На чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, якое вёў старшыня райвыканкама М.М.Серкоў, разглежаны шэраг пытанняў, якія датычацца сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна.
Першым у парадку дня значылася пытанне “Аб стане і перспектывах развіцця рознічнага гандлю раёна”. Варта адразу адзначыць, што размова на пасяджэнні адбылася вельмі зацікаўленая, вострая, з глыбокім аналізам тых праблем, якія стаяць сёння перад суб’ектамі галіны і найперш – перад раённым спажывецкім таварыствам, доля паступленняў падаткаў якога ў мясцовы бюджэт найбольш адчувальная.
Як сведчыць статыстыка, падкрэсліў у сваім дакладзе намеснік старшыні райвыканкама В.М.Зубко, насельніцтва Пружанскага раёна з’яўляецца самым забяспечаным гандлёвай плошчай – 489,9 кв. метра на 1000 чалавек. Па наяўнасці пасадачных месц у агульнадаступных аб’ектах грамадскага харчавання раён таксама лідзіруе ў вобласці – 42,6 месца на тысячу жыхароў. Ва ўсіх населеных пунктах выконваецца нарматыў сацыяльнага стандарту. Развіццё гандлёвай сеткі раёна ў бліжэйшыя гады будзе забяспечвацца двума дзеючымі інвестыцыйнымі дагаворамі, будаўніцтвам запланаваных аб’ектаў на ўжо выдзеленых зямельных участках, а таксама ўзвядзеннем аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу ля новай дарогі ўздоўж Белавежскай пушчы.
Аднак наяўнасць агульнага забеспячэння гандлёвымі плошчамі яшчэ не гарантуе выдатнага абслугоўвання людзей. Пра гэта яскрава сведчаць і вынікі спецыяльнага апытання жыхароў раёна: маніторынг выявіў, што людзі вельмі нізка ацэньваюць, напрыклад, культуру абслугоўвання пакупнікоў, незадаволены распарадкам работы аб’-ектаў грамадскага харчавання – большасць з іх ператварылася практычна ў месцы правя-дзення розных урачыстасцей ды памінальных вячэр. Па-ранейшаму актуальным застаецца для раёна гандлёвае забеспячэнне сельскіх населеных пунктаў, асабліва з малой колькасцю жыхароў, дзе няма стацыянарных кропак абслугоўвання. Па сутнасці ўвесь цяжар выдаткаў тут узяло на сябе адно толькі райспажыўтаварыства.
За 10 месяцаў года аб’ём рознічнага тавараабароту праз усе каналы рэалізацыі ў раёне склаў 564,2 мільярда рублёў і павялічыўся ў параў-нанні з аналагічным перыядам мінулага года ў супастаўных цэнах на 7,6 працэнта пры прагнозным паказчыку 105%. Не забяспечылі ўзровень продажаў мінулага года гандлёвыя прадпрыемствы ведамаснага падпарадкавання.
Па многіх таварных пазіцыях спажывецкі рынак забяспечваўся ў асноўным за кошт прадукцыі айчыннай вытворчасці: іх доля ў абароце гандлёвай сеткі склала за 10 месяцаў 2012 года 86,8%.У аб’ёме продажу дамінуюць прадуктовыя тавары – 64,3% (сюды ўваходзяць харчовыя прадукты, напоі і тытунёвыя вырабы). Невялікая доля прамысловых тавараў у тавараабароце нашага раёна сведчыць хутчэй за ўсё не пра тое, што даходаў пружанцам хапае толькі на паўсядзённыя патрэбы, а пра тое, што ў выніку дрэннага забеспячэння нашага гандлю прамысловай групай тавараў, яны вымушаны купляць іх за межамі раёна. І тут, як было адзначана на пасяджэнні райвыканкама, тоіцца вялікі рэзерв павелічэння тавараабароту райспажыўтаварыства.
Немалаважнае пытанне – наяўнасць гандлёвых прадпрыемстваў недзяржаўнага сектара эканомікі, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць на Пружаншчыне без дзяржаўнай рэгістрацыі ў раёне. У такім выпадку ў мясцовы бюджэт паступае толькі падаходны падатак з заработнай платы. Напрыклад, ЗАТ “Дабраном” пералічыла 18,2 млн. рублёў, РГП “КобрынБакалея” – 44,4 млн., філіял “Ваенсэрвіса” г.Брэста –28,2 млн. рублёў. А ТАА “Мясное лукошко” (г.Кобрын), ГСЦ “САМ” (г.Бяроза) наогул накіроўваюць падаходны падатак з заработнай платы работнікаў нашага раёна ў бюджэт па месцы рэгістрацыі. Таму аддзелу эканомікі райвыканкама дадзена заданне вывучыць магчымасці такіх су-б’ектаў гаспадарання па рэгістрацыі ў раёне сваіх філіялаў.
Выклікае заклапочанасць кадравае пытанне: прадпрыемствамі гандлю па стану на 10.11.2012г. былі пададзены звесткі аб наяўнасці 28 вакантных месцаў. Не хапае прадаўцоў, буфетчыц, повараў, грузчыкаў, райспажыўтаварыству патрэбны 20 прадаўцоў для работы ў сельскіх магазінах. Заработная плата тут хоць і расце, але ўсё яшчэ застаецца не высокай: з пачатку года яна складае 2367,6 тысячы рублёў, у тым ліку за верасень –2741,9 тысячы.
У прынятым па абмеркаваным пытанні рашэнні райвыканкама намечаны канкрэтныя меры па паляпшэнні гандлёвага абслугоўвання насельніцтва раёна.
На пасяджэнні райвыканкама былі разгледжаны і іншыя пытанні, сярод якіх — арганізацыя харчавання дзяцей ва ўстановах адукацыі, удасканаленне работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні навучэнцаў, выкананне комплексу мер па рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі.