Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, жыхару вёскі Хвалава Уладзіміру Хайко было чатырнаццаць гадоў. Яна ўварвалася нечакана і парушыла ўсе жыццёвыя планы юнака. Тры гады давялося жыць у акупацыі. На свае вочы Валодзя бачыў, як лютуюць фашысцкія захопнікі ў родных мясцінах. Асобныя вёскі былі спалены, а іх жыхары выселены ў іншую мясцовасць.
У 1944 годзе пасля вызвалення Пружаншчыны Уладзімір Хайко быў мабілізаваны ў армію. Перш чым трапіць на фронт, тры месяцы ў Шарашове навабранцы вучыліся вайсковай справе. Баявое хрышчэнне ён прыняў у снежні на тэрыторыі Югаславіі.
З сакавіка 1945 года Уладзімір Аляксандравіч змагаўся з ворагам у скла=дзе 22 асобнага танкавага палка 4 Украінскага фронту. Менавіта ў гэты перыяд пачаліся жорсткія баі ў раёне возера Балатон у Венгрыі. Нямецкае камандаванне паставіла перад сабой мэту адцягнуць частку савецкіх войскаў з Берлінскага накірунку. Уладзімір Хайко ў экіпажы танка Т-34 быў заражаючым і прымаў непасрэдны ўдзел у Балатонскай абарончай аперацыі.
Ветэран і цяпер пра тыя жорсткія баі расказвае так, нібыта гэта было толькі ўчора.
— Было гэта ўжо ў Аўстрыі на аўтастрадзе Вена — Грац. Размясціліся і акапаліся за метраў 200-300 ад аўтастрады, — успамінае Уладзімір Аляксандравіч. — Калі пачалі рухацца немцы, адкрылі агонь, што для іх было вялікай нечаканасцю. Фашысты пачалі разбягацца па полі, а мы іх закідвалі гранатамі.
9 мая 1945 года Уладзімір Хайко сустрэў у аўстрыйскім горадзе Грац. Гаворыць, што яму пашанцавала застацца жывым у такой страшнай вайне. Было толькі адна асколачнае раненне ў твар. За сваю ратную працу ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай выйны і шматлікімі медалямі.
Пасля заканчэння вайны салдат працягваў службу ў Венгрыі, Румыніі, а потым у Адэскай вобласці. Дэма-білізаваўся толькі ў сакавіку 1951 года. І ўладкаваўся на працу ў арганізацыю «Заготлён», якая ў той час існавала ў Пружанах. Да выхаду на пенсію быў старшым кантрольным майстрам на льнозаводзе.
Цяпер Уладзімір Аляксандравіч застаўся адзін — жонка памерла шэсць гадоў назад. Абодва сыны жывуць у Івацэвічах. Сімвалічна, што старэйшы Анатоль нарадзіўся ў Дзень Перамогі — 9 мая 1953 года. Радуюць дзядулю і прадзядулю чацвёра ўнукаў і двое праўнукаў. Амаль штогод ветэран на Дзень Перамогі наведвае помнік партызанам у Гута-Міхалінскім лесе, каб сустрэцца са сваім франтавым сябрам і памянуць тых, хто не вярнуўся з поля бою.
Мікола Архуцік.