Безумоўна, нельга сказаць, што літаральна ў бліжэйшыя дні прадпрыемства запрацуе ў былую сілу, але ўжо ў красавіку яно плануе даць сваю першую прадукцыю. Пасля другога нараджэння.
Пажар, які здарыўся 25 сакавіка, стаў трагічным выпадкам не толькі для ТАА «Нятканы свет». Справа ў тым, што прадпрыемства ўваходзіла ў дзясятку буйнейшых плацельшчыкаў падатку ў раённы бюджэт. Летась аб’ёмы яго вытворчасці значна ўзраслі, створаны 54 працоўныя месцы. Мінулы год стаў паспяховым для таварыства і ў плане выхаду на замежныя рынкі, падпісаны шэраг дамоў з украінскімі і расійскімі пакупнікамі, што паставіла «Нятканы свет» ў рады экспарцёраў. Відавочна, што страта такога прадпрыемства можа негатыўна адбіцца на эканоміцы раёна ў цэлым.
— Былі праведзены некалькі нарад пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама з удзелам прадстаўнікоў ТАА «Нятканы свет»,— гаворыць намеснік старшыні райвыканкама С.М.Гук.
— У першую чаргу вызначаўся лёс калектыву, захаванне сацыяльных гарантый работнікам. Потым вырашаліся пытанні далейшага лёсу прадпрыемства.
Па словах Сяргея Міхайлавіча, з боку раённых улад «Нятканаму свету» аказваецца ўся патрэбная дапамога. Напрыклад, былі выкліканы спецыялісты навукова-практычнага цэнтра з Брэста, якія праводзілі візуальнае абследаванне пацярпелага будынка. Далейшы праект рэканструкцыі цэхаў будзе выконваць мінская фірма. Пакуль прадпрыемству дазволена часова заняць суседні будынак, дзе і наладзяць вытворчасць у бліжэйшыя дні. Ад фінансавай падтрымкі таварыства адмовілася: ёсць свае рэзервы.
Як расказаў дырэктар ТАА «Нятканы свет» А.У.Гіль, у мінулым годзе таварыства адпрацавала няблага, у выніку ўласных грошай хопіць пратрымацца некалькі месяцаў. Акрамя таго, былі адгружаны буйныя партыі прадукцыі, за якія чакаецца аплата. Але, паводле слоў Алега Ула-дзіміравіча, не гэта галоўнае.
— Нам неабходна захаваць калектыў,— расказвае кіраўнік.— Зразумела, што зараз прадпрыемства вымушана прастойваць, і бліжэйшыя перспектывы для нас — выйсці на былыя аб’ёмы. Адразу сустрэўся з работнікамі і паведаміў, што сілай нікога трымаць не магу, кожны вольны ажыццяўляць свае планы па працаўладкаванні. Пры гэтым абяцаў, што тым, хто застаўся, у перыяд вымушанага прастою будзе выплачвацца яго сярэднямесячны заробак.
У выніку ні адзін чалавек не напісаў заяву на звальненне. Практычна ўсе зараз працуюць на аднаўленні прадпрыемства. За што дырэктар выказвае асаблівыя словы падзякі.
А што з вытворчасцю? Асабліва моцна пацярпеў цэх па выпуску тэрмавалакна, але астатняе абсталяванне (прыкладна 70%) уцалела. Поўнасцю захаваўся і цэх па выпуску малочных фільтраў, які першым дасць прадукцыю напрыканцы красавіка, а ў маі выйдзе на ранейшыя аб’ёмы. Паралельна будзе весціся аднаўленне пацярпелага будынка, які, мяркуецца, прыме належны выгляд у канцы бягучага года.
Але кропка ў пажары на «Нятканым свеце» пакуль яшчэ не пастаўлена. Вызначаецца ўрон ад здарэння, устанаўліваюцца прычыны і вінаватыя. Як паведаміла начальнік Следчага камітэта па Пружанскім раёне Н.У.Гурская, па факце пажару на прадпрыемстве пакуль праводзіцца праверка, па выніках якой і будзе рашацца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы.
Алег Сідарэнка.