Сёлетні ўраджай радуе працаўнікоў ААТ «Айчына». Кожны гектар дае ў сярэднім каля 50 цэнтнераў збожжа. Штодзень на палетках шчыруюць 20 камбайнавых экіпажаў, у тым ліку і два сямейныя. Сярод іх — Руслан і Вольга Шалкоўскія на камбайне «КЗС-1218».
А ўвогуле іх сямейны саюз налічвае ўжо больш за дзесяць гадоў. Руслан нарадзіўся ў Кобрыне. Атрымаў рабочыя спецыяльнасці механізатара і вадзіцеля аўтамабіля. Здарылася так, што лёс закінуў маладога чалавека ў адну з вёсак Слонімскага раёна, дзе жыла Вольга. Дзяўчына паспела закончыць медыцынскае вучылішча ў Слоніме і працавала ў Гродне. Неўзабаве Руслан і Вольга пажаніліся.
У 2005 годзе маладая сям’я пераязджае ў ААТ «Айчына». Пасяліліся ў Хараве. Руслан спачатку працаваў механізатарам, а потым вадзіцелям аўтамабіля. Вольга на працягу сямі гадоў загадвае фельчарска-акушэрскім пунктам у Скорцах.
— На жніве працаваць нялёгка, — зазначаюць Руслан і Вольга. — Зусім мала застаецца вольнага часу і трэба забыцца пра выхадныя.
На перыяд жніва Вольга пайшла ў чарговы адпачынак. Дзяцей адвезлі да бабулі: практычна ўвесь светлавы дзень даводзіцца праводзіць у полі.
Руслан і Вольга працуюць сумленна і імкнуцца не адстаць па намалотах ад больш вопытных калег. У асобныя дні яны выдаюць з бункера свайго камбайна да 90 тон залацістага зерня. І зусім невыпадкова яны — у ліку лепшых сярод сямейных экіпажаў у раёне.
Мікола Архуцік, Сяргей Талашкевіч (фота).
На здымку: Руслан і Вольга Шалкоўскія.