Ваенная служба ў сілу сур’ёзнасці пастаўленых перад ёй задач пазбаўлена цывільных радасцей. Асабліва не церпіць расслаблення служба па абароне межаў краіны, якую ў Беларусі нясуць пагранічнікі.
Нават у сваё прафесійнае свята ваеннаслужачыя пагранзаставы імя Кафанава, адной з самых старэйшых імянных застаў Беларусі, стаялі на варце даручанага ім участка беларуска-польскай мяжы. І толькі тыя, хто не быў у нарадзе, змаглі прыняць віншаванні з Днём пагранічніка.
Святочнае мерапрыемства на заставе пачалося з урачыстага пастраення. Начальнік заставы Яўген Паўлоўскі падзякаваў сваім падначаленым — і салдатам, і афіцэрам — за добрую службу. Тым, хто вылучыўся падчас праходжання тэрміновай службы, былі ўручаны нагрудныя знакі адрознення.
Са сваёй святочнай праграмай да вайскоўцаў прыехалі артысты з Пружан: В.Іванцова, А.Кныш, Т.Паласьмак, А.Ціхановіч, народны ансамбль танца «Завіруха» і іншыя.
У перапынках паміж нумарамі шмат прыемных слоў і пажаданняў было выказана прадстаўнікамі арганізацый і прадпрыемстваў, за якімі замацавана шэфства над заставай. Гасцямі было прывезена нямала падарункаў, якія дапамогуць палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу заставы.
На здымку: старшыня райвыканкама М.М.Серкоў віншуе начальніка пагранзаставы «Перароў» імя Кафанава Я.В.Паўлоўскага.
Марына Вакульская.
Фота аўтара.