На пачатку бягучага года Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь «парадавала» жыхароў рашэннем падвяргаць падаткаабкладанню і грошы, атрыманыя ў якасці пазыкі. З нагоды гэтага новаўвядзення мы атрымалі шэраг пытанняў, таму звярнуліся да начальніка раённай інспекцыі па падатках і зборах Р.М.Кадэшка з просьбай патлумачыць механізм дзеяння новага правіла. — Падчас абмеркавання даводзілася сутыкацца з асноўнай памылкай грамадзян, якія лічылі, што дзяржава цяпер будзе абкладаць і тыя пазыкі, калі калега ў калегі просіць пазычыць пару соцень тысяч рублёў да зарплаты,— расказвае Раіса Мікалаеўна.
— Гэта ўвогуле няправільна, і такія здзелкі не трапляюць у поле зроку падатковай службы. Адной з асноўных задач, якія стаяць перад падатковымі органамі, з’яўляецца ажыццяўленне кантролю за захаваннем грамадзянамі падатковага заканадаўства, а таксама заканадаўства аб дэклараванні фізічнымі асобамі прыбыткаў і маёмасці.
— Атрымліваецца, што ў поле зроку трапляюць грамадзяне, якія такім чынам утойваюць свае даходы ад дзяржаўнага кантролю?
— І гэта вельмі актуальна: напрыклад, у студзені шмат каментарыяў выклікаў той факт, што жыхар Пружанскага раёна, які знаходзіцца на пенсіі і атрымлівае ад дзяржавы толькі такое сацыяльнае забеспячэнне, змог летась набыць дзве дарагія кватэры. Па выніках праверкі яго дэкларацыі было ўстаноўлена, што яго расходы значна перавысілі даходы. Гэта і стала падставай для патрабавання ўплаціць дадатковы падаходны падатак у бюджэт.
Такія выпадкі не адзінкавыя. Былі гісторыі, калі грамадзяне, якія маюць больш чым сціплыя прыбыткі, куплялі дарагія аўтамабілі або буйныя сумы валюты ў банку.
— Магчыма, гэта сакрэт Вашай службы, але хочацца спытаць: якім чынам становіцца вядома такая інфармацыя?
— Праводзіцца пэўная работа з мэтай выяўлення грамадзян, якія маюць неафіцыйныя крыніцы прыбыткаў і ўхіляюцца ад выплаты падаткаў. У першую чаргу, у поле зроку трапляюць грамадзяне, у якіх былі выдаткі на будаўніцтва або набыццё дарагой нерухомасці, а таксама дарагіх транспартных сродкаў, тыя, хто вядзе незарэгістраваную прадпрымальніцкую дзейнасць і спрабуе хаваць атрыманыя прыбыткі, выкарыстоўваючы іх на набыццё дарагой маёмасці, значнай колькасці замежнай валюты, закуп тавараў для наступнага ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці і т.п. Гэтыя звесткі знаходзяцца ў адзінай электроннай базе, якая аб’ядноўвае ўсе буйныя здзелкі ў Рэспубліцы Беларусь і нават за яе межамі, напрыклад, праходжанне пагранічнага кантролю ўладальнікам дарагога аўтамабіля. Падатковай інспекцыяй на пастаяннай аснове праводзіцца аналіз звестак аб тых, хто здзяйсняе пакупкі ў буйных памерах. Звесткі аб панесеных грамадзянамі выдатках супастаўляюцца з наяўнай у падатковай інспекцыяй інфармацыі аб прыбытках. Таму ў асобных выпадках падатковая служба і патрабуе дэкларацыю аб прыбытках і маёмасці. Па выніках праверак гэтых дэкларацый факты перавышэння ўстанаўліваюцца вельмі проста.
— А калі чалавек афіцыйна зарэгістраваны беспрацоўным?
— Мяркую, што тыя дзеянні, якія зараз праводзіць падатковая служба, будуць адлюстраваны ў новым законе аб «дармаедах», які зараз знаходзіцца ў распрацоўцы. У апошнія гады актывізаваўся незаконны ўвоз і вываз праз мяжу рэспублікі замежнай валюты, паліва, цыгарэт і іншых тавараў. Прычым такім бізнэсам займаюцца людзі, якія афіцыйна нідзе не працуюць і нават рэгіструюцца беспрацоўнымі. Зразумела, што афіцыйныя даходы ў іх адносяцца да катэгорыі самай нізкай сацыяльнай праслойкі. Хаця пры гэтым яны маюць ва ўласнасці нерухомасць, набываюць транспартныя сродкі. Правядзенне кантрольнай работы ў гэтым накірунку ажыццяўляецца ў цесным узаемадзеянні з пагранічнымі і мытнымі органамі.
— Раіса Мікалаеўна, а ці нельга напісаць у дэкларацыі, што грошы атрыманы ў якасці пазыкі, скажам, у сваяка з Аўстраліі?
— Гэта самы распаўсюджаны спосаб легалізацыі «шэрых» прыбыткаў. Тыя, хто іх практыкуе, спадзяецца, што мы не зможам прасачыць усю схему. Але гэта, паверце, не так складана, як можа падацца на першы погляд. Наадварот, за мяжой імкнуцца любую здзелку задакументаваць, бо там падатковае заканадаўства больш строгае, чым беларускае, нават за падазрэнне ў парушэнні яго можна пазбавіцца не толькі маёмасці або бізнэсу, але і трапіць за краты. Таму мы і патрабуем дакументаў, якія пацвярджаюць пазыку. Калі іх няма, то праводзім сваю праверку: у дачыненні да тых грамадзян, якія знайшлі магчымасць даць у доўг такую буйную суму грошай. Таксама хачу звярнуць увагу, што пазыкі, паказаныя ў дэкларацыі аб прыбытках і маёмасці і не вернутыя на дату падання дэкларацыі, з пачатку 2015 года падлягаюць абкладанню падаходным падаткам.
Гутарка ідзе аб пазыках, крэдытах, атрыманых ад фізічных асоб, якія не з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, ад замежных арганізацый, а таксама ад замежных ІП.
Звяртаю ўвагу на адну немалаважную акалічнасць: Падатковым кодэксам прадугледжана, што пры поўным пагашэнні пазык, вяртанні крэдытаў выплачаны падаходны падатак падлягае вяртанню грамадзяніну.
Гутарыў Алег Сідарэнка.