Среда, 15 января 2025

На вопросы наших читателей ответил начальник ОГАИ В.В. Осипенко

1 929

«Прамая лінія» з начальнікам АДАІ В.В.Асіпенкам прыцягнула ўвагу многіх аўтааматараў. Практычна на ўсе пытанні Васіль Васільевіч даў адказы, па некаторых сітуацыях будзе праводзіцца асобная праверка.

( Ірына Сяргееўна, г.Пружаны. Якія ўмовы атрымання вадзіцельскага пасведчання?

— Па-першае, неабходна прайсці навучанне ў спецыялізаванай арганізацыі. У нашым раёне дзейнічаюць дзве аўташколы — РАС «ДТСААФ» і вучэбны камбінат «Вялікая Мядзведзіца».

Пасля гэтага навучэнец здае тэарэтычны і практычны іспыты на права кіравання транспартнымі сродкамі.

Калі ў Вас ужо ёсць вадзіцельскае пасведчанне і заканчваецца тэрмін яго дзеяння, то трэба яго замяніць. Для чаго неабходна звярнуцца ў МРЭА г.Бяроза і падаць:  пашпарт, старыя правы, медыцынскую даведку і квіткі аплаты за бланк пасведчання і талона да яго. У гэтым выпадку здаваць іспыты не трэба.

( Іна Канстанцінаўна, г.Пружаны. Якая адказнасць за перавышэнне хуткасці больш 20 км/гадзіну і за кіраванне ў стане алкагольнага       ап’янення? Чытаю ў газеце аб прыцягненні кіроўцаў, якія былі ў стане алкагольнага                ап’янення, да адказнасці і бачу, што пакаранні розныя. Ці можна пераздаць і атрымаць пасведчанне па заканчэнні паловы тэрміну пазбаўлення права кіравання транспартным сродкам за такое правапарушэнне?

— Адказнасць за перавышэнне хуткасці больш за 20 км/гадзіну прадугледжана па арт.18.13 КААП РБ:

— перавышэнне хуткасці ад 20 да 30 км/гадз. караецца штрафам у памеры ад адной да трох базавых велічынь;

— перавышэнне хуткасці на 30 км/гадз. і больш — штраф ад трох да дзесяці базавых велічынь;

— калі гэтыя дзеянні былі ўчынены паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання, — штраф ад пяці да 15 базавых велічынь або пазбаўленне права кіравання транспартнымі сродкамі на тэрмін ад трох месяцаў да года.

Дарэчы, летась некалькі пружанцаў за такія парушэнні «перакваліфікаваліся» з вадзіцеляў у пешаходы на тэрмін ад паўгода да года. Акрамя таго, нагадаем, што з красавіка базавая велічыня складае 100 тысяч рублёў. Значыць, цяперашнія штрафы ўзрастуць утрая.

Адказнасць за кіраванне транспартным сродкам асобай, якая знаходзіцца ў стане ап’янення, прадугледжана арт.18.16 КААП РБ:

— кіраванне ў стане ап’янення або перадача кіравання асобе ў такім стане, а таксама адмова ад прахаджэння медыцынскага асведчання для вызначэння ступені ап’янення караецца штрафам ад 15 да 35 базавых велічынь з пазбаўленнем права кіравання на тры гады;

— ч.2 прадугледжвае пакаранне для тых вадзіцеляў, якія не маюць правоў: штраф ад 25 да 45 базавых велічынь;

— ч.3 прадугледжвае пакаранне за адмову спыніць аўто або за ўчыненне дарожна-транспартнага здарэння: штраф ад 15 да 35 базавых велічынь з пазбаўленнем правоў на тэрмін ад аднаго да двух гадоў.

Акрамя таго, ёсць і крымінальная адказнасць. Калі вадзіцель паўторна на працягу года затрыманы п’яным за рулём машыны або перадаў аўто асобе ў такім жа стане, ён можа быць пазбаўлены права займаць вызначаныя пасады або займацца вызначанай дзейнасцю са штрафам або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў ці арыштаваны на паўгода.

Калі ж да крымінальнай адказнасці прыцягваецца вадзіцель, які ўжо быў пазбаўлены правоў, то ён можа быць аштрафаваны да тысячы базавых велічынь або прыгавораны судом да папраўчых работ на тэрмін да двух гадоў ці арыштаваны на паўгода.

Каб аматары сесці за руль пасля чаркі ўсвядомілі ўсю адказнасць такога ўчынку, трэба ведаць, што атрымаць вадзіцельскае пасведчанне пасля пазбаўлення яны змогуць толькі па заканчэнні вызначнага тэрміну. Ніякіх скарачэнняў «за добрыя паводзіны» дзеючым заканадаўствам не прадугледжана.

( Міхаіл Міхайлавіч Дулько, в.Купічы. Ці неабходна мець правы на двуххуткасны мапед?

— У Правілах дарожнага руху запісана, што вадзіцель механічнага транспартнага сродка, да якіх адносяцца і мапеды, абавязаны мець пры сабе вадзіцельскае пасведчанне.

У арт.24 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дарожным руху» вызначана, якія катэгорыі даюць права на кіраванне адпаведнымі транспартнымі сродкамі.

( Ала Васільеўна, г.Пружаны. Якія дзеянні пешаходаў, калі вадзіцелі не прапускаюць іх на пешаходным пераходзе?

— Паводле п.116 Правілаў дарожнага руху, пры пад’ездзе да нерэгулюемага пешаходнага пераходу вадзіцель абавязаны знізіць хуткасць, нават спыніць машыну, каб саступіць дарогу пешаходам. У выпадку, калі Вас не прапусціў на «зебры» які-небудзь ліхач, можаце запомніць рэгістрацыйны знак і прыкметы аўтамабіля, паведаміць у аддзяленне ДАІ і чакаць прыбыцця інспектараў на месца здарэння.

Між тым, нагадаю, што пешаход, як таго патрабуе п.17.2 ПДР, абавязаны пераходзіць праезную частку толькі пасля таго, як пераканаўся ў адсутнасці побач аўтамабіля. Увогуле, лепш самому прапусціць машыну, чым пацярпець у аварыі, а потым даказваць свае правы.

Падрыхтаваў Алег Сідарэнка.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *