Суббота, 12 октября 2024

Міжнародны праект «Вясковы рэнесанс»: не паставіць крыж на Стойлах

1 891

Варта адзначыць, што дзякуючы сваім драўляным работам, якія сабраў у музеі «Успаміны Бацькаўшчыны», Мікалай Васільевіч вядомы не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. У Стойлы — вёсачку, дзе жыве дзед Тарасюк, нярэдка прыязджаюць замежныя госці, каб пазнаё-міцца з майстрам-самародкам і паглядзець на яго работы, у якіх адлюстравана цэлая энцыклапедыя сялянскага жыцця. Праўда, сёння Мікалай Тарасюк — адзіны жыхар Стойлаў. Але ад гэтага цікаўнасць да выміраючай вёскі не знікла. Прычынай таму стаў міжнародны праект «Вясковы рэнесанс».IMG_2141

Усё пачалося з конкурсу міні-праектаў па развіцці сельскіх рэгіёнаў, які аб’явіла прадстаўніцтва «Нямецкая асацыяцыя народных універсітэтаў». У сябе на радзіме асацыяцыя дзейнічае ў інтарэсах немаладых людзей, прапаноўваючы ім шырокі спектр культурных праграм, адна з якіх — «Жывая гісторыя майго краю». У нас беларускае прадстаўніцтва распрацавала сваю версію гэтай ініцыятывы, якая вельмі зацікавіла загадчыцу аддзела традыцыйнай культуры абласнога грамадска-культурнага цэнтра Л.М.Быцко: прапанова давала цудоўную магчымасць рэалізаваць даўнія задумкі, якія тычыліся ў тым ліку і дапамогі музею М.В.Тарасюка, якога шмат гадоў апякае Ларыса Мікалаеўна і шукае шляхі, каб захаваць яго калекцыю.

Так пачалася маштабная работа не толькі па захаванні музея «Успаміны Бацькаўшчыны», але і па стварэнні віртуальнай версіі выміраючай вёскі Стойлы. Давялося нямала папрацаваць, каб увасобіць задумку ў жыццё…IMG_2220

Праект «Вясковы рэнесанс», рэалізуемы аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пружанскага райвыканкама пры фінансавай падтрымцы беларускага прадстаўніцтва «Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў», блізіцца да завяршэння. Восьмага мая, у дзень нараджэння Мікалая Тарасюка, на ўездзе ў вёску быў устаноўлены дубовы крыж, аўтарства якога належыць разьбярам Уладзі-міру Чыквіну, народнаму майстру РБ, і Вячаславу Дароцьку. Усё, што адлюстравана на крыжы, асэнсавана: на ім выразаны прозвішчы сем’яў, якія некалі жылі ў Стойлах, а таксама постаць іх апошняга жыхара. Мікалая Тарасюка, калі ён убачыў сакральны крыж, перапаўнялі знаёмыя не кожнаму пачуцці…IMG_2078

Дарэчы, апошняя работа майстра — таксама крыж: паклонны, у характэрнай для яго манеры, — непадалёку ад уласнай сядзібы.   IMG_2114

А зусім хутка — 24 мая   — у вёсцы адбудзецца свята «Я родам са Стойлаў». На ім будзе прадстаўлены, напэўна, адзін з галоўнейшых здабыткаў праекта — гісторыка-этнаграфічная карта Стойлаў, на якой зафіксаваны такі план размяшчэння двароў населенага пункта, які існаваў у сярэдзіне мінулага стагоддзя. На адваротным баку карты зоймуць месца фотаздымкі вяскоўцаў. Нанесеная на трывалы матэрыял, карта будзе ўстаноўлена побач з паклонным крыжам і стане сапраўднай візітоўкай вёскі. Арганізатары свята заручыліся згодай шэрагу аўтэнтычных калектываў на ўдзел у канцэрце пад адкрытым небам. Сярод запрошаных на свята і ўраджэнцы Стойлаў, а таксама іх нашчадкі.

Але лепш адзін раз убачыць, чым некалькі разоў прачытаць. Таму прыязджайце 24 мая ў Стойлы. Пачатак мерапрыемстваў з 11.00 гадзін.

Марына Вакульская, фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *