У латвійскім і эстонскім гарадах Валка-Валга ў канцы жніўня праходзіў прадстаўнічы міжнародны турнір па футболе сярод юнакоў 2001 года нараджэння. Удзел у спаборніцтвах бралі восем каманд з Латвіі, Эстоніі, Беларусі, Польшчы і Ізраіля. Пружаны былі прадстаўлены выхаванцамі ДЮСШ №1.
Турнір праходзіў па кругавой сістэме. Нашы юныя футбалісты за некалькі дзён згулялі сем матчаў, у якіх атрымалі чатыры перамогі. Яшчэ тры сустрэчы завяршыліся мірным зыходам.
У прынцыповай гульні, якая вырашала лёс першага месца, пружанцы сустракаліся з футбалістамі Ізраіля. Прычым саперніка задавальняла нічыя, а нашым патрэбна была толькі перамога.
Як расказала трэнер Алена Адамчук, хоць матч і прайшоў з перавагай нашай каманды, але завяршыўся з лікам 0:0. Такім чынам, пераможцам турніру сталі футбалісты Ізраіля, а пружанская каманда заняла другое месца. Нашы землякі вярнуліся з Прыбалтыкі з кубкам і медалямі.
Былі не толькі гульні, але і насычаная культурная праграма. Юныя футбалісты азнаёміліся са славутасцямі некаторых гарадоў, самай незабыўнай стала экскурсія на ўзбярэжжа Балтыйскага мора.
За пружанскую каманду на турніры гулялі варатар Саўко Ягор, абаронцы Мытнік Юрый, Паўлюковіч Іван, Дзіюк Андрэй, Панкрац Эрык, паўабаронцы Шаўчэня Ілья, Аляшэвіч Максім, Арцішэвіч Улад, Песнякоў Цімафей, Панкрац Генрых, нападаючыя Самасюк Валянцін, Дзенісевіч Вадзім, Мацыеўскі Улад, Баран Данііл.
Мікола Архуцік.
На здымку: каманда Пружанскіх футбалістаў.
Фота Сяргея Шчыпанава.