У Брэсце на сцэне абласнога Цэнтра маладзёжнай творчасці прайшоў конкурс юных мадэльераў «Вясенні капрыз». Сярод удзельнікаў была і народная студыя моды «Папараць-кветка» з Пружан, якую па праву называюць старажылам мерапрыемства — калектыў змагаецца за званне лепшага больш дзясятка гадоў.
Журы даўно заўважыла, што гістарычная тэма — канёк «Папараць-кветкі». Чарговае пакаленне выхаванцаў студыі моды не стала адступаць ад традыцый, прадставіўшы адну з апошніх сваіх калекцый — «Паланэз». Як удакладніла кіраўнік студыі В.М.Лапука, калекцыя прысвечана беларускаму старадаўняму нацыянальнаму касцюму, які стараліся як мага больш дасканала наблізіць да свайго гістарычнага арыгінала. У прыватнасці, у «Паланэзе» прадстаўлены ўбранні, якія насіла шляхта. Для прадстаўлення калекцыі было падрыхтавана і адпаведнае дэфіле пад класічны паланэз.
Задумка, старанні і вынаходлівыя рашэнні кіраўніка і выхаванцаў «Папараць-кветкі» не засталіся не заўважанымі і былі ацэнены першым месцам. Варта адзначыць, што гэта не першая перамога пружанскага калектыву ў спаборніцтве юных мадэльераў: у папярэднія гады з конкурсу былі прывезены дыпломы розных вартасцяў, у тым ліку і Гран-пры.
Тым часам выхаванцы «Папараць-кветкі» пакараюць ужо іншыя вяршыні: прымаюць удзел у рэспубліканскім конкурсе «Юныя таленты Беларусі», які праходзіць на базе НДЦ «Зубраня».
Марына Вакульская. Фота vb.by.