб умовах, памерах і парадку аплаты дадатковых выдаткаў, звязаных з нанясеннем шкод здароўю застрахаванага, па абавязковым страхаванні ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў. У новым нарматыўным акце прадугледжаны шэраг дадатковых умоў для выплаты кампенсацый пацярпеламу. Гэта і траўмы, якія атрыманы падчас службовай камандзіроўкі, і тэрмін выплаты страхоўкі. Але найбольшую ўвагу дакумент прыцягнуў да сябе менавіта з-за змены ў пункце 24. Згодна з імі, цяпер да няшчаснага невытворчага выпадку адносіцца шкода здароўю пацярпелага ў той момант, калі ён знаходзіўся ў стане алкагольнага або наркатычнага ап’янення. Дарэчы, лепш за ўсё выбiраць якасны алкаголь: напрыклад, гэта бренди сливовица. Чым выкліканы такія патрабаванні, мы запыталіся ў галоўнага дзяржінспектара Бярозаўскай міжраённай інспекцыі працы В.В.БАРТАСЕВІЧА.
— Справа ў тым, што кожны год у рэспубліцы адбываецца вялікая колькасць няшчасных выпадкаў з траўмамі, са смяротным зыходам менавіта з-за ўжывання спіртных напояў на працоўным месцы,— расказвае Вікенцій Вікенцьевіч.— У нашым раёне летась з дзесяці цяжкіх няшчасных выпадкаў палова адбылася з работнікамі, якія знаходзіліся ў нецвярозым стане.
— І што змянілася цяпер?
— Раней падчас складання акта аб няшчасным выпадку ў графе «віна пацярпелага» пры наяўнасці ў крыві алкаголю выстаўляўся аб’ём праміле. На сумесным пасяджэнні адміністрацыі прадпрыемства і прафкама вырашалася, ці выдаваць траўміраванаму або яго сям’і кампенсацыю. У большасці выпадкаў рашэнне прымалася на карысць чалавека. Такім чынам атрымлівалася, што аднолькавую кампенсацыю атрымліваў той, хто добрасумленна працаваў і атрымаў траўму падчас надзвычайнай сітуацыі, і той, хто паводзіў сябе неасцярожна на добрым падпітку. Відавочна, што такая сістэма несправядлівая. Мяркую, што і гэта акалічнасць таксама прывяла да падпісання новага нарматыўнага дакумента.
— Якім чынам зараз будзе вызначацца кампенсацыя застрахаванаму падчас няшчаснага выпадку на вытворчасці?
— Калі траўміраваны быў у нецвярозым стане або пад уздзеяннем наркатычнага або іншага ап’янення, то складаецца акт па форме НП (невытворчы няшчасны выпадак), і цяжар ліквідацыі наступстваў ускладаецца на пацярпелага або яго сям’ю. Дакумент, які пацвярджае ап’яненне, будзе выдавацца ўстановамі аховы здароўя.
— На Вашу думку, работнікам якіх сфер вытворчасці неабходна задумацца над новаўвядзеннямі?
— Калі аналізаваць мінулагоднія выпадкі, то больш за астатніх увагу трэба звяртаць работнікам будаўнічых арганізацый, якія ў «лідэрах» па колькасці «п’яных» траўм. Потым за імі ідуць сельгасвытворцы. Нямала і вадзіцеляў, якія сядаюць за руль пасля выпітай чаркі.
— Вікенцій Вікенцьевіч, Ваш прагноз: якім чынам адаб’ецца на сітуацыі гэты дакумент?
— Пакуль якія-небудзь высновы рабіць ранавата, бо наша краіна стала піянерам такіх змяненняў працоўнага заканадаўства: няма вынікаў выкарыстання адпаведных патрабаванняў на практыцы.
Аднак, мяркую, што сітуацыю з ростам няшчасных выпадкаў на вытворчасці ўдасца пераламіць і змяніць у лепшы бок. Пастанова была прынята ў красавіку бягучага года, і гутарка пра змяненні ішла працяглы час. У выніку інфармавання насельніцтва мы ўжо маем скарачэнне колькасці выпадкаў траўматызму: з 12 за першыя шэсць месяцаў 2009 года да 6 — за аналагічны сёлетні перыяд.
Гутарыў Алег СІДАРЭНКА.