На базе ААТ «Эксперыментальная база «Белавусаўшчына» і ААТ «Шані-аграпрадукт» у аўторак прайшоў абласны семінар-нарада па пытаннях правядзення ўборкі кукурузы і цукровых буракоў. Яго ўдзельнікамі сталі старшыні райвыканкамаў, кіраўнікі і спецыялісты камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама, начальнікі ўпраўленняў сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкамаў, а таксама іх намеснікі па раслінаводстве і механізацыі.
Работа семінара пачалася ў гарадскім Палацы культуры. Адкрыў яго старшыня аблвыканкама К.А.Сумар. Першае пытанне, якое было абмеркавана, — ход будаўніцтва і рэканструкцыі малочнатаварных фермаў у сельгаспрадпрыемствах вобласці. Як адзначыў у сваёй прамове старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама С.Р.Радкавец, жывёлагадоўчыя аб’екты павінны быць уведзены ў дзеянне да 1 кастрычніка бягучага года. Але тут існуе яшчэ шмат праблем. Самае лепшае становішча ў Пружанскім і Брэсцкім раёнах.
Найбольш праблемны раён — Ляхавіцкі, дзе неабходна ўвесці ў дзеянне 8 аб’ектаў. Ёсць пытанні па завяршэнні будаўніцтва фермаў у Столінскім, Івацэвіцкім, Ганцавіцкім, Баранавіцкім, Пінскім, Лунінецкім раёнах.
Далей удзельнікі семінара накіраваліся ў эксперыментальную базу «Белавусаўшчына». Тут яны азнаёміліся з уборкай кукурузы на сілас (гібрыд «палескі 212 СВ»).
Былі падрабязна растлумачаны асаблівасці рэгуліроўкі кормаўборачнага камбайна «Ягуар-890», прызначанага для ўборкі кукурузы на сілас, і дадатковага абсталявання збожжаўборачнага камбайна «КЗС-1218», прызначанага для яе ўборкі на зерне.
На тэрыторыі МТК «Белавусаўшчына» прысутныя азнаёміліся з патрабаваннямі, якія прад’яўляюцца да падрыхтоўкі траншэй і тэхналогіі закладкі кукурузнага сіласу. У прыватнасці, было адзначана, што бакавыя сценкі траншэі неабходна абкладаць плёнкай. Асаблівую ўвагу патрэбна надаваць велічыні рэзкі і вільготнасці зялёнай масы, яе трамбоўцы. Абавязкова пры закладцы сіласу выкарыстоўваць кансерванты.
На доследна-дэманстрацыйным палетку, які закладзены з дапамогай рэспубліканскага аб’яднання «Белнасенне», удзельнікі семінара мелі магчымасць азнаёміцца з гібрыдамі кукурузы айчыннай і зарубежнай селекцыі. Іх тут сабрана 52 з розных краін свету, і ўсе яны маюць розныя тэрміны выспявання. Можна было пераканацца, што асобныя нашы гібрыды ні ў чым не саступаюць замежным.
Тут жа былі прадэманстраваны сарты бульбы айчыннай і замежнай селекцыі. Сярод іх і такія, што толькі сёлета па выніках выпрабаванняў занесены ў Дзяржаўны рэестр: «рывіера», «белароза», «румба», «рока», «каскада».
Як падкрэліў К.А.Сумар, увесь вырашчаны ўраджай бульбы павінен захоўвацца ў сховішчах і ні ў якім разе ў буртах. Ёсць дамоўленасць з Азербайджанам аб пастаўцы ў гэту краіну 20 тысяч тон бульбы, і неабходна ёю скарыстацца.
На палетку ААТ «Шані-аграпрадукт» удзельнікі семінара азнаёміліся з асноўнымі тэхналагічнымі асаблівасцямі і арганізацыяй уборкі цукровых буракоў у раннія тэрміны. Адгрузку цукровых буракоў на Жабінкаўскі завод неабходна пачаць ужо 1 верасня. За рэалізацыю прадукцыі ў раннія тэрміны, як і раней, прадугледжаны надбаўкі да закупачных цэнаў. Але ў перапрацоўшчыкаў ёсць таксама патрабаванні: неабходна зменшыць засмечанасць салодкай сыравіны.
Мікола Архуцік, Аляксандр Мелеш (фота).