Мінулы год на Пружаншчыне быў багаты на падзеі культурнага жыцця. Мы адсвяткавалі юбілеі знакамітых землякоў Юзафа Крашэўскага і Рыгора Шырмы, упершыню сустрэлі ноч у музеі, зноў сабраліся ля палаца Сапегаў падчас “Ружанскай брамы”… Здаецца, мерапрыемствы былі на любы густ. Цікава, а што ж чакае пружанцаў у бягучым годзе? З гэтым пытаннем мы звярнуліся да начальніка аддзела культуры райвыканкама К.І. Панімаша.
— Гэты год павінен быць яшчэ ярчэйшым, чым мінулы! “Ноч у музеі” правядзем на іншым узроўні, выправім усе мінулагоднія хібы: задзейнічаем гандаль, узмоцнім дрэс-код. Ужо рыхтуем праграмы мерапрыемстваў, якія сталі брэндамі нашага раёна. “Ружанская брама” запланавана на лета, фестываль джазавай музыкі “Пружанскі блюз” павінен сабраць шмат аматараў. Адновім конкурс Міс-Пружаны. У раёне пройдзе шэраг адборачных тураў для удзелу ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах: “Іграй, гармонік, звяні, прыпеўка!”, свята гумару (адбор на “Спораўскія жарты”), конкурс папулярнай песні “Табе мае спевы, Белая Русь”. Трэці год запар правядзем кірмаш “Пружанская восень”.
Рыхтуюцца мерапрыемствы да ўсіх важных дат календара. Адсвяткуем 20-гадовы юбілей народнага хору “Вербніца”. А 580-годдзе горада правядзем з размахам. Плануем задзейнічаць авіяцыю, паветраныя шары, на якіх можна будзе палятаць, і многае іншае. У палацыку пройдуць “Пружанскія чытанні”, прысвечаныя 150-годдзю нацыянальна-вызваленчага паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.
Запланавана і некалькі пробных мерапрыемстваў. Упершыню правядзем конкурс-кірмаш “Блін-фэст”, а на базе Аранчыцкага Дома фальклору адбудзецца свята, заснаванае на мясцовых абрадах і звычаях “На вячорках у бабы Яўгеніі”.
Я пералічыў асноўныя з запланаваных свят, але, як паказвае практыка, будзе яшчэ шэраг незапланаваных. Сумаваць не давядзецца!
— Канстанцін Іванавіч, некаторыя нашы чытачы звярнулі ўвагу на тое, што не ўсё з запланаванага летась ажыццявілася…
— Маецца на ўвазе, што не ўсталявалі памятны знак Крашэўскаму і не правялі фестываль памяці Рыгора Шырмы “Пеўчае поле”? Мне не вельмі спадабаўся тон заўвагі: карыстаючыся магчымасцю ананімна выказваць свае думкі ў інтэрнэце, некаторыя не шкадуюць чорнай фарбы. Са слоў каментатараў атрымалася, што мы наогул амаль нічога не зрабілі. Крыўдна.
Памятны знак ля вёскі Доўгае будзе ўстаноўлены напрыканцы гэтага года, а “Пеўчае поле” плануецца правесці ўжо 19 мая. Гэтыя дзве падзеі не адбыліся па аб‘ектыўных прычынах. Асабіста я перакананы, што знакамітых землякоў трэба памятаць заўсёды, а не толькі напярэдадні юбілейных дат.
Сёлета абавязкова будзе ўзведзена і канцэртная пляцоўка ля аб’язной дарогі, на якой будзем праводзіць рэгіянальны фестываль “Рэха пушчы”.
— Нечакана ў снежні ўпершыню прайшло свята пад назвай «Дарование-2012», на якім ушаноўваліся таленавітыя дзеці і якое прыемна здзівіла бацькоў, настаўнікаў ды і ўсю грамадскасць. Ці будзе працяг?
— Зразумела! Наш абавязак не толькі помніць слаўную мінуўшчыну, але і рабіць уклад у будучыню. Таленавітыя дзеткі – наша будучыня. Выдатна, што ў нас з’явілася магчымасць падтрымліваць іх і такім чынам.
У музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” будзем зноў ладзіць выставы дзіцячай творчасці. Перад Новым годам многія пружанцы набылі ўжо сувеніры, зробленыя дзецьмі і народнымі ўмельцамі.
Калі яшчэ гаварыць на тэму дзяцей і творчасці, то заклікаю ў лютым глядзець на АНТ канцэрты “Я пяю!”, дзе будзе змагацца за перамогу наша маленькая зямлячка Валя Іванцова, якая займаецца ў эстраднай студыі пад кіраўніцтвам Эўгеніюса Валанчуса.
— Клопат аддзела культуры – захоўванне гістарычных помнікаў, іх беражлівае выкарыстанне…
— Сёлета на баланс прымаем 5 помнікаў архітэктуры і 5 помнікаў археалогіі, гэта значыць, на іх догляд, захоўванне будуць прадугледжаны фінансавыя сродкі. Што да жамчужыны нашага краю Ружанскага палаца, сёлета на яго рэстаўрацыі неабходна асвоіць 1,6 мільярда рублёў. У праграму “Замкі Беларусі” трапіла гарадзішча ў вёсцы Лыскава. Месца будзе прыведзена ў парадак.
— У прэсе з’явілася інфармацыя, што Пружаны значацца ў спісе малых гарадоў, якія асабліва цікавяць іншаземных турыстаў. Як культура супрацоўнічае з аграэкатурызмам?
— У мінулым годзе мы правялі тры экскурсіі для іншаземных турыстаў. Зразумела, што гэтага мала, але работу мы працягнем і ўдасканалім. Планы проста вялізныя. Напрыклад, чаму б не паказаць гасцям з іншых краін, як правільна квасіць капусту? Паказаць — і пачаставаць, ды не толькі капустай, а і народным напоем! Думаю, ужо ў гэтым годзе мы будзем арганізоўваць і такія сустрэчы ў нашым раёне. Упэўнены, што такія абрады будуць цікавымі не толькі гасцям, але і мясцовым жыхарам.
Гутарыла Кацярына Пашкевіч.