Паважаныя ў Пружанах людзі – муж з жонкай Іван Юльянавіч і Вольга Андрэеўна Здановічы адзначаюць брыльянтавае вяселле. Крочыць у міры і згодзе столькі гадоў па жыцці поруч здольны далёка не ўсе сямейныя пары. А гэтая — дагэтуль захапляе прыгожымі адносінамі: атмасфера дабрыні і адкрытасці ў моцнай сям’і Здановічаў пануе, як і 60 гадоў таму.
Яны пазнаёміліся на школьным вечары ў пружанскай СШ №1. Там настаўнікам беларускай мовы і літаратуры працаваў ужо Іван Юльянавіч, а Вольга Андрэеўна – студэнтка педінстытута, проста прыйшла ў школу пабачыцца з сябрамі. Сустракаліся некалькі гадоў, а падчас завяршэння вучобы ў інстытуце аформілі шлюб.
На работу сямейная пара настаўнікаў па перакананні Івана Юльянавіча паехала на яго малую радзіму — Гродзеншчыну. Аднак па настойлівай просьбе родзічаў жонкі неўзабаве маладыя зноў вярнуліся на Пружаншчыну. Выкладаючы родную мову і літаратуру, працавалі ў розных школах. Але найбольш Вользе Андрэеўне давялося настаўнічаць у СШ №3. Іван Юльянавіч спачатку ўзначальваў вячэрнюю школу, затым школу-інтэрнат, якая пасля стала СШ №4.
Успамінаючы той перыяд, Здановічы адзначаюць, што даводзілася шмат працаваць. І не толькі ў школьным класе. Іван Юльянавіч у свой час нават выдаў два дапаможнікі па беларускай мове для школьнікаў. Дапамагала агульнасць інтарэсаў. Удвух лягчэй было спраўляцца і з сямейнымі справамі.
Вырасцілі двух дзяцей. І, як цяпер заўважаюць, нягледзячы на сваю прафесію, на «выхаваўчым працэсе» не зацыкліваліся. Проста дзеці вучыліся на пры-кладзе бацькоў заўсёды заставацца сумленнымі і справядлівымі людзьмі, з павагай ставіцца да іншых, дапамагаць тым, хто трапіў у бяду. Дачка, як і маці з татам, таксама стала настаўніцай беларускай мовы, сын — хірург-траўматолаг. Аднак, як задаволена заўважае Іван Юльянавіч, усё роўна падобны на бацьку, бо падзяляе яго погляды. А гэта — любоў да Радзімы, да свайго роднага, беларускага.
— У мяне часта пытаюцца, адкуль гэта, — разважае Іван Юльянавіч, — а я думаю, з дзяцінства. Пачатковую адукацыю давялося атрымаць у польскай школе. Затым была вучоба ў дзвюх беларускамоўных школках, а падчас нямецкай акупацыі – яшчэ і ў беларускай настаўніцкай семінарыі. Даводзілася знаходзіцца ў асяродку, у якім паважалі беларускую культуру і літаратуру, зачароўваліся роднай мовай. Я ўжо тады ведаў, што таксама панясу па жыцці гэтую любоў да ўсяго нацыянальнага. І вельмі было прыемна, што мяне разумелі і падтрымлівалі. Нават у савецкія часы, выступаючы на розных актывах, я гаварыў па-беларуску. Сваю пазіцыю праяўляў мовай, паводзінамі, ладам жыцця. Дарэчы, быў арганізатарам і працяглы час узначальваў раённую суполку Таварыства беларускай мовы.
Не здраджваюць сваім жыццёвым прынцыпам муж з жонкай Здановічы і зараз. А на просьбу раскрыць сакрэт доўгага і шчаслівага жыцця ў шлюбе, сціпла гавораць:
— Трэба жыць у клопаце. Увесь час нечым займаючыся, чалавек і жыве нармальна, і здаровым застаецца.
Іван Юльянавіч дагэтуль шмат чытае, выдае новыя кніжкі пра творчасць землякоў, фізічна працуе, а раніцай абавязкова робіць зарадку, каб лёгка і радасна сустрэць новы дзень.
Галіна Каляда, фота аўтара.