Среда, 6 ноября 2024

На цифровое оборудование в кинотеатре «Спутник» потрачено 74 миллиона. Первый сеанс уже скоро!

2 556

Хутка свае дзверы адчыніць абноўлены гарадскі кінатэатр «Спадарожнік». Нельга сказаць, што многія пружанцы чакалі такую падзею з нецярпеннем. Як гаворыць дырэктар кінавідэапрадпрыемства У.У.Люсько, кіно ў Пружанах было па-за інтарэсамі гараджан.

— На вячэрнія сэансы кінатэатра «Спажарожнік» у лепшым выпадку прыходзіла пяць або шэсць чалавек на 400 месцаў,— гаворыць Уладзімір Уладзіміравіч.

Што ж такая статыстыка з’яўляецца вынікам стану ўстановы. Кінатэатр у апошні раз капітальна рамантаваўся амаль чвэрць стагоддзя таму. За гэты час падтрымліваўся толькі ягоны касметычны выгляд. Фізічна і маральна састарэла абсталяванне, якое ўвогуле не магло дэманстраваць сучасныя стужкі. Некалькі гадоў не працавала ацяпленне, з-за чаго сапсавалася сістэма. Трэба прызнаць, што прадпрыемства існавала толькі за кошт здачы ў арэнду памяшканняў, пракату відэакасет і дыскаў, выязных кінасеансаў. Неаднаразова паўставала пытанне вырашыць лёс «спадарожніка» такім жа чынам, як і кінатэатра «Беларусь». І, як не просіць дырэктар узвялічваць яго ролю ў будучым адкрыцці, усё такі яго заслуга відавочная. У выніку, трэба сказаць, даволі эмацыянальных абмеркаванняў У.У.Люсько ўдалося пераканаць старшыню райвыканкама А.І.Юркевіча, што кіно ў Пружанах яшчэ прыцягне інтарэс гараджан.

— Толькі трэба мяняць падыход да паслугі, зрабіць яе шматбаковай,— расказвае Уладзімір Уладзіміравіч. Яго праекты, а хутчэй за ўсё, энергія і жаданне кіраўніцтва арганізацыі навесці парадак у кінатэатры і пераканала Аляксандра Іванавіча ў тым, што «Спадарожнік» патрэбны Пружанам.

У сакавіку былі выдзелены паўмільярда рублёў на рамонт, які ўзяліся рабіць спецыялісты ААТ «Барокабуд». Як зазначае дырэктар прадпрыемства В.М.Грышын, яго арганізацыя наводзіла бляск на многія ўстановы культуры нашага раёна. Але тут давялося прыкласці больш намаганняў.  Забягаючы наперад, як паведаміў Віталь Міхайлавіч, падобнай установы ўвогуле няма на Брэстчыне. У рамонце прымяняліся самыя сучасныя матэрыялы, поўнасцю памяняўся інтэр’ер:  ад падлогі да столі. Напрыклад, сцены і столь кіназала зроблены з гукаізалюючых матэрыялаў, заменена асвятленне, на падлозе — спецпакрыццё. Столь выканана па еўрапейскіх тэхналогіях і называецца «Начное неба». Праведзена абавязковая цеплаізаляцыя вокнаў і дзвярэй. Адразу сустрэне наведвальнікаў абноўленае фае кінатэатра, у якім цяпер зроблены і гардэроб.

Побач з гэтым зменены прынцып дэманстрацыі стужак. Пасля аптымізацыі скарацілася колькасць пасадачных месцаў і цяпер «Спадарожнік» можа за адзін сеанс прыняць 258 чалавек, якім будзе ўтульна глядзець фільмы ў мяккіх крэслах Ружанскай мэблевай фабрыкі.

Асобна неабходна спыніцца на новых прынцыпах дэманстрацыі кінастужак. За кошт вызваленага месца ў зале можна ладзіць відэадыскатэкі, праводзіць якія-небудзь афіцыйныя або асабістыя ўрачыстасці.

— І ў планах рабіць дыскатэкі не толькі для падлеткаў, але і працуючай моладзі,— дзеліцца планамі Уладзімір Уладзіміравіч.— Ужо стварылася нейкая ініцыятыўная група маладых людзей, якию абяцаюць дапамагчы нам, мяркуецца, што зробім і ўласны сайт.

Зроблена невялікая зала для сямейнага ці карпаратыўнага праглядаў, дазваляецца прыносіць свае лічбавыя носьбіты. У гэтым пакоі, дзе таксама ўстаноўлены крэслы і канапы, выдатна размесцяцца да дзесяці чалавек. У іх распараджэнні — неабходная камп’ютарная тэхніка і экран на два з паловай метры. У будучым мяркуецца ў будынку кінатэатра адкрыць бар. Разам з тым асобны пакой пакінулі пад пракат відэакасет і дыскаў, бо паслуга даволі папулярная ў жыхароў горада.

Увогуле на новае лічбавае абсталяванне было выдаткавана 74 мільёны рублёў. На гэтыя грошы закуплены кінапраектары, гукавая сістэма Dolbi Stereo, у складзе якой восем дынамікаў за экранам і 16 — па акружнасці залы. Словам, з прывычнага інтэр’еру пружанцаў сустрэне толькі экран, больш сучасных аналагаў якому пакуль не зроблена. Прадугледжана і падсветка выхадаў і турнікету каля іх. Па патрабаванні кантралюючых органаў устаноўлена ранняя сістэма выяўлення ўзгаранняў і задымлення і пажаратушэння. Ёсць і некаторыя антывандальныя змяненні, пра якія кіраўніцтва кінатэатра пакуль папрасіла не расказваць.

На думку дырэктара прадпрыемства, інтарэс да кіно ў пружанцаў абавязкова павялічыцца. Таму адразу будуюцца планы па новым распарадку работы ўстановы: побач з павялічанай колькасцю дзённых і вячэрніх сеансаў з самага ранку будзе працаваць і малая зала.

— Усе гэтыя намаганні даюць нам падставу ў будучым здаваць іспыт на атрыманне для кінатэатру другога разраду, што толькі павысіць якасць сервісу,— зазначае У.У.Люсько.— Безумоўна, адбудзецца і некаторае павелічэнне кошту ўваходнага білета, але не намнога.

І пераканацца ў яго словах можна будзе хутка: у другой палове верасня адбудзецца ўрачыстае адкрыццё кінатэатра «Спадарожнік». З дапамогай самадзейных калектываў, як гаворыць дырэктар, будзе наладжана афіцыйная частка, падчас якой абавязкова словы пашаны будуць выказаны ў адрас запрошаных людзей, заслуга якіх у дадзенай падзеі. Пакуль не вызначыліся ў выбары першага фільма. Мяркуецца, што гэта будзе драма «Беларусьфільма» «Ворагі», аднак айчынная кінаіндустрыя пакуль не навучылася здымаць стужкі з сучасным спецэфектамі. А хочацца, каб першыя наведвальнікі адчулі ўсе змяненні ў якасці паказу фільмаў. Таму ёсць планы пачаць работу кінатэатра з трансляцыі імпартнай навінкі. Ва ўсялякім выпадку хутка мы пра гэта даведаемся.
Алег Сідарэнка.

На здымках: апошнія штрыхі робяць тынкоўшчыкі ААТ «Барокабуд»; дызайн фае абмяркоўваюць дырэктар кінатэатра У.У.Люсько і кіраўнік бударганізацыі В.М.Грышын; гледачоў чакае новая кіназала; некаторыя змяненні адбудуцца і ў знешнім выглядзе «Спадарожніка».
Фота Аляксандра Мелеша.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *