Четверг, 5 декабря 2024

Художественно-экспертный совет оценил памятник сожженным деревням в д.Козлы

2 273

На гэтым тыдні ў нашым раёне прайшло выязное пасяджэнне абласнога мастацка-экспертнага савета па манументальнаму і манументальна-дэкаратыўнаму мастацтву.

У цэнтры ўвагі вядомых дзеячоў культуры Брэстчыны апынуўся помнік спаленым вёскам, які нядаўна быў узведзены ў вёсцы Казлы. Летам 1942 года фашысцкія карнікі на гэтым месцы расстралялі жыхароў вёсак Казлы, Кушлі, Ліхачы, Краснае, Нямковічы і Сілічы. Самі населеныя пункты былі спалены гітлераўцамі.

Удзельнікі пасяджэння паставілі добрую адзнаку маладому мастаку Паўлу Герасіменку, які ўпершыню стварыў архітэктурную кампазіцыю для невялікага населенага пункта, хаця яго майстэрства ўжо ведаюць брастаўчане. Як зазначае аўтар, гэты твор ён выконваў разам з жонкай — брэсцкім скульптарам Алесяй Глушчанковай. Па іх задумцы, форма помніка — стылізацыя покрыва над іконай, якую змяшчаюць у дамах, а таксама Пакроў святой Багародзіцы над усімі расстралянымі тут. Звон — гэта галасы ўсіх закатаваных у гады Вялікай Айчыннай вайны  вяскоўцаў. Старабеларускія абрадавыя традыцыі ўвасоблены ў штучна насыпаным кургане.

Калегі маладога творцы выказалі і некаторыя заўвагі. Тычыліся яны памятнай дошкі, якую трэба выканаць на беларускай мове. Акрамя таго, неабходна ўнесці і пэўныя змяненні ў ветраным млыне, які пабудаваны побач: надаць яму больш рэальны выгляд. Малавыразна вызначаны і сэнс знаходжання побач з помнікам гэтага млына. З гісторыі вядома, што гітлераўцы размясцілі на ім кулямёты, з якіх расстрэльвалі мірных грамадзян. Аднак гэтай прывязкі да архітэктурнага комплексу пакуль не адчуваецца.

Удзельнікі выязнога пасяджэння наведалі іншыя аб’екты ў аграгарадках «Жураўліны» і «Кляпацкі», дзе азнаёміліся з цяперашнімі пераўтварэннямі вёсак.
Алег Сідарэнка, Аляксандр Мелеш (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *