Среда, 13 ноября 2024

Музею-сядзібе «Пружанскі палацык» 20 гадоў!

3 443

24 ліпеня візітнай картцы нашага горада — музею-сядзібе «Пружанскі палацык» — спаўняецца 20 гадоў. У 1993 годзе на аснове збораў грамадскага аб’яднання “Спадчына” быў адкрыты краязнаўчы музей. Тады музей займаў некалькі пакояў на другім паверсе былой бібліятэкі (буданак знесены напярадэдні “Дажынак”).  У свой час для адкрыцця музея шмат зрабіў былы начальнік адзела культуры Юрый Міхайлавіч Котаў, удыхалі жыццё ў сваё дзецішча Іосіф Станіслававіч Машкала, Міхаіл Аркадзьевіч Шульман, Юрый Васільевіч Каўшыла… Цяпер за год музей наведваюць каля 8 тысяч чалавек, але, як ні дзіўна, не ўсе пружанцы ведаюць пра яго існаванне!

— Юрый Сяргеевіч, што такое 20 гадоў для музея?

— Для нашага музея гэта час станаўлення. У 1998 годзе музей быў перанесены ў палацык. Адметна, што нават падчас рамонту будынка мы праводзілі экскурсіі для 100-150 чалавек, якія прыязджалі з розных краін. У першыя гады работы менавіта музея-сядзібы колькасць наведвальнікаў перавысіла 3 тысячы.  Зараз у год музей наведваюць каля 8 тысяч чалавек. Пачынаўся музей з 400 экспанатаў, сёння іх больш чым 6 тысяч. А некаторыя з іх прэтэндуюць на агульнарэспубліканскае значэнне.

Адразу адзначу, што музей не існуе сам па сабе, ён бы не быў магчымым без удзелу ў яго жыцці неабыякавых людзей.  Амаль усе экспанаты перададзены нам бясплатна! Вялікае  дзякуй за гэта жыхарам і ўраджэнцам Пружаншчыны.

Скарыстаюся магчымасцю і яшчэ раз звярнуся да пружанцаў. Многія зараз купляюць старыя дамы ў вёсках пад лецішча. Падчас разбору гарышчаў, пакояў вы знаходзіце старыя рэчы. Некаторыя іх проста паляць, некаторыя прадаюць. Перш чым зрабіць гэта, калі ласка, пракансультуйцеся з супрацоў-нікамі музея. Мы маем магчымасць набываць рэдкія рэчы за іх рэальны кошт, а не за капейкія, якія могуць прапанаваць вам махляры. На жаль, на тэрыторыі раёна ўжо не раз несумленныя людзі пад выглядам нашых супрацоўнікаў скуплялі цікавыя рэчы за бясцэнак.

— 6 тысяч экспанатаў – лічба ўражвае, няўжо ўсё гэта даступна наведвальнікам?

— Большая частка экспанатаў захоўваецца ў фондах музея. Падкрэсліваю, мы захоўваем, а не хаваем. Наш абавязак захаваць экспанаты навечна, для гэтага ў сховішчах падтрымліваецца пэўная тэмпература, вільготнасць і іншае.  Мы маем магчымасць паказаць наведвальнікам толькі каля 8% экспанатаў адначасова, зразумела, што гэта не адныя і тыя ж рэчы. Мы вельмі хочам змяніць экспазіцыю, нашай ужо каля 10 гадоў, але для гэтага патрэбны значныя сродкі.

Важна, што з нашымі экспанатамі па запыце могуць  працаваць навукоўцы. Навуковыя супрацоўнікі музея таксама вядуць навуковую працу, але іх толькі тры чалавекі. Тым не менш, у год яны друкуюць каля 20 работ.

У фондах знаходзяцца 33 музейныя калекцыі. Самая каштоўная – калекцыя, прысвечаная Крашэўскім. Дапамаглі ў зборы яе польскія калегі, а выйшлі мы на іх праз інтэрнэт. Сучасныя тэхналогіі пашырылі прастору нашых пошукаў, таму ў апошнія гады мы робім усё больш адкрыццяў. Напрыклад, нядаўна даведаліся, што Марк Шагал мае дачыненне да Пружан. Дзякуючы ўраджэнцу нашага горада Рыгору Гольдбергу, знакаміты мастак змог выехаць за межы Віцебска ў якасці слугі юрыста.

— Якія таямніцы яшчэ тояць музейныя сховішчы?

