Среда, 13 ноября 2024

Начальник ГАИ В.В. Осипенко ответил на вопросы читателей «Раённых будняў»

3 081

«Аўтабудні» сабралі шэраг пытанняў да начальніка раённага аддзялення ДАІ В.В.Асіпенкі.

— Мікалай Пятровіч, г.Пружаны. Ці можна арганізаваць стаянку ля харчовага магазіна па вул.Кобрынскай (раён КБМ)?

—Пытанне разгледжана на камісіі па бяспецы дарожнага руху: вырашана сумесна са старшынёй райспажыўтаварыства Д.П.Карпеем разгледзець мэтазгоднасць такой аўтастаянкі і да першага ліпеня сабраць неабходныя абгрунтаванні і разлікі.

— Жанна Мікалаеўна, г.Пружаны. Якая адказнасць за кіраванне транспартным сродкам асобай у стане ап’янення, ці былі выпадкі канфіскацыі транспартных сродкаў у п’яных вадзіцеляў?

— Паводле ч.1 арт.18.16 КААП РБ, кіраванне транспартным сродкам асобай у стане ап’янення, перадача кіравання грамадзяніну ў такім жа стане, а таксама адмова ад праходжання агляду ва ўстаноўленым парадку на прадмет вызначэння стану ап’янення караецца штрафам ад 50 да 100 базавых велічынь (да 15 мільёнаў рублёў) з пазбаўленнем права кіравання транспартным сродкам на тры гады.

Згодна з арт.317-1 Крымінальнага кодэкса, можа быць узбуджана крымінальная справа за паўторнае кіраванне ў нецвярозым стане. Пры гэтым незалежна ад формы ўласнасці падлягае канфіскацыі транспартны сродак, якім кіравала асоба, што ўчыніла злачынства.

На тэрыторыі Пружанскага раёна з моманту ўступлення ў сілу змен у крымінальнае і адміністрацыйнае заканадаўства (з 24 кастрычніка 2013 года) канфіскаваны дзевяць адзінак тэхнікі, з якіх у даход дзяржавы накіраваны сем, у тым ліку два трактары, належачых сельскагаспадарчым акцыянерным таварыствам.

— Ніна Антонаўна, г.Пружаны. На скрыжаванні вул.Кастрычніцкая і Жукава часта фіксуюцца дарожна-транспартныя здарэнні. Ці можна ўстанавіць штучныя няроўнасці і знак, які абавязвае спыніцца на скрыжаванні з боку Якавіч?

— Ваша прапанова разгледжана на камісіі па бяспецы дарожнага руху пры райвыканкаме, на якой прынята рашэнне: ДРБУ-140 да 01.07.2014 года абсталяваць скрыжаванне штучнай няроўнасцю, устанавіць знак 2.5 «STOP» (рух без прыпынку забаронены) і нанесці дарожную разметку 1.12 (стоп-лінія).

— Ігар Міхайлавіч, в.Новыя Засімавічы. Хачу памяняць пасведчанне вадзіцеля на форму новага ўзору. У якое аддзяленне ДАІ мне трэба звяртацца? Якія неабходна падаць дакументы?

— Абмен і выдача новых пасведчанняў, замена страчаных ажыццяўляюцца экзаменацыйнымі падраз-дзяленнямі незалежна ад месца рэгістрацыі грамадзян на падставе іх заяў.

Калі Вы пражываеце ў в.Н.Засімавічы, то можаце звярнуцца ў МРЭА ДАІ г.Бяроза і атрымаць пасведчанне вадзіцеля.

Для замены пасведчання вадзіцеля і талона да яго неабходна падаць:

— асабісты пашпарт,

— дзеючую медыцынскую даведку аб допуску да кіравання транспартнымі сродкамі,

— старае пасведчанне з тало-нам да яго,

— дзве квітанцыі аб аплаце (за замену пасведчання — 260 тысяч рублёў і за паслугі ДАІ — 15600 рублёў).

— Міхаіл Паўлавіч, г.п.Ружаны. Нядаўна ездзіў у г.Гродна і атрымаў штраф за тое, што перавозіў на заднім сядзенні легкавога аўтамабіля пасажыраў, не прышпіленых рамянямі бяспекі. Ці правільна гэта?

— Паводле п.9.5 Правілаў дарожнага руху, вадзіцель абавязаны быць прышпіленым і не перавозіць пасажыраў з не прышпіленымі рамянямі бяспекі пры руху ў механічным транспартным сродку, абсталяваным рамянямі бяспекі.

Можна і не выконваць гэта, калі Вы:

— вучыцеся кіраванню механічным транспартным сродкам і побач з вамі настаўнік;

— пасажыр транспартнага сродка аператыўнага прызначэння або вадзіцель аўтамабіля-таксі — пры руху ў населеным пункце;

— пасажыр або вадзіцель з медыцынскімі супрацьпаказаннямі, пералік якіх вызначаны Міністэрствам аховы здароўя (у гэтым выпадку абавязкова пры сабе павінна быць медыцынская даведка з указаннем абмежавання).

Такім чынам, калі Вы і Вашы пасажыры не адносіцеся да вышэйназваных катэгорый удзельнікаў дарожнага руху, то Вас прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці правамерна.

— Віталь, в.Дабучын. Растлумачце, калі ласка, як правільна здзяйсняць буксіроўку транспартных сродкаў?

— Гэтыя патрабаванні падрабязна пералічаны ў гл.25 Правілаў дарожнага руху. Раю Вам зноў перачытаць іх. Зазначу толькі, што асабліва шмат парушэнняў рэгіструецца пры транспарціроўцы прычэпаў.

Запісаў Алег Сідарэнка.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *