У мінулую сераду адбылася сесія раённага Савета дэпутатаў, на якую, акрамя дэпутатаў, былі запрошаны начальнікі аддзелаў райвыканкама, старшыні пасялковых і сельскіх Саветаў, кіраўнікі прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый раёна. Спачатку сесія прыняла рашэнне аб прызнанні паўнамоцтваў дэпутата раённага Савета па Ружанскай сельскай выбарчай акрузе №18 Марыі Васільеўны Сцепанюк. Нагадаем, што выбары дэпутата замест выбыўшага па гэтай выбарчай акрузе адбыліся 23 верасня 2012 года.
Затым было разгледжана асноўнае пытанне – аб зацвярджэнні на пасаду старшыні Пружанскага раённага выканаўчага камітэта Міхаіла Мікалаевіча Серкова. Слова атрымлівае старшыня аблвыканкама К.А.Сумар.
Канстанцін Андрэевіч, перш чым прадставіць новага кіраўніка раёна, выказаў шчырыя словы падзякі былому старшыні райвыканкама А.І.Юркевічу – цяпер дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Губернатар адзначыў яго вялікія заслугі ў дасягненні поспехаў, якіх дабіўся Пружанскі раён у сваім сацыяльна-эканамічным развіцці. “Без перабольшання можна сказаць, што за апошнія гады раён змяніўся непазнавальна, асабліва яго аграпрамысловы комплекс”, — адзначыў старшыня аблвыканкама. Аднак нельга лічыць, што тут ужо няма рэзерваў для далейшага росту. Пружаншчыне трэба сур’ёзна заняцца эканомікай, падкрэсліў К.А.Сумар і выказаў упэўненасць, што з удзелам новага старшыні райвыканкама ўдасца вырашыць многія набалелыя пытанні.
Характарызуючы М.М.Серкова, згоду на назначэнне якога на пасаду старшыні райвыканкама даў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, губернатар адзначыў, што Міхаіл Мікалаевіч на ўсіх участках даверанай яму работы зарэкамендаваў сябе як талковы спецыяліст і патрабавальны кіраўнік, які пры ўсім гэтым абапіраецца на калектыўную працу.
Дэпутаты аднагалосна прынялі рашэнне аб зацвярджэнні М.М.Серкова на пасаду старшыні Пружанскага райвыканкама. Пад апладысменты прысутных губернатар уручыў яму службовае пасведчанне.
Міхаіл Мікалаевіч шчыра падзякаваў за аказаны высокі давер і запэўніў, што на новай пасадзе будзе імкнуцца да таго, каб жыццё нашых людзей станавілася яшчэ больш заможным.
Пасля таго, як сесія раённага Савета дэпутатаў была закрыта, перад прысутнымі з аналізам спраў у сацыяльным і эканамічным развіцці раёна выступіў старшыня аблвыканкама. Ён адзначыў, што ўкладзеныя ў апошнія гады больш чым 2 трыльёны рублёў у развіццё Пружаншчыны ўжо даюць пэўную аддачу. Раён займае першы радок у рэспубліцы па валавой вытворчасці малака, а ў разліку на адзін бала-гектар яго прыходзіцца па 36,2 кілаграма. Гэта вельмі прыстойныя паказчыкі, і дасягнуты яны найперш дзякуючы шырокаму ўкараненню сучасных тэхналогій утрымання дойнага статка, нарошчванню пагалоўя буйной рагатай жывёлы. Аднак, падкрэсліў губернатар, і тут пружанцам яшчэ ёсць над чым працаваць. Напрыклад, недаравальна нізкім застаецца тэрмін выкарыстання кароў — усяго 2-3 лактацыі, хуткая замена жывёлы прыносіць адчувальныя эканамічныя страты. Што асабліва недапушчальна, калі ставіцца задача аб выхадзе на поўную самаакупнасць кожнай гаспадаркі раёна.
Звярнуў увагу старшыня аблвыканкама і на становішча спраў у раслінаводстве. Нягледзячы на тое, што раён у цэлым дабіваецца добрых паказчыкаў па вытворчасці збожжа, у шэрагу гаспадарак культура земляробства жадае быць лепшай: дрэнна працуем з арганікай, апрацоўка зямлі часам не вытрымлівае ніякай крытыкі. Што датычыцца эканомікі прамысловай галіны раёна, то К.А.Сумар выказаў задаволенасць тым, што ўсе прадпрыемствы сёлета працуюць без страт. Аднак без праблем і тут не абыходзіцца, у ліку “праблемных” ён назваў кансервавы завод, камбінат будаўнічых матэрыялаў і Ружанскую мэблевую фабрыку. Па апошняй, запэўніў губернатар, хутка будуць прыняты адпаведныя меры, якія дапамогуць фабрыцы вярнуць страчаныя пазіцыі.
Кіраўнік вобласці звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць павышэння заработнай платы, павелічэння прадукцыйнасці працы. Калі, напрыклад, у лепшых гаспадарках раёна выручка на аднаго работніка складае 150-180 млн. рублёў, то ў некаторых яна ў паўтара раза меншая. Менавіта ад гэтага залежаць і нашыя заробкі, і развіццё сацыяльнай сферы.
На здымку: старшыня аблвыканкама К.А.Сумар прадстаўляе новага старшыню Пружанскага райвыканкама.
Мікола Антонаў, Аляксандр Мелеш (фота).
Наша даведка
Міхаіл Мікалаевіч Серкоў нарадзіўся ў 1969 годзе ў г.Пінску. У 1991 годзе закончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі імя В.Куйбышава, а ў 2007 годзе – Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Служыў у радах Савецкай Арміі. Працаваў рэвізорам-інспектарам фінансавага аддзела Пінскага гарвыканкама, вядучым і галоўным кантралёрам-рэвізорам КРУ Мінфіна Рэспублікі Беларусь па г.Пінску. З 1999 па 2002 г. – начальнік упраўлення па эканоміцы і рыначных адносінах Пінскага гарвыканкама. Тры гады быў на пасадзе першага намесніка старшыні Пінскага гарвыканкама.
З 2005 па 2009г. – дырэктар Брэсцкага абласнога тэрытарыяльнага фонду дзяржаўнай маёмасці, а ў 2009г. быў назначаны першым намеснікам старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці. Працаваў на гэтай пасадзе да цяперашняга назначэння старшынёй Пружанскага раённага выканаўчага камітэта.
УВАГА! Змяніўся тэлефонны нумар у кабінеце старшыні райвыканкама: на 2-14-44.