Воскресенье, 19 января 2025

На крылатых качелях судьбы, или Как пенсионеры из Шерешево сделали свой двор образцовым

1 606

Немалы ўклад у добраўпарадкаванне Шарашова ўнеслі многія жыхары пасёлка, якія праявілі сябе як увішныя гаспадары. Сярод такіх — і сям’я Папко, чый падворак на вуліцы Піянерскай лічыцца адным з узорных.IMG_3569

Канстанцін Уладзіміравіч і Любоў Несцераўна — пенсіянеры. Як карэнныя сельскія жыхары, не прывыклыя сядзець без справы, яны ўвесь час шукаюць, чым сябе заняць. Сярод такіх заняткаў аказалася і добраўпарадкоўванне сядзібы, якое перарасло ў сямейнае хобі, «зацягнуўшае» і дзяцей, і ўнукаў: быццам птушкі, зляцеўшыся ў сямейнае гняздечка, усе разам яны ўвасобліваюць у жыццё шматлікія задумкі.

Нескладана здагадацца, што завадатар гэтай справы — гаспадыня. Адказваючы на пытанне, з чаго пачыналася ўпрыгожанне сядзібы, Любоў Несцераўна Папко зазначае:

— Кветкі я любіла заўсёды, таму з маладосці, займеўшы асабісты дом, старалася, каб падворак патанаў у мностве фарбаў. Нават мама часта на мяне сварылася: «Ой, лепш прысела б — адпачыла!». Але і сёння, у свае 82 гады, не лянуюся даглядаць кветнікі: паліваць, палоць, рассаджваць… Гаспадар мой таксама спрабаваў паставіць ультыматум: альбо куры, альбо кветкі, — але ўдалося настаяць на сваім. У выніку тэрыторыю размежавалі плотам, каб адно другому не перашкаджала.IMG_3579

Аксаміткі, гладыёлусы, флёксы, цюльпаны, астры і шматлікая іншая дэкаратыўная расліннасць — справа рук гаспадыні, верным памочнікам якой з’яўляецца Канстанцін Уладзіміравіч. А вось сучасныя ландшафтныя рашэнні, дэкаратыўныя кампазіцыі — пчолка на бочцы мёду, пальма, дзяцел, буслы, яшчарка і вожык, прыгожая альтанка і дабротныя арэлі — вынік карпатлівай работы ўсяго сямейства. Дарэчы, пенсіянеры не спяшаюцца па цяперашняй «модзе» засяваць травой агародны ўчастак: сёлета, напрыклад, адных толькі памідораў пасадзілі каля 250 кустоў.

Але недаравальна расказваць толькі пра падворак. Муж і жонка — самі па сабе цікавыя асобы, на долю якіх выпаў нялёгкі лёс. Бацьку Любові Несцераўны ў гады вайны забралі ў палон, а яе і астатніх членаў сям’і вывезлі ў Беласток. Як старэйшай у сям’і, ёй даводзілася дзяліць цяжкасці з дарослымі: арала, касіла, жала, малаціла… Калектыў Шарашоўскай медустановы запомніў жанчыну як сумленную санітарку, якая больш чвэрці стагоддзя аддала гэтай справе.IMG_3554

Як даводзілася спасцігаць навукі ў польскай школе, жыць у акупацыі ды многае іншае памятае Канстанцін Уладзіміравіч. Яму і самому давялося паваяваць — юнаком выконваў армейскі абавязак на Далёкім Усходзе, стаў удзельнікам вайны ў Карэі. Зенітчык-артылерыст атрымаў кантузію, а асколак ад снарада, які ўпіўся каля брыва, і дагэтуль нагадвае пра тую старонку біяграфіі.

Успамінаючы падзеі больш як шасцідзесяцігадовай даўніны, ветэран не можа схаваць хвалявання:

— Калі пасля лячэння ў шпіталі ізноў прыехаў у часць, хлопцы пачалі гушкаць на руках — не верылі, што я выжыў. Пасля яшчэ многа давялося паматацца па Далёкаўсходняй ваеннай акрузе, выконваючы вайсковыя заданні, — Сахалін, Камчатка, Чукотка… Паверце, для майго пакалення слова «мір» — не пусты гук. Вось чаму мы так заклікаем нашчадкаў захоўваць тое мірнае неба над галавой, якое здабывалася для іх такой вялікай цаной.

Большая частка працоўнай дзейнасці Канстанціна Уладзіміравіча звязана з адміністрацыйна-гаспадарчай работай у пасялковай бальніцы. Нават успамінаючы пра мірнае жыццё, сентыментальны дзед знаходзіць прычыну для скупой мужчынскай слязы:

— Гэта ж трэба: перад самым вяселлем атрымаў траўму і застаўся без вока! Вельмі перажываў, што мая абранніца не захоча ісці замуж за такога…

Але, дзякуй Богу, у студзені наступнага года сямейная пара адзначыць 60-годдзе сумеснага жыцця. Без слоў заўважаецца, што гэтыя людзі заўсёды жылі ў любові і згодзе. Сёння яны могуць ганарыцца, што, дзякуючы нястомнай працы, пабудавалі ўласны дом, выгадавалі двух сыноў, якіх выхоўвалі асабістым прыкладам, заўсёды былі ў добрых адносінах з суседзямі.

І ўвесь час пенсіянеры, якія нямала перажылі ў жыцці, не перастаюць падкрэсліваць: сёння яны ведаюць, што такое добра жыць.

— Паглядзіце, які рамонт на старасці гадоў мы зрабілі ў хаце: ёсць і вада, і газ, абсталяваны ванны пакой, устаноўлена бытавая тэхніка, — паказвае Любоў Несцераўна. — Памятаю, як у дзяцінстве зайздросціла суседскаму хлопчыку, калі яму маці напячэ белых сухарыкаў. А цяпер па тагачасных мерках у нас кожны дзень — Вялікдзень…

Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *