Калі ў цябе за плячамі ўжо шэсць дзясяткаў, даль бог, на гэты свет глядзіш іншымі вачыма, нават не так, як яшчэ дзесяць гадоў назад, не кажучы пра пару юнацтва. Многія з’явы і падзеі, якія некалі хвалявалі, не давалі спакою і натхнялі на рашучыя, як тады падавалася, учынкі ці, наадварот, траплялі ў разрад абсурдных і непрыстойных, зараз здаюцца такімі дробязнымі, мізэрнымі, смешнымі ці, наадварот, велічнымі і высакароднымі. І па гэтай прычыне адчуваеш сябе крыху няёмка за сваю ранейшую паспешлівасць, маладушша, крыўдлівасць, марную ўзрушанасць…
Можа, гэта — звычайная ўзроставая мудрасць, а можа – і жыццёвая стомленасць. Як бы гэта ні называлася, але так хочацца верыць: мае цяперашнія вершы таксама памудрэлі, нягледзячы на тое, што закранаюць тэмы, на якія не пісаў хіба што самы лянівы. Буду рады, калі ў дзень майго шасцідзесяцігоддзя яны не пакінуць абыякавымі чытачоў і стануць для іх маім маленькім падарункам.
Мікола Антаноўскі
Каханне
(Вянок санетаў)
1
У гневе, любасці, расстанні
Твой прадказальны, мілая, парыў,—
Каб я з табой вачыма гаварыў,
Пакуль не зліцца двум дыханням
І плоці дзікай трапятанню
Дашчэнту не згарэць ў кастры,
Што раздзьмухаюць рэўнасці вятры
І тушаць слёзы даравання.
Хай паўтараецца ўсё зноў і зноў,
Ад забыцця да першых чыстых слоў
Не пакідай сябе на потым.
Як у пясках сухіх свяжак густы –
Рукі мой даравальны дотык,
Мая каханая, запомні ты.
2
Мая каханая, запомні ты:
У трудны час цябе сагрэюць
І вернуць веру і надзею
К табе ў куфэрку даўнія лісты.
Былое нашае – не горкі дым,
Хаця і не адны нядзелі:
Адчуй душой памаладзелай
Агонь і пал прызнанняў маладых.
Яны – як таямніца з таямніц,
Як чысціня загадкавых крыніц,
Што нам давалі ачышчэнне.
Спазнаўшы шчасця нораў залаты
І вераломства засмучэння,
Не трэба спешліва паліць масты.
3
“Не трэба спешліва паліць масты”,—
Сабе й табе я паўтараю,
Бо душы ўсё яшчэ кранаюць
І пах салодка-горкі рэзеды,
І недасяжны слыху мар матыў,
І тое дзіўнае “Кахаю!”,
Што выдыхаецца ў адчаі
Пад страхам адзіноты, пустаты…
Ад слёз да ўсмешкі крок няпросты
Зрабі насуперак “навошта?”
І промнік светлы выпусці з вачэй.
Працяг жа ёсць ва ўсіх каханняў,
Ад рук маіх не адхілі плячэй
На досвітку расчаравання.
4
На досвітку расчаравання
Няхай знікае пудкі недавер
І час, нібы шляхетны кавалер,
Адорыць зноўку трапятаннем.
Па сховах рэўнасці блуканне
Праясніць любасці тваёй намер –
Сама сябе на літасць ты правер,
Сама ж і вызнач пакаранне.
Як з выраю шчаслівым птахам,
Хоць стомлена, але без страху,
Да гнёздаў родных вечна прылятаць,
Так нам з табой наканавана
З любові дом свой ладкаваць,—
Навошта ж мітусіцца каняй?
5
Навошта ж мітусіцца каняй,
Нібы над голым поплавам вясной?
Павер, трывожны гэты неспакой
Аднойчы сам у Лету кане,
Сплыве, нібы туман світаннем,
І час сваёй лагоднаю рукой
Расцеле мараў ласкавы сувой –
І зноў ранейшымі мы станем.
Пад цёплы прыпамінаў ускалых
Кроч смела да бярозак тых,
Што выйшлі з лесу карагодам.
Не кожны шлях шукае праматы,
Не ўсе цікуюць за выгодай,
Не, сэрцы не зракліся дабраты.
6
Не, сэрцы не зракліся дабраты,
Ды гэта, зрэшты, й немагчыма,
Калі ўсплывае прад вачыма
Святло вачэй гуллівых праз гады,
А дні нябачна вяжуцца ў плыты,
Каб плытагон, сівы мужчына,
Сваю чароўную жанчыну
Рашуча звёз за сінія брады.
Хто акунецца смела з галавой,
У вір ракі кахання, верце, той,
Як смелы Валянцін, без страху
Гатовы выпіць мёртвае вады,
Пакласці галаву на плаху,
Калі патрэбны будзе зноў святы.
7
Патрэбны свету будзе зноў святы,
Які б адорваў сілай ласкі,
Каб адзіноты без падказкі
Збіваліся не ў зграі і гурты,
А, разарваўшы нерат павуты,
На свет глядзелі, як на казку,
І твары шчырыя, без маскі,
Смяшынкай адганялі знак бяды,
І сэрца сэрца разумела
І палахліва, так нясмела
Само сябе вяло, вяло ў сіло.
І прыйдзе першае спатканне,
І ў душы хлыне дзіўнае святло –
Яго народзіш ты, каханне.
8
Яго народзіш ты, каханне,
І будзеш шчодра ўсім нам раздаваць,
Як быццам раніцай расу трава,
Як быццам неба жар змяркання.
А можа, станеш тым адхланнем,
Калі ад стратаў кругам галава
І так няпроста стане ўратаваць
І мар, і лепшых спадзяванняў?
На ўзмежку сплаканай начы і дня
Сустрэнуцца далонь і даланя –
Табе, як небу, немагчыма
Цяпер салгаць і ў гневе саграшыць
Ні нават думкай, ні вачыма…
Дарма крычаць і штосьці варажыць.
9
Дарма крычаць і штосьці варажыць…
Мы Богам злеплены не з гліны,
Наш Бог – адзін, мы – трыадзіны,
Як тры канцы на купалным крыжы.
Так нам з табой наканавана жыць:
Цяжар віны не горбіць спіны
І век прасуецца ў гадзіны,
Як для Адама з Евай без ілжы.
Як часта шчасця шызы галубок
Сягаў увысь, аж да святых аблок!
І, там пакінуўшы гаркоту,
Надзею светлую вяртаў душы,
Што парасткі дабра й пяшчоты
Бяссільны час у сэрцы засушыць.
10
Бяссільны час у сэрцы засушыць,
Ператварыць усё ў гербарый:
Мілосць, прывабнасць, ласкі, чары,—
Пакуль мы разам, быццам спарышы,
Пакуль даверыць можам у цішы
Адзін другому свае мары
І свецяцца прасветла твары,
Нібыта ў вернікаў пасля імшы.
З чым параўнаць нам гэту шчырасць?
А мо яна – як неба шырасць?
Якія скарбы ні бяры ў хатуль,
Не, не заменяць бранзалеткі
І ружы, купленыя у бабуль,
Душой пасеяныя кветкі.
11
Душой пасеяныя кветкі…
Іх не пабачыш, не кранеш рукой,
Ды толькі ведай: для цябе адной
Растуць іх цэлыя палеткі.
І хай, нібы ад горкай рэдзькі,
Паморшчыцца эстэт-пашляк і той,
Хто лічыць іх хімернаю журбой,—
Табе, табе дарунак рэдкі!
Хай трызніць казкай нашая зіма,
Калі нудота просіцца сама
Зусім не госцяй – гаспадыняй,
О, як тады патрэбна скроні скронь!
О, як да месца зноў вяргіня
На схіле сноў начных і ясных дзён!
12
На схіле сноў начных і ясных дзён
Прыходзіць зноў жаданы ранак
З усмешкай мілаю каханай
І сонцам расфіраненых акон.
Зрунелае пяшчотнасці загон
Пералапачваю старанна,
Я — твой прыгонны, мая панна,
Мне даспадобы гэтакі прыгон!
Якою меркай волю мерыць?
Не страшна ўласны лёс даверыць
Таму, хто не адводзіць свой пагляд,
Калі ў трымценні шлюбнай свечкі
Пад купал, дзе сышоўся далягляд,
Паклічаш ты пяшчоту ў сведкі. .
13
Паклічаш ты пяшчоту ў сведкі,
Калі скразняк падуе ледзяны,
І нераскручаны сувой віны –
Пасаг ад зайдрасці-какеткі –
Без марных слоў, без фразаў едкіх
Глыбей схавае куфар таямны,
Каб засцярога золакам вясны
Часцей прыходзіла ў адведкі,
Каб салавей, пяюн і дырыжор,
Настройваў сэрцы толькі на мажор
І спевам для адной-адзінай
Гнаў прэч ляноту ложка і скрозь сон
Засведчыў ранішняй гадзінай,
Што я, шчаслівы, здаўся ў твой палон.
14
Што я, шчаслівы, здаўся ў твой палон,
Хай будзе толькі нам вядома.
Ні жаль, ні верад і ні стома
Да нас не прыйдуць ранкам на паклон,
І толькі неяк незвычайна клён
Прашапаціць над дахам дома
Ды варабей даўно знаёмы
Без боязі прысядзе на далонь.
Услых пра гэта не гавораць,
Каб не наклікаць часам гора.
Ды шчасце тое, як пчала нектар,
Мы аддаем без шкадавання,
Калі перад табою мілы твар
У гневе, любасці, расстанні…
15
У гневе, любасці, расстанні,
Мая каханая, запомні ты:
Не трэба спешліва паліць масты
На досвітку расчаравання.
Навошта мітусіцца каняй? –
Не, сэрцы не зракліся дабраты:
Патрэбны свету будзе зноў святы? —
Яго народзіш ты, каханне.
Нашто крычаць і нешта варажыць? –
Бяссільны час у сэрцы засушыць
Душой пасеяныя кветкі.
На схіле сноў начных і ясных дзён
Паклічаш ты пяшчоту ў сведкі,
Што я, шчаслівы, здаўся ў твой палон.