— Асабліва мы ганарымся выдатнай калекцыяй друкаваных выданняў, унікальнымі  дакументамі сярэдзіны 19 – пачатку 20 стагоддзяў, якія носяць генеалагічны характар і маюць непасрэднае дачыненне да Пружаншчыны. Архіў паэта і пісьменніка Міколы Купрэева, у якім мноства чарнавікоў творцы, таксама заслугоўвае асаблівай увагі. Невялікая, але вельмі насычаная калекцыя прысвечана Міхасю Забейдзе-Суміцкаму. Таксама ў фондах музея захоўваецца самая буйная ў свеце калекцыя твораў народнага майстра Беларусі Міколы Тарасюка, вядома, пасля яго асабістага музея. Неблагая калекцыя жывапісу і графікі, якую сапраўды можна паказваць у асобнай мастацкай галярэі. Дарэчы, яе стварэнне падтрымалі пружанскія мастакі, якія жадаюць перадаць сюды свае работы.Гэтыя калекцыі мы выкарыстоўваем часцей іншых. Чакаюць свайго часу  найцікавейшая калекцыя банкнот розных краін свету, калекцыя філуменіі, у якой знаходзяцца этыкеткі ад запалак розных часоў.

Пружанскі палацык прываблівае не толькі багатымі фондамі і цікавымі выставамі. У будынка свая гісторыя. Мы можам яе расказваць наведвальнікам, на жаль, пакуль не атрымліваецца паказваць. Шмат нечаканых фактаў мы знайшлі ў польскіх і рускіх архівах… Магчыма, калі ў рэшце рэшт будзем мяняць экспазіцыю, частку пакояў прысвецім жыццю Швыкоўскіх і апошняй гаспадыні Веры Кляйнміхель.

—  Атрымліваецца, што нават у палацыку не хапае плошчаў, каб паказаць усё цікавае, што знайшлі супрацоўнікі музея за час яго існавання?

— Так, нам не хапае пакояў. Мы марым, каб на тэрыторыі парку з’явіўся філіял музея Міколы Тарасюка, майстэрня ганчара, гаспадарчы двор з экспазіцыямі этнаграфіі, горад майстроў.

Але гэта — не адзіная праблема. Нам не хапае сучаснага музейнага абсталявання, здараюцца цяжкасці з перавозкай выстаў, бо на гэта патрабуецца спецыяльны транспарт. Але найбольш турбуе нас  тое, што будынку неабходны капітальны рамонт, супрацоўнікі музея надта не любяць дажджы: працякае дах.

—  Юрый Сяргеевіч, калектыў музея невялікі, як вы паспяваеце рыхтаваць выставы, апісваць экспанаты, весці навуковую работу, удзельнічаць  у разнастайных канферэнцыях і многае іншае?

— Працаваць у музеі вельмі захапляльна! Вось і штат у нас невялікі, але ўлюблёны ў сваю работу. Галоўны захавальнік Наталля Сяргееўна Пракаповіч – мая правая рука, яна займаецца навуковай працай, піша артыкулы, папулярызуе нашу ўстанову. Старшы навуковы супрацоўнік Хрыс-ціна Генадзьеўна Глушко і навуковы супрацоўнік Марына Віктараўна Каўтунюк таксама жывуць музеем, а не проста выконваюць свае абавязкі.  Някепска было б увесці ў штат яшчэ аднаго-двух супрацоў-нікаў, якія б узялі на сябе новыя накірункі музейнай работы. У нас ёсць загадчык гаспадаркі, наглядчыкі, вартаўнік. Магчыма, некаму смешна, але работу па папулярызацыі ўстановы вядуць нават начныя вартаўнікі. Менавіта ім даводзіцца расказваць адпачываючай у парку моладзі, што яны селі на прыступкі не проста старога будынка, а парушаюць спакой культурнай установы.

— Адносна спакою: няўжо ў Пружанскім палацыку няма прывідаў?

— Хто вам сказаў, што няма?  У палацыка свая энергетыка, ён і па сёння захаваў энергію сваіх былых гаспадароў, падзей, сведкам якіх быў. А наогул музей – гэта машына часу, якая звязвае мінулае і будучыню. Праходзячы з аднаго пакоя палацыка ў другі, мы маем магчымасць падарожнічаць у часе.

Гутарыла Кацярына Пашкевіч.

На здымку: дырэктар музея-сядзібы «Пружанскі палацык» Юрый Зялевіч, галоўны захавальнік фондаў Наталля Пракаповіч, навуковы супрацоўнік Марына Каўтунюк і старшы навуковы супрацоўнік Хрысціна Глушко.

Фота Аляксандра МЕЛЕША.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